Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг памёр ва ўзросьце 61 год пасьля цяжкай хваробы, паведамляе віетнамскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.
Прэзыдэнт Чан Дай Куанг памёр 21 верасьня, каля 10-й раніцы паводле мясцовага часу ў вайсковым шпіталі ў Ханоі, паведамляе агенцтва. Напярэдадні яго даставілі туды ў крытычным стане з прычыны праблемаў з сэрцам, паведамляюць СМІ.
Куанг стаў дзясятым прэзыдэнтам Віетнаму ў 2016 годзе, паводле рашэньня Камуністычнай партыі. Ягоная пасада была пераважна цырыманіяльнай — асноўныя рычагі ўлады знаходзяцца ў руках прэм’ер-міністра і кіраўніка Камуністычнай партыі Віетнаму.
Да таго, як стаць прэзыдэнтам, Чан Дай Куанг узначальваў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі Віетнаму.
У 2017 годзе Чан Дай Куанг наведваў Беларусь зь дзяржаўным візытам. Тады прайшлі яго перамовы на найвышэйшым узроўні ў вузкім і пашыраным складзе (да гэтага Чан Дай Куанг наведваў Беларусь на пасадзе міністра грамадзкай бясьпекі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь знайшла новы рынак для малака і цукерак — ВіетнамПа выніках перамоваў у чэрвені 2017 году Беларусь і Віетнам дамовіліся ў 2019 годзе выйсьці на ўзаемны таваразварот у паўмільярда даляраў, але незалежныя экспэрты паставілі пад сумнеў гэтыя пляны. 28 жніўня 2017 году на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі і амбасадара Віетнама ў Беларусі Ле Аня агучылі лічбы, далёкія ад паўмільярда. У 2017 годзе таваразварот склаў 135 мільёнаў.
Тым ня менш, паводле беларускіх уладаў, сёньня Віетнам — партнэр № 1 Беларусі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Ад звыклага гандлю Беларусь і Віетнам пераходзяць да адкрыцьця сумесных прадпрыемстваў, куды Беларусь перадае сучасныя эўрапейскія тэхналёгіі. Такімі прыкладамі зьяўляюцца прадпрыемства для вытворчасьці малочных прадуктаў зь беларускага сухога малака і СП па зборцы грузавых аўтамабіляў MAZ-Asia Co. Ltd.
Асноўнымі тварамі для экспарту ў Віетнам зь Белаурсі зьяўляюцца калійныя ўгнаеньні, машынакамплекты грузавой тэхнікі, трактары, кар’ерныя самазвалы, запасныя часткі да аўтамабіляў і трактароў, шыны, падшыпнікі, прадукцыя харчовай прамысловасьці.
Зь Віетнаму імпартуюцца сродкі сувязі, офіснае абсталяваньне, морапрадукты, рыс, арэхі, абутак, адзеньне, натуральны каўчук, трапічная садавіна, спэцыі, кава, гарбата.