«Няма падстаў». БелТА адказала на пэтыцыю з просьбай адклікаць заяву зь Сьледчага камітэту

Ператрус у рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН

БелТА ня мае падстаў, каб адклікаць заяву са Сьледчага камітэту для спыненьня крымінальнага перасьледу асоб, якія «неправамерна атрымалі доступ» да платных матэрыялаў выданьня.

Пра гэта гаворыцца ў адказе дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч на пэтыцыю аб спыненьні перасьледу незалежных СМІ.

Пэтыцыю падпісалі 723 чалавекі.

Яны прасілі кіраўніцтва БелТА адклікаць заяву са Сьледчага камітэту і вырашыць пытаньне ў дасудовым парадку;

Сьледчы камітэт — спыніць перасьлед рэдакцыяў і не замінаць працы СМІ.

Пэтыцыю таксама накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Аўтар пэтыцыі — лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.