На памежным пераходзе Берасьце — Тарэспаль жыве лісіца. Яна выходзіць да аўтобусаў і, калі яны спыняюцца для памежнага кантролю, просіць у людзей ежы.
Лісіца чакае, пакуль ёй прапануюць ежу, і бярэ пачастункі літаральна з рук.
«Яна там часта зьяўляецца, асабліва апошнія пару тыдняў», — расказвае Анастасія, стуардэса «Экалайнс», якая па працы часта бывае на тым памежным пераходзе. «Усе дастаюць ссабойкі і частуюць яе. І яна есьць з рук, дакладней, забірае з рук і асьцярожна зносіць. І пасля яды можа легчы і паляжаць побач».
Ірына Траяноўская, кіраўніца Цэнтру выратаваньня і рэабілітацыі дзікай жывёлы «Сірын», лічыць, што карміць дзікіх зьвяроў ня трэба зусім. І гэтую лісіцу найлепей злавіць, наноў адаптаваць да дзікай прыроды і выпусьціць у запаведніку.
«Я вельмі дзіўлюся іхнай хітрасьці. Нячаста ўбачыш жывёлінаў, якія так умеюць адаптавацца і выжываць. Але карміць лісіцу ці кожную іншую дзікую жывёліну, пагатоў хот-догамі, — гэта марудна забіваць іх», — камэнтуе Ірына Траяноўская.
Яна тлумачыць, што навыкі паляваньня і інстынкты ў лісаў вельмі моцныя, але калі ў іх няма патрэбы і можна лёгка павячэраць з рук людзей, то лісы рызыкуюць страціць інстынкты і рана ці позна памерці ад голаду.
Другая праблема ў тым, што рана ці позна ліс пачне перашкаджаць людзям:
«Камусьці гэта забава, а нехта пабачыць пагрозу для людзей навокал. Нават бяздомных сабакаў адстрэльваюць... Ці, напрыклад, сытуацыя, калі нехта у кантакце зь лісіцай напалохае яе і яна ўкусіць таго, хто частуе яе бутэрбродам. Яе лёс тады ясны».
Трэцяй праблемай падкорму дзікіх жывёлінаў Ірына лічыць тое, што жывёла можа пераносіць розныя хваробы. Напрыклад, пры шаленстве жывёліна не заўсёды адэкватная, яна можа быць нават вельмі прыязная і сама прыходзіць да людзей.
«Я не пра гэтую канкрэтную лісіцу, з гэтай сытуацыя іншая, — кажа Ірына. — Але варта памятаць пра асьцярожнасьць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як робяць беларускіх дыназаўраў