КДБ затрымала за хабар дырэктара кампаніі, якая праектуе для Беларускай АЭС

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Кіраўнік прадпрыемства «Белэнэргасеткапраект», якое распрацоўвала праектную дакумэнтацыю для супрацьаварыйнай аўтаматыкі Беларускай АЭС, абвінавачаны ў атрыманьні «адкатаў» (хабару ў выглядзе часткі сумы кантракту).

Супрацоўнікамі КДБ пры атрыманьні хабару ў 20 тысяч даляраў 18 верасьня быў затрыманы гендырэктар прадпрыемства «Белэнэргасеткапраект» Андрэй Караткевіч. Пра гэта 21 верасьня паведаміў сайт КДБ Беларусі. Пасярэднікам у атрыманьні хабару быў дырэктар «Аб’яднанага дыспэтчарскага ўпраўленьня» Ўладзімер Васільчанка, ён таксама затрыманы.

«Падазроныя зьмешчаныя ў СІЗА КДБ і далі прызнальныя паказаньні», — паведаміў КДБ.

Караткевіч і Васільчанка, як паведамляюць у КДБ, арганізавалі злачынную схему па атрыманьні хабару ад камэрцыйных структур. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што за «адкаты» камэрсантам гарантавалася перамога ў тэндэрах на пастаўку абсталяваньня.

«Белэнэргасеткапраект» займаецца праектаваньнем ліній энэргаперадач і электраабсталяваньня. На прадпрыемстве распрацоўвалі праектную дакумэнтацыю па комплексе супрацьаварыйнай аўтаматыкі Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

Вядома таксама, што ў кабінэце Андрэя Караткевіча 18 верасьня праводзіўся ператрус.