Устойлівае харчаваньне: сем практычных парадаў на кожны дзень

У разьвітых краінах цяпер выразна назіраецца новы трэнд — устойлівае харчаваньне. Дзякуючы ўстойліваму падыходу да асабістага харчаваньня, вы можаце значна зьнізіць сваё ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе.

Самыя эфэктыўныя стратэгіі — гэта спажываць менш мяса і марнаваць менш ежы. Але вы можаце зрабіць яшчэ больш.

Навошта харчавацца ўстойліва?

Харчаваньне аказвае вялікі ўплыў на навакольнае асяродзьдзе. Вытворчасьць і транспарціроўка прадуктаў харчаваньня і напояў патрабуе вялікіх затрат рэсурсаў і энэргіі. Паводле падлікаў, харчовая прамысловасьць адказная за 20 — 35% забруджваньня навакольнага асяродзьдзя і выкідаў CO2. Гэта больш, чым доля транспартнай прамысловасьці. Пры ўстойлівым падыходзе да харчаваньня можна паменшыць ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе да 50%.

Да таго ж, той хто харчуецца устойліва, аўтаматычна харчуецца больш здорава. Цырымонія

1. Марнуйце як мага менш прадуктаў

Ці ведалі вы, што адна траціна прадуктаў харчаваньня, вырабленых ў сьвеце, выкідаецца? Гэта — каля 1,3 мільярда тон ежы ў год. Дарэчы, для вытворчасьці ежы, якая выкідаецца, нам кожны год неабходна каля 14 мільёнаў квадратных кілямэтраў сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта толькі крыху менш, чым агульная плошча такой вялікай краіны як Расея.

Давярайце свайму ўласнаму смаку і паху ў ацэнцы тэрміну прыдатнасьці. Спажыўцы часам думаюць, што прадукты па-за датай нельга бясьпечна ўжываць у ежу, але гэта тычыцца толькі прадуктаў, якія хутка псуюцца, накшталт мяса і рыбы.

Правільна захоўвайце прадукты. Так, некаторыя гатункі гародніны лепш захоўваць у халадзільніку, а іншыя — па-за халадзільнікам. Напрыклад, ліставую гародніну (салата, зеляніна) і крыжакветныя (каляровая капуста, брокалі, брусэльская капуста, дайкон, радыска, рэпа) лепш за ўсё захоўваць у халадзільніку.

А вось бананы і іншая экзатычная садавіна пакутуюць ад холаду. Калі яны захоўваюцца пры тэмпэратуры ніжэй за 7°C, то пачынаецца разбурэньне клетак, яны губляюць вільгаць і пачынаецца працэс гніеньня. Больш падрабязна пра умовы захоўваньня прадуктаў чытайце у гэтым артыкуле.

2. Ежце менш чырвонага і апрацаванага мяса, асабліва ялавічыны

З усіх прадуктаў харчаваньня мяса мае самае высокае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Асабліва вытворчасьць чырвонага мяса вельмі шкодная для навакольнага асяроддзя.

  • 15415 літраў вады неабходна для вытворчасьці аднаго кг ялавічыны.
  • 9000 літраў вады неабходна для вытворчасьці аднаго кг сьвініны.
  • 4325 літраў вады неабходна для вытворчасьці аднаго кг курынага мяса

Ялавічына выкарыстоўвае каля 60% сусьветных сельскагаспадарчых угодзьдзяў, але пры гэтым пастаўляе менш за 5 адсоткаў сусьветнага бялку і менш за 2 адсоткі сусьветных калёрый (г. зн. калёрый, якія мы ўсе разам спажываем).

Замяняйце мяса пераважна бабовымі (тофу, фасоля, сачавіца і гарох).

3. Спажывайце малочныя прадукты ўмерана

У апошнія часы у малочнай прамысловасьці актыўна распрацоўваюцца мадэлі устойлівай вытворчасьці малочных прадуктаў. Але ўвогуле вытворчасьць «малочкі», асабліва сыру, мае вялікі нэгатыўны эфэкт на навакольнае асяродзьдзе.

Гатункі расьліннага «малака» вар’іруюцца па свайму эфэкту на навакольнае асяродзьдзе. Самым экалягічным лічыцца аўсянае малако.

4. Піце як мага меней салодкіх напояў і алькаголю

Безалькагольныя напоі, фруктовыя сокі і алькаголь маюць высокае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе, і да таго ж яны шкодныя для вашага здароўя. Таму з напояў аддавайце перавагу пітной вадзе, гарбаце і каве бяз цукру.

З усіх напояў вадаправодная вада зьяўляецца найменш шкоднай для навакольнага асяродзьдзя. Выбірайце гарбату і каву з этыкеткамі Fairtrade, UTZ і Rainforest Alliance.

5. Аддавайце перавагу расьлінным прадуктам

Аддавайце перавагу прадуктам расьліннага паходжаньня: крупам, гародніне, садавіне, бабовым культурам, арэхам, семкам, алею. Большасьць расьлінных прадуктаў маюць нізкае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе.

6. Ежце сэзоннае

Садавіна і гародніна увогуле маюць нізкае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Набывайце па магчымасьці садавіну і гародніну ў сэзон і мясцовага паходжаньня — гэта яшчэ лепей.

Выбірайце гародніну, якая мае нізкі ўзровень ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе на працягу ўсяго году: брокалі, чырвоная капуста, парэй, цыбуля, буракі, морква, цыкорый, салера.

Экзатычныя гатункі, якія трапляюць у Эўропу на самалёце, натуральна, маюць больш нэгатыўны ўплыў на клімат. Гэта тычыцца і гародніны з ацяпляльных парнікоў.

7. Хадзеце ў краму са сваім пакетам

Плястык і іншыя ўпаковачныя матэрыялы — гэта дадатковы стрэс для навакольнага асяродзьдзя. Завядзіце адмысловую сумку для пакупак і хадзіце зь ёй у краму. У краме не кладзіце кожны прадукт у асобны плястыкавы пакет.