Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паабяцаў выкрасьліць з Канстытуцыі норму, якая дазваляе разьмяшчэньне расейскага флёту ў Крыме.
Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе са штогадовым зваротам, ён заявіў, што пасьля таго, як анэксаваны паўвостраў вернецца пад юрысдыкцыю Ўкраіны, расейскай базы ў Севастопалі больш ня будзе.
Парашэнка таксама заклікаў сусьветных лідэраў аб’яднаць сілы ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. Паводле яго, ёсьць рызыка зьмякчэньня санкцый супраць Масквы, але Ўкраіна гэтага не дапусьціць. «На Захадзе нямала жадаючых зазірнуць Пуціну ў душу або яшчэ, не вядаю, куды. Мне цікава, што вы там хочаце ўбачыць, спадары? Усё ж і так ва ўсіх на вачах», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
Падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе Парашэнка, сярод іншага, паабяцаў абараніць сьвятароў і вернікаў, якія вырашаць перайсьці з праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў памесную Праваслаўную ўкраінскую царкву.
Кажучы пра патрэбы абароны, прэзыдэнт заявіў аб плянах закупіць новае высокадакладнае ракетнае ўзбраеньне і бранятанкавую тэхніку.
Падводзячы прамежкавыя вынікі гэтага году, Парашэнка прызнаў, што большасьць украінцаў не адчула паляпшэньня якасьці жыцьця. Паводле яго, дабрабыт жыхароў краіны расьце павольна.
Зварот прэзыдэнта да Вярхоўнай Радзе вызначаны 106-м артыкулам Канстытуцыі Ўкраіны. Працэдура не прадугледжвае пытаньняў да прэзыдэнта пасьля выступу.