«Ад балота сілкуюся энэргіяй». Як жыве жанчына, якую называюць захавальніцай Ельні

Кася жыве ў Віцебскай вобласьці, за шэсьць кілямэтраў ад Мёраў, у вёсцы Камянпольле. Першае, на што зьвяртаеш увагу, калі прыяжджаеш сюды, — напаўразбураная стайня ў стылі клясыцызму. Галоўная славутасьць Камянпольля — сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх. Раней у сядзібе месьцілася школа. Цяпер у вёсцы жыве ўсяго 100 чалавек, таму школьнікі езьдзяць на вучобу ў Мёры.

​З-за павароткі імчыць сіняя «Мазда», з салёна якой выскоквае бадзёрая жанчына. Гэта Кася Казачонак, захавальніца Ельні, грамадзкая экалягіня Мёрскага раёну. Па прафэсіі — выхавальніца дзіцячага садку, па захапленьнях — паляўнічая і рыбачка. Яна вырасла каля заказьніка «Балота Мох» і ведае яго як свае пяць пальцаў, таму водзіць экскурсіі па балотах і дапамагае «Ахове птушак Бацькаўшчыны» кальцаваць птушак.

«Мае трафэі — рогі»

На сядзеньнях у салёне аўтамабіля раскіданыя рогі лася і дзікіх коз, пад нагамі стаяць вёдры журавінаў.

«Галоўныя мае трафэі — рогі: пастаянна трапляюцца пад ногі. Гэтыя вялікія, ласіныя лес падарыў мне на народзіны, — тлумачыць Кася. — Я люблю прыроду, і яна адказвае мне ўзаемнасьцю, адорвае ў адказ».

Кася жыве з мужам Васем, яны разам не адзін дзясятак гадоў. Пазнаёміліся на танцах, — кажа Кася. Акрамя працы ў дзіцячым садку, яна даглядае ўнукаў, займаецца гаспадаркай: ёсьць тры авечкі, конь Малыш, куры, а да таго ж сабака Гера і два каты.

Мы сустракаемся напярэдадні фэсту «Журавы і журавіны Мёрскага краю», што адбыўся на мінулых выходных. Рыхтавацца да сьвята Кася пачала яшчэ тыдзень таму. За гэты час сабрала на балотах каля 45 кіляграмаў журавін. Ужо заўтра гэты ўраджай разьляціцца за паўгадзіны. Дарэчы, па запасах журавін Ельня займае першае месца сярод балотаў Беларусі.

Рыбалка

Галоўнае Касіна хобі — рыбалка. Летась за домам выкапалі сажалку і запусьцілі туды рознай рыбы: шчупакоў, акунёў, плотак, лінёў, яршоў.

На пытаньне, як рыбы перазімавалі, кажа: «Узімку мы сьвідравалі лункі ў сажалцы і запускалі паветра. Так рыба і выжыла».

Кася бярэ вуду, закідае — і хвіліны празь дзьве вылоўлівае акуня. «Я ж казала: доўга чакаць ня прыйдзецца!» — усклікае рыбачка. Аднак пасьля адпускае рыбку ў сажалку, закідае вуду зноў і дастае маленькага ярша. — Кату на абед дастанецца!«

Ужо сямнаццаць гадоў Кася ўваходзіць у Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Адарваць яе ад займальнага занятку няпроста.

«Паляваньне — гэта адрэналін»

​Калі вяртаемся на двор, Кася дэманструе камплект для паляваньня: стрэльбу і паляўнічы нож.

«Паляваньне ў мяне ў крыві. Зь дзяцінства я хадзіла з бацькам і дзядулем на дзіка, лісу, зайца. Сам працэс для мяне нашмат важнейшы за вынік, як і для любога сапраўднага паляўнічага. Мне падабаецца назіраць за звычкамі зьвяроў, — кажа Кася. — Праўда, цяпер паляваньне — занятак для багатых. Ліцэнзіі дарагія, аднак мы іх усё адно часам набываем, напрыклад на качак. Бо паляваньне — гэта рызыка, адрэналін, глыток сьвежага паветра, разрадка пасьля працоўных будняў».

— На паляваньні з мужыкамі я «свой пацан». Ім выгадна, калі я зь імі. Часам пасьля паляваньня хлопцы могуць выпіць. А як зь лесу дадому дабрацца? Добра, што ў кампаніі ёсьць жанчына, якая прынцыпова не ўжывае алькагольныя напоі і можа разьвезьці ўсіх па хатах, — сьмяецца Кася.

Сабака Гера пачынае скуголіць ды рвацца да гаспадыні.

«Гера — мой кампаньён. Мы заўжды разам ходзім на паляваньне, безь яго нікуды, — тлумачыць Кася. А потым здымае стрэльбу з пляча і зьвяртаецца да Геры: — Сёньня на паляваньне мы ня пойдзем. Глядзі, стрэльба застаецца дома».

«На вуліцах Віцебску нават крапівы няма»

Сёньня Кася будзе паказваць турыстам заказьнік «Балота Мох», плошча якога 5 тысяч га. Балота Мох яна пяшчотна называе сваім, бо зь дзяцінства расла тут. А нарадзілася з другога боку балота — у вёсцы Перабродзьдзе.

«Жыць у горадзе мне зусім не падабаецца, — кажа Кася. — Памятаю, як у 37 гадоў паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.М. Машэрава на завочнае аддзяленьне на факультэт фізкультуры і спорту. Я правяла два тыдні ў Віцебску на ўстановачнай сэсіі, а потым выехала з гораду ў палі, лясы — і аж сьлёзы навярнуліся ад прыгажосьці! На вуліцах Віцебску нават крапівы няма, не змагла б там жыць».

Сёлета жанчына далучылася гідам да праекту «Паход у народ» — вандровак па Беларусі, у цэнтры якіх людзі. Водзячы гасьцей па балоце, Кася паказвае сфагнум, ягаду багноўку, распавядае цікавыя факты: «Бледная паганка — самы атрутны грыб; ласі ядуць мухаморы, а вось мох ніхто са зьвяроў ня есьць».

Як любіць балота

Уздоўж і ўпоперак Кася выхадзіла і самае вялікае верхавое балота Беларусі — Ельню, плошча якой больш за 25 тысяч га. Таму ведае кожны яе куток.

«Балота корміць, поіць, чаму б яго не любіць? — зьдзіўляецца Кася. — У мяне, бывае, пытаюцца: „Чаму ты такая бадзёрая заўжды?“ А я ад прыроды энэргіяй падсілкоўваюся. Пасьля працы бяру човен — і на возера».

Кася праводзіць экскурсіі па тэрыторыі заказьніку, удзельнічае ў працы валянтэрскага лягера, які ладзіцца штогод на Ельні, каб пабудаваць каскады плацін на каналах, што забіраюць ваду з цэнтральнай часткі балотна-азёрнага комплексу. Таму і заслужыла ганаровы статус — «Ахоўніца балота Ельня».

На фэсьце «Журавы і журавіны»

​На экалягічным фэсьце «Журавы і журавіны Мёрскага краю» ў Касі роля валянтэркі. Фэст праходзіць ужо сёмы раз, сёлета — 16 верасьня, у разгар збору журавін і міграцыі журавоў.

Кася дапамагае «Ахове птушак Бацькаўшчыны» з арганізацыяй аўтобусаў да пункту назіраньня за журавамі і ладзіць экскурсіі на балота Ельня. Жанчына супрацоўнічае з АПБ ужо 12 гадоў.

«У нас два балоты, шмат журавінаў, таму і сьвята ладзяць у той час, калі сьпеюць ягады. У гэты ж час у Ельні адпачываюць на пералёце дзясяткі тысяч шэрых журавоў. Журавы і журавіны — гэта брэнд Мёраў, як, напрыклад, вішні — у Глыбокім», — кажа пра ідэю фэсту Кася.

Сьвята разгортваецца на паўвостраве каля Мёрскага возера. Гучыць музыка і сьпевы мясцовых артыстаў, гамоніць натоўп. Кожны сельсавет па-свойму абсталяваў падворак, каб прадэманстраваць здабыткі сялянскіх агародаў: антрапаморфныя кавуны і гарбузы, роставыя лялькі журавоў, садовы арт, горы журавінаў.

Падарунак для раёна ў межах фэсту — кемпінг для турыстаў у вёсцы Зачарэўе. Гэта вынік супрацоўніцтва Мёршчыны з Польшчай.

«Ельня — аэрапорт для птушак»

Усе, хто хоча паназіраць за птушкамі, рэгіструюцца каля стэнда «Аховы птушак Бацькаўшчыны», вывучаюць расклад руху аўтобуса да пляцоўкі назіраньня за журавамі побач з полем. Удзень журавы кормяцца на палях, а начаваць ляцяць на балота.

Кася суправаджае аўтобус з турыстамі да пляцоўкі для бёрдвотчынгу каля вёскі Чапукі. Праз падзорныя трубы і біноклі тут можна паназіраць за журавамі — асалода для бёрдвотчара.

«Ельня — міжнародны аэрапорт для журавоў. Каля 50 тысяч птушак з Расеі, Прыбалтыкі і Скандынавіі спыняюцца тут падчас міграцыі ў Ізраіль, Паўночную Афрыку і Этыёпію. Дарэчы, увесь шлях на поўдзень займае ў птушак тры дні. Сёлета журавоў вакол балота яшчэ нямнога», — тлумачыць Кася.

Паводле дырэктара заказьніку «Ельня» Івана Барка, журавы не сьпяшаюцца адлятаць у Афрыку, бо ў Беларусі яшчэ цёпла.

Людзей на балотах больш

Пасьля хуткага бёрдвотчынгу аўтобус трымае курс на экасьцяжыну заказьніку «Ельня». Комплекс верхавых балотаў «Ельня» — трэці па велічыні ў Эўропе.

Як кажа Кася, раней такой цікавасьці да балотаў не было. Раней яны лічыліся цяжкадаступнымі і ня вельмі прывабнымі месцамі. Чатыры гады таму тут зьявілася экасьцяжына «Азераўкі» — драўляны насьціл, пракладзены на верхавым балоце Ельня, — і паехалі турысты. Толькі за 2017 год больш за дзьве тысячы турыстаў наведалі Ельню.

«Сярод беларусаў экатурызм робіцца ўсё больш модным. Людзі толькі пачынаюць пазнаваць сваё. І на гэта ёсьць попыт», — тлумачыць Кася.

На заходзе сонца вяртаемся з балота. Кася ўзіраецца праз вакно ў краявіды Мёршчыны і зацягвае песьню: «Які цудоўны гэты сьвет, паглядзі!»