Чытач Ляхновіч: Паэзію чытаю мала — яна для ўзбуджэньня пачуцьцяў, якіх у мяне і так даволі

Павал Ляхновіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Павал Ляхновіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Курт Вонэгут, «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей». А таксама «Людзей слухай, а свой розум май» (Беларускія народныя казкі, выдавецтва «Юнацтва» 1988 г.) Апошнюю выбраў таму, што стала цікава — а якім сябе бачыць беларус (ну, па прыкладзе расейцаў — там тры сыны, трэці зазвычай дурань, які ўрэшце аказваецца самым пасьпяховым. Або гультай, гэткі ж пасьпяховы…). Дык вось просты беларус у народных казках не заўсёды абцяжараны маральлю. І становіцца шкада якога-небудзь беларуса-пана (пра яго сказана, што кепскі…), якога беларус-селянін падступна і подла ашуквае. Здаецца, быць кепскім для такога цалкам апраўдана. «Зьдзяцінеў» я таму, што часам спрабую пісаць тое-сёе для дзяцей. Павучальнае. А тыя народныя казкі на маё разуменьне могуць навучыць дзяцей падманваць, хітраваць, маніпуляваць — усяму таму, што мне ў людзях не падабаецца.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Я, відаць, першы чытач пятага раману пэнталёгіі Людмілы Рублеўскай пра Пранціша Вырвіча. Кніжка называецца «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара». Справа ў тым, што пэнталёгіяй зацікавіліся расейцы, і ўжо выйшла ў сьвет першая кніга, вельмі багата, нават шыкоўна выдадзеная. Пару гадоў таму да мяне зьвярнулася шаноўная аўтарка з прапановай перакласьці «Авантуры…» на расейскую. Тэксты яе аказаліся страшэнна захапляльнымі, густа замешанымі на рэальных гістарычных падзеях, з рэальнымі гістарычнымі асобамі. Карацей, апошнім часам я пераклаў гэтую пятую… Заадно і атрымаў калясальнае задавальненьне ад прачытаньня. Расейцам будзе вельмі карысна чытаць «Авантуры…» — можа кагосьці падлечыць ад гістэрыі апошніх гадоў пад назвай «тріедіный русскій народ…». А «рускамоўным беларусам» — умацавацца ў разуменьні сваёй непаўторнасьці і ўнікальнасьці. І, можа, перачытаць творы на мове арыгіналу…

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Рэцэнзій амаль не чытаю… Парадаў ня вельмі слухаю… Хутчэй за ўсё бяруся чытаць тое, назву чаго чую неаднаразова. Або асабіста ведаю аўтара. Або асабіста ня ведаю, але аўтар сваёй асобай, пазыцыяй неяк зацікавіў. Такім вось чынам (назва!) некалькі гадоў таму прачытаў усе прыгоды Гары Потэра. Не скажу, што быў вельмі захоплены (фільмы спрабаваў глядзець, але ня здолеў…). Папросту хацеў зразумець — чым гэтыя кнігі ўразілі мільёны людзей, чытачоў пра юнага чараўніка.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

…Што кніга, якой нас палохалі «за Саветамі» — «Мая барацьба» Адольфа Алёйзавіча — зусім не такая ўжо і страшная (праўда, да канца яшчэ не прачытаў, можа там далей што…). Так, біяграфія аўтара, сябе любімага. Мне ў час вайсковай службы, якой аддаў 19 гадоў, даводзілася штогод канспэктаваць «творы» Ўладзіміра Ільіча, то там наўпроставыя загады «расстраляць, і як мага больш…». Таму падумалася, што і рэчаіснасьць была прапарцыйная страшлівасьці адпаведных кніжак… Хоць, магчыма, памыляюся…

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Сорамна прызнавацца, што ў школьныя часы праскочыў «Вайну і мір» Л. Талстога, карыстаючыся толькі крытычнымі матэрыяламі з падручніка. Тэкст так і не прачытаў. Кіно, дзе «Натальля Растова танцуе са Штырліцам», таксама практычна ня бачыў, так, адным вокам, на паўвуха… А нядаўна ўсё ж вырашыў выправіць памылкі юнацтва. І не скажу, каб быў у вялікім захапленьні. Адну думку вынес з таго прачытаньня — у час вайны роля вайсковых начальнікаў вельмі ілюзорная. Усё адбываецца дзякуючы «руху народаў», якія рухаюцца, відаць, пад уплывам нейкай вышэйшай сілы. Ну, і прыгадаўся ленінскі пастулят пра войны справядлівыя і несправядлівыя… Нешта ў гэтым ёсьць. Магчыма, народы, што вядуць справядлівую вайну, рухаюцца ў больш правільным накірунку… Неяк так…

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Крытыку не чытаю. Мабыць, таму, што не валодаю нават прафэсійнай мовай, бо адукацыю маю тэхнічна-навігацыйна-прыродазнаўчую (сам прыдумаў, як яе вызначыць. Калі карацей — то па адукацыі я штурман ваенна-марскога флёту). І не сустракаў сярод свайго атачэньня, каму б крытыка была цікавай…

Паэзію чытаю мала, лічу — яна для ўзбуджэньня ў чытача пачуцьцяў,

якіх у мяне і так даволі. Між іншым, таму, на маю думку, найбольш пасьпяховыя паэты — тыя, хто вярнуўся да вытокаў. Маю на ўвазе тое, што даўней паэты стваралі для непісьменнай у большасьці публікі (іх называлі «акынамі», «мэнэстрэлямі», «бардамі»… і г.д.). Высоцкі, Акуджава, Сокалаў-Воюш… Хоць ёсьць і выключэньні… «Родныя дзеці» сьветлай памяці Ніла Гілевіча чытаюцца і без гітары. Раман гэты на мой сьціплы погляд — нашмат «круцей» «Яўгена Анегіна». Хоць, кажуць, так параўноўваць нельга. Але я так адчуваю…

Журналісцкія творы апошнімі гадамі таксама не ў вялікай павазе ў мяне… Людзі зараз збольшага адукаваныя, напісаць уцямна пра нейкія падзеі нескладана (цяжэй захаваць пры тым пэўную пазыцыю, не апусьціцца да абслугоўваньня таго ці іншага боса…). Таму не… Навіны вышукваю ў сеціве — пажадана без камэнтароў, толькі факты. Высновы раблю сам, гэта дапамагае неяк трымаць унутраную раўнавагу…

Тое ж і пра драматургаў магу сказаць. Яны ж не для чытаньня, а для тэатру, так? А я не тэатрал…

Вось і засталося — празаікі.

Зь іх найбольш падабаецца мне — можа таму, што сам працаваў (перакладаў на расейскую) над пяцьцю яе раманамі, але і ня толькі таму, сюжэты, мова, героі наскія, пазыцыя аўтаркі (хоць і не заўжды) — Людміла Рублеўская. А калі нядаўна прачытаў у «Дзеяслове» яе «Пантофлю Мнэмазіны», яшчэ больш умацаваўся ў прыязьні да яе таленту, і, здаецца, да яе асобы.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

У Піцеры жыве вядомы расейскі пісьменьнік Аляксандр Пакроўскі, між іншым, выпускнік хімічнага факультэта маёй «альма матэр» — Касьпійскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча, толькі ён на два гады старэйшы. І служылі мы зь ім на адной і той жа флятыліі падводных лодак. Ён піша на нейкай сваёй расейскай мове, вельмі незвычайнай, яркай і трапнай. Можа гэта вынік дзяцінства і юнацтва ў Баку? Ня ведаю… Але яго кнігі «Расстраляць!» і «Расстраляць-2» неадменна выклікаюць у мяне проста гістэрычныя прыступы сьмеху. Ды ня толькі ў мяне. І гэта пры тым, што ў Аляксандра няма там нічога такога ўжо прыдуманага — усе яго сюжэты цалкам маглі б адбывацца ў рэчаіснасьці, гэта я сьведчу, як чалавек, што пабываў у тых жа ўмовах, што і ён.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

З гадамі раблюся нейкім надта ж ужо чульлівым, нават няёмка прызнавацца, але сапраўды часьцяком прыходзіцца карыстацца насоўкай падчас чытаньня…

Нават перакладаючы апавяданьні-мініятуры вядомага польскага пісьменьніка Зьбігнева Уладзімежа Фрончка зь Любліну, не-не дый перахопіць горла.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Навязьлі ўвушшу спасылкі (у розных людзей, пры розных абставінах) на Зыгмунда Фройда. Ну, і паспрабаваў чытаць… Я там нічога не разумею! Таму ад спакусы таксама калі-нікалі працытаваць знакамітага псыхааналітыка я лёгка адмовіўся. Чалавек — істота настолькі складаная і шматгранная, што, на мой погляд, падвесьці яго матывы, учынкі, памкненьні пад нейкую мадэль — справа марная. Так, чалавек удумлівы, сталы, з пэўным жыцьцёвым і прафэсійным досьведам (напрыклад, сьвятар) можа часам прадвызначыць вынікі таго ці іншага ўчынку чалавека, але калі якаясьці дваццацігадовая дзяўчынка з дыплёмам заяўляе, што яна псыхоляг, мяне гэта сьмешыць або раздражняе. Так што спроба пачытаць Фройда ўмацавала мяне ў гэткіх адносінах да псыхалёгіі. Дапускаю, што дарма, але гэта так…

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Цалкам ніколі не прачытаў ніводнага драматычнага твору. Рэдка чытаю лірыку. Не люблю эпапэй, і ўвогуле ўсялякай героікі.

З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі?Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаю і папяровыя, і электронныя, папяровыя падабаюцца непараўнальна больш. Гэта як фатаграфія каханай жанчыны — адна справа, калі фота ляжыць у партманэце, і зусім іншае, калі «выцягваеш» яго з сотні-другой электронных выяваў на смартфоне. Папяровая кніга прываблівае матэрыяльнасьцю, пахам, ступеньню «укоцанасьці» (люблю старыя рэчы і кнігі са сьлядамі шматлікіх рук). Чытаю, зазвычай некалькі розных на працягу параўнальна невялікага пэрыяду. Раніцай радзей, удзень (калі ёсьць час), і ўвечары — часьцей. Люблю чытаць у транспарце. Уначы — калі ня сьпіцца.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ведаю… На стэляжы, на верхніх паліцах, бяз крэсла пад нагамі недасяжных — тое, да чаго зьвяртаюся надзвычай рэдка (розныя дапаможнікі, даведнікі, напрыклад «Правіла покраскі кораблей і судов ВМФ», або «Мореходная астрономія», яны ўжо амаль непатрэбныя мне, але выкінуць не магу, не падымаецца рука…).

У межах дасягу рукі — розныя слоўнікі і даведнікі, апошнія не на марскія тэмы, тыя, як ужо казаў — на вышыні (апошнія гады моцна ўбіўся ў пераклады, таму вось…)

А пасярэдзіне — тое, што не-не дый вымаю перачытаць… Там жа — паліца кніжак з аўтографамі. Кніжкі чытаныя мной, і якія лічу карыснымі, захоўваю — можа ўнукі будуць чытаць… Ды і неяк цяплей зь імі.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Зьдзівіць? Ня думаю, што сёньня кагосьці можна было б зьдзівіць кнігай. Хутчэй тым — што іх у мяне ня тое, што вельмі шмат, мець шмат плошча кватэры не дазваляе, але так даволі…
А вось сам таемна зьдзіўляюся, калі знаходзячыся ў нібыта адукаваных і інтэлігентных людзей у гасьцях, ня бачу там паліц з кнігамі. Нейкі дысбалянс узьнікае ва ўспрыняцьці…

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Я яго сам сабе зрабіў. У дзевяностых выйшаў зборнічак маіх апавяданьняў — першы — «Пачатак сэзона». Зараз разгортваю часам — «А вось гэтая мініятурка дык і нічога… А гэтую я б лепей забыўся…» . А тады такая была радасьць! Я ж вельмі старым ужо друкавацца пачаў, хоць мара варушылася недзе знутры… Зайздрошчу зараз моладзі — у іх такія магчымасьці, толькі працуй. Вось, напрыклад, Альжбэта, дачка Малішэўскага і Спрынчан — малая зусім, а ўжо свае кніжачкі мае! Толькі б ня зьбілі раньнія кніжкі імпэт…

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Маргарыта Булгакаўская, у сэнсе з «Майстра і Маргарыты»… Баўтрамей Лёднік з «Авантураў…» Рублеўскай, Алесь Загорскі з «Каласоў…» Караткевічавых.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Шмат… А калі параўноўваць з сучаснымі дзецьмі (ну, так я бачу), то вельмі шмат. Чытаць пачаў рана, пяцігадовым. Жылі на дзедаўскім хутары, і недахоп сяброў для гульняў я кампэнсаваў чытаньнем. Тата нават спрабаваў абмежаваць…

Неяк чытаў «Волшебнік ізумрудного города» Волкава, а кніжка аказалася без канца… Так і жыў, ня ведаў, чым там скончылася ў Элі ды Татошкі, ажно пакуль у Менску на кніжным развале «Поля Цудаў» гандлёвага цэнтру «Ждановічы» не набыў «Волшебніка…» без выдраных старонак. І дачытаў! Гадоў праз 50!

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Аднойчы ў кампаніі, там былі і прыяцелі, і незнаёмыя, выпівалі, гутарылі. Пра чытво зайшло…

І адзін візаві зусім не бянтэжачыся, паведаміў: «А я за жыцьцё толькі адну кнігу прачытаў. Як на зоне сядзеў…» — «Што хоць за кніга была?» — «А! Ня памятаю… Нешта пра фантастыку…».

Баюся, прымусіць яго прычытаць нешта мастацкае або немагчыма, або бессэнсоўна. Мы ж яго ведаем чвэрць стагодзьдзя. Што чулі? Як ён вырас на вершах Васіля Быкава?

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Тых, з кім прыемна зносіцца, хто не хварэе на геніяльнасьць, прыемных і

камфортных людзей. Каго ведаю і люблю. Думаю, гэта «мае» аўтары (якіх перакладаў), — Людміла Рублеўская, Збышак Фрончак, а таксама Аксана Спрынчан. А чаму толькі трох? Мне Арлоў вельмі даспадобы, Янушкевіч Язэп, Аксана Спрынчан, Аляксей Філатаў зь Берасьця…
А з тых, што ў выраі — Высоцкага. Ён мне сьніцца часам. Мы размаўляем.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

А каму цікавая мая біяграфія? Нават дачка ня вельмі… Ды і сябе ўзгадваю маладым — ці ж шмат я цікавіўся біяграфіямі мамы, таты? А зараз і рады быў бы даведацца пра іх жыцьцё, ды няма ўжо ў каго… Так што ніколі пра тое ня думаў, пра біёграфа. Гэта для «мамантаў»…

Што вы перачытваеце?

«Майстра і Маргарыту», здаецца, даслоўна цытаваць магу… На днях «Пантофлю Мнэмазіны» Рублеўскай другі раз пачаў… Люблю часам творы, што ў дзяцінстве прачытаў, напрыклад, «Мэксыканец» Дж. Лондана — цікавяць мяне адрозьненьні ва ўспрыняцьці тады і цяпер…

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пачаў ужо… «Парфюмер. Історія одного убійцы» Патрыка Зюскінда. Паралельна з «Крыжовым паходам дзяцей…»

Павал Ляхновіч атрымаў мядовую літаратурную прэмію