Праз два месяцы Лізе споўніцца 18 гадоў. У гэты дзень яна перастане атрымліваць ад дзяржавы амінакіслотную сумесь — рэчыва, якое замяняе ёй мяса, рыбу, малако, хлеб, салодкія ласункі і іншыя звыклыя нам прадукты.
У Лізы — фэнілкетанурыя. Гэта генэтычная хвароба, пры якой арганізм труціцца бялком. Каб яго кампэнсаваць, трэба ўжываць спэцыяльную ежу, коштам больш за 1000 даляраў штомесяц. У Беларусі бясплатна яе даюць дзецям да 18 гадоў і цяжарным жанчынам. Астатнім — проста рэкамэндуюць нізкабялковую дыету. Хоць у краінах Эўразьвязу, Украіне і некаторых рэгіёнах Расеі хворыя на фэнілкетанурыю забясьпечваюцца неабходнымі сумесямі пажыцьцёва.