У 2016 годзе вайсковец Далхан адмовіўся ехаць ваяваць ва Ўкраіну. Кіраўніцтва пачало на яго ціснуць, і ў 2017 годзе ён зьехаў з Чачні разам зь сям’ёй. 16 разоў спрабаваў трапіць у Польшчу празь Берасьце.
А пасьля чачэнцы пасяліліся ў вёсцы на Палесьсі (дзеля сваёй бясьпекі дакладную мясцовасьць героі папрасілі не называць. — РС). Цяпер былы вайсковец працуе пастухом, а ягоная жонка пячэ піражкі на продаж. Ехаць у Заходнюю Эўропу яны ўжо ня хочуць.
«Сябрам не кажу, што працую тут пастухом»
На гэтым тыдні Далхан працуе адзін — без напарніка і без выходных. Падымаецца а 4-й раніцы, каб прыехаць роварам на фэрму да 5 гадзіны. Выганяе кароў пасьля дойкі, а потым заганяе іх назад. У статку 200 галоў. Дахаты вяртаецца позна ўначы.
«Я ніколі ў жыцьці ня думаў, што буду пастухом», — кажа Далхан.
За паўтара года ў беларускай вёсцы ён ужо зьмяніў тры прафэсіі. Спачатку быў памочнікам пажарнага. Потым раскідаў камбікорм на фэрме. Але заробак там быў малы, і ён пайшоў у пастухі. Цяпер зарабляе 400 рублёў на месяц.
«Але сябрам не кажу, што працую пастухом, — кажа Далхан. — Непрыгожа неяк. Усё жыцьцё быў вайскоўцам, а цяпер пастух. Хай даруе мне Ўсявышні, я ім кажу, што працую на пажарцы».
Жонка Заіра называе гэта «чачэнскім понтам». Бо праца пастуха ня лічыцца аўтарытэтнай.
«Але, па вялікім рахунку, мне ня важна, якая тут будзе праца, — кажа Далхан. — Абы пракарміць сваю сям’ю».
«У маім кантракце не было напісана, што я мушу забіваць людзей»
Далхану 40 гадоў. Ён былы вайсковец. Служыў па кантракце, зарабляў добрыя грошы. 700 эўра на месяц — гэта калі нічога не рабіць, кажа ён. На радзіме ў яго быў дом у 300 квадратных мэтраў. Разам з жонкай яны гадавалі семярых дзяцей.
Потым на вайне на Данбасе загінуў ягоны брат. Хоць начальства казала, што той будзе толькі на ахове мяжы, ягонае падразьдзяленьне завезьлі на Данбас. Далханаў брат загінуў пад бомбамі.
Потым самому Далхану прыйшоў загад ехаць на вайну. Ён адмовіўся.
«У маім кантракце не было напісана, што я мушу забіваць людзей, — кажа чачэнец. — Я сказаў, што не паеду».
Каб не ваяваць ва Ўкраіне, разам зь іншымі кантрактнікамі ён сышоў з войска. Пасьля гэтага на яго пачало ціснуць кіраўніцтва.
«Каго пад трыбунал аддавалі. У спакоі і мяне не пакінулі б», — кажа ён.
Увесну 2017 году Далхан з Заірай і ўсімі дзецьмі прыехалі ў Берасьце. Яны думалі, што трапіць у Заходнюю Эўропу будзе проста. Жонка ўяўляла, што на памежным пункце сядзяць прадстаўнікі розных краінаў, і трэба толькі выбраць, куды яны хочуць паехаць.
У першую ж раніцу ў Берасьці іх папярэдзілі, што палякам нельга казаць пра свае пляны ехаць далей у Нямеччыну ці Францыю. Падавацца можна толькі на прытулак у Польшчы.
«Мне было страшна і ў Польшчу ехаць, і ў Беларусі заставацца»
Аднак ні ў Нямеччыну, ні ў Польшчу Далхан з Заірай ня трапілі. 16 разоў езьдзілі ў Тарэспаль. І штораз ім адмаўлялі.
Неўзабаве сталі заканчвацца грошы. Кватэра на суткі ў Берасьці каштавала 20 эўра. Гэта значыць, што 600 эўра на месяц трэба было аддаваць толькі за жыльлё. Тры тыдні яны жылі на чыгуначным вакзале. Потым мясцовы сьвятар забраў сям’ю да сябе ў царкву ў Берасьці. І ён прапанаваў чачэнцам застацца ў Беларусі.
«Ён нам моцна дапамог, — кажа Заіра. — А цяпер я ў Польшчу ўжо не паехала б, калі б нават прапанавалі».
У красавіку 2017 году ўся сям’я пераехала ў звычайную вёску на беларускім Палесьсі. Далхан і Заіра просяць не называць дакладнай мясцовасьці. Нават твараў ня хочуць паказваць.
У Беларусі чачэнская сям’я ня лічыцца ўцекачамі. Яны пайшлі працаваць у «калгас» і на гэтай падставе атрымалі від на жыхарства. Таксама ім далі дом ад калгасу як службовае жыльлё. Яны плацяць толькі за камунальныя паслугі.
«Тут шмат вольных дамоў, — кажа Заіра. — І працаўнікоў у калгасе таксама бракуе».
Да мужавага заробку Заіра атрымлівае каля 800 рублёў дапамогі за дваіх дзяцей, якім яшчэ няма трох гадоў. З вопраткай і канцылярскімі таварамі дапамагаюць валянтэры. А грошы ўжо ідуць на ежу.
«Меншага заробку, чым цяпер, у мяне ў жыцьці не было, — кажа Далхан. — Але я ня скарджуся. Бо скардзіцца — грэх. Можа, так у маім лёсе напісана. А потым будзе лепш».
Упершыню ў жыцьці пачалі вырошчваць бульбу і клубніцы
Пасьля чачэнскага сяла, дзе жылі Далхан і Заіра, беларуская вёска ім здаецца занадта ціхай. На радзіме чачэнцы штодня хадзілі ў госьці, заўжды было шумна. А тут на вуліцы рэдка каго можна пабачыць.
«Зіма і лета — няма асаблівай розьніцы. Рэдка хто па вуліцы гуляе. Можа, людзі трымаюць гаспадарку, таму яны занятыя».
Сваю гаспадарку завяла і чачэнская сям’я. Яны гадуюць авечак, якія неўзабаве дадуць прыплод, і птушак. Так чачэнцы рыхтуюць халяльнае мяса для сябе. Таксама трымаюць гарод. У Беларусі яны ўпершыню пасадзілі клубніцы. І бульбу, бо ў Чачні яна не расьце.
«Дзеці зь ягад не вылазілі ўсё лета», — кажа Заіра.
У плянах на наступны год — пабудаваць хлеў для птушак. Цяпер у іх толькі куры. Далхан думае, каб яшчэ завесьці гусей і цацарак.
У палескай вёсцы ў іх зусім іншы лад жыцьця. На радзіме быў вялікі дом, новая машына і прэстыжная праца. Тут — трохпакаёвы дамок на ўскрайку вёскі, тры ровары на 10 чалавек і праца пастуха.
«Лепш з кіем пасьвіць кароў, чым зброю ў руках трымаць, — кажа Далхан. — Не хачу прыгадваць нават старое. Лепш кароў гнаць, ад гэтага больш карысьці».
За паўтара года дзеці вывучылі беларускую мову
Далхан кажа, што ведае некалькі чачэнцаў, якія таксама ці ўжо атрымалі від на жыхарства, ці афармляюць беларускія дакумэнты. Адзін знаёмы жыве ў Берасьці. Але Далхан з Заірай лічаць, што ім пашчасьціла пасяліцца ў вёсцы. Найперш таму, што тут лепшыя ўмовы для дзяцей.
«Пакуль жылі ў Берасьці, яны не вучыліся і не разьвіваліся, — кажа Заіра. — А пераезд сюды быў сьвятам для іх. Бо тут шмат месца гуляць».
Самага малодшага сына, восьмае сваё дзіця, Далхан і Заіра называюць «беларусам», бо ён нарадзіўся ўжо тут — у вёсцы.
Да прыезду ў Беларусь дзеці ня ведалі дасканала расейскай мовы. А тут за паўтара года вывучылі беларускую. І, каб праверыць матэматыку, напрыклад, старэйшая дачка перакладае заданьне для маці на расейскую.
«Калі яны хутка гавораць, я і цяпер не заўжды разумею, пра што», — кажа Далхан.
У вясковай школе ўсяго па некалькі чалавек у клясе. І Заіра лічыць, што ў Беларусі яе дзеці атрымліваюць лепшую адукацыю, чым у Чачні.
«У Беларусі адукацыя больш аўтарытэтная, чым у Чачні, — кажа Заіра. — Я б хацела, каб яны атрымалі тут спэцыяльнасьць».
«Чачэнцы ў Эўропе жывуць у лягерах. А мы тут вольныя»
Пасьля Берасьця, дзе да ўцекачоў ставіліся насьцярожана, чачэнцы зьдзівіліся, што вяскоўцы іх адразу ж прынялі.
«Кожны дзень нехта прыходзіў да нас з дапамогай. Хто агуркамі частаваў, хто яблыкамі. Вось на кухні мэбля, канапа ў залі — усё гэта нам перадалі».
Яны кажуць, што ў Беларусі да іх ставяцца лепш, чым у Расеі. І нашмат лепш, чым у Заходняй Эўропе. З кожнай навіной пра мітынгі супраць мігрантаў яны ўсё больш пераконваюцца, што застацца на Палесьсі ім пашчасьціла.
«Калі гэта бачым, то дзякуем Богу, што мы тут, — кажа Заіра. — Чачэнцы ў Эўропе жывуць у лягерах. Шмат каго дэпартуюць. А мы тут вольныя».
Цяпер чачэнская сям’я думае, каб займець уласны дом. Драўляны на вёсцы можна набыць за некалькі тысяч даляраў.
«У нас тут ужо пляны зьяўляюцца. Пакуль усе дзеці атрымаюць адукацыю, гэта гадоў 15-20 яшчэ».
Заіра марыць адкрыць уласную пякарню ці кандытарскую. Аднойчы яна пачаставала традыцыйнымі піражкамі сябра свайго сына. Той перадаў маці. І цяпер Заіры замаўляюць тыя піражкі.
«Мы ўжо ня раз думалі, можа, мы тут даўно жывём. Бо людзі сталі для нас як родныя. Нам увесь час нехта дапамагае тут», — кажа Заіра.