20 верасьня ў Менску праходзіць чацьвёртае паседжаньне Кансультацыйнай рады беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў.
Раду ачольвае кіраўнік ведамства Ўладзімер Макей, аднак на пачатку паседжаньня ён адсутнічаў — быў на перамовах Аляксандра Лукашэнкі з кітайскай дэлегацыяй. Адкрываў сустрэчу беларусаў замежжа намесьнік міністра Андрэй Дапкюнас.
Ён падкрэсьліў, што імідж Беларусі фармуецца ня толькі намаганьнямі дзяржаўных установаў, але і праз простых людзей, асабліва тых, хто зьвязаны зь Беларусьсю, але з розных прычынаў знаходзіцца за яе межамі.
«Духоўная повязь, сувязь культур, яна ня страчваецца, — сказаў Андрэй Дапкюнас. — І нават калі чалавек не грамадзянін Рэспублікі Беларусь, але мае беларускія карані, то ён можа шмат зрабіць для ўмацаваньня іміджу Беларусі. Асабліва важна, каб гэтыя людзі папрацавалі яшчэ і на фармаваньне сучаснай эканомікі. Бо менавіта сучасная эканоміка — гэта і ёсьць найлепшы падмурак дабрабыту беларусаў».
Скарыстаўшыся магчымасьцю, журналісты запыталіся ў Андрэя Дапкюнаса пра яго стаўленьне да таго, што ў Менску да гэтага часу не павесілі памятную шыльду на будынку, дзе абвяшчалася незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, нягледзячы на абяцаньні менскіх уладаў зрабіць гэта яшчэ ў сакавіку.
«Як грамадзянін Беларусі лічу, што гісторыя маёй краіны ёсьць такая, якой яна склалася за шмат стагодзьдзяў, — адказаў намесьнік міністра, адзначыўшы, што ў ягоную кампэтэнцыю гэтае пытаньне не ўваходзіць. — Але гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта таксама частка нашай гісторыі. Выкінуць гісторыю БНР з агульнага працэсу проста нельга».
У Кансультацыйную раду беларусаў замежжа ўваходзяць 20 чалавек, прадстаўнікоў розных беларускіх дыяспар. Сёньня на сустрэчы прысутнічаюць беларусы Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Швайцарыі, Украіны, Расеі, Польшчы ды іншых краінаў.
Рада праводзіць свае паседжаньні раз на год, штогод адбываецца яе частковая ратацыя.
Што важна ведаць пра «дошку БНР»
У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
- Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
- Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
- 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
- Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».