Больш за 600 подпісаў амаль за 5 гадзін пасьля публікацыі сабрала пэтыцыя на сайце Petitions.by з заклікам усталяваць шыльду ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паведамленьне аб пачатку збору подпісаў прыйшло а 15:13, паведаміў Свабодзе аўтар пэтыцыі студэнт Данііл Багдановіч.
Навошта гэта пэтыцыя?
1 сакавіка кіраўніцтва Менгарвыканкаму дало дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Дошку плянавалі ўсталяваць 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступных 5 месяцаў.
Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч заявіў, што ведамства атрымала «шэраг зваротаў ад грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў грамадзкасьці з нэгатыўным стаўленьнем» да ўсталяваньня «дошкі БНР». Не паведамлялася, што за звароты былі, колькі і ад каго менавіта.
У тэксьце пэтыцыі зьвяртаецца ўвага на тое, што прыхільнікі ўсталяваньня шыльды маюць роўныя правы з тымі, хто выказаўся супраць.
Пэтыцыю накіруюць у Менгарвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Што важна ведаць пра «дошку БНР»
У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
- Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
- Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
- 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
- Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».