Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заявіў, што ўкраінскі бок накіраваў у Расею ноту аб спыненьні свайго ўдзелу ў вялікай дамове аб дружбе і праз пэўны час перагледзіць усю іншую супольную з расейскім бокам дамоўна-прававую базу, у тым ліку і дакумэнты, падпісаныя ў фармаце СНД.
«Сёньня мы перадалі адпаведную ноту Расеі. Я ня бачу ў гэтым нейкай спэцыфічнай палітыкі, паколькі ўсе цудоўна разумеюць, што дагавор ня мусіць быць працягнуты. У гэтым ёсьць палітычны кансэнсус», — паведаміў Паўло Клімкін сёньня на брыфінгу ў Кіеве.
У той жа час украінскі міністар адмовіўся ўдакладніць пагадненьні, якія неўзабаве таксама плянуецца скасаваць:
«Я сьвядома ня буду расказваць пра ўзгодненую намі стратэгію перагляду. Я кажу, што двухбаковая дамоўна-прававая база мусіць быць перагледжаная. І ў гэтай стратэгіі мы будзем кіравацца інтарэсамі Ўкраіны. Гэтаксама, як сёньня адбываецца фундамэнтальны аналіз дакумэнтаў, падпісаных у рамках СНД».
Дамова аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве між Украінай і Расеяй, падпісаная 31 траўня 1997 году, набыла моц 1 красавіка 1999 году і фармальна страціць яе толькі ў красавіку наступнага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка ўвёў у дзеяньне рашэньне спыніць дамову аб дружбе паміж Украінай і Расеяй