20 фактаў пра Натальлю Арсеньневу да 115-годзьдзя паэткі
20 верасьня — 115 гадоў з дня нараджэньня легендарнай беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай. Яе гімны «Ў гушчарах» і «Магутны Божа» пяюць беларусы па цэлым сьвеце. Яна любіла моцных, імпэтных фізычна і духоўна мужчын, якія могуць ператварыцца ў вікінгаў і скінуць з радзімы панаваньне Расеі. Але жыцьцё прымусіла саму яе стаць (як прызнавалася ў адным са сваіх вершаў) сапраўднай амазонкай.
Максім Танк пісаў пра Арсеньневу: «У цяжкіх сытуацыях галавы не апускала, неяк па-баявому сустракала нягоды. Як на жанчыну — столькі энэргіі ў яе было! Энэргіяй яна была проста зараджана».
1. Зь дзяцінства ня ўмела дзяліцца сваімі перажываньнямі
«Я мела нейкую дзіўную натуру ад самага маленства. Я ня ўмела быць шчырай, ня ўмела дзяліцца ні з кім сваімі перажываньнямі. Я цешылася, я цярпела, я хацела таго ці іншага, я зайздросьціла сёстрам, сяброўкам, я вельмі кахала маці, некаторых настаўнікаў, але ўсё гэта паціху, у сабе. Ніхто ніколі ня ведаў маіх думкаў. Я ніколі не спавядалася маці з сваіх дзіцячых перажываньняў, хоць мае сёстры, асабліва малы брат, расказвалі ёй усё чыста» (Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999).
Генадзь Бураўкін адзначаў, калі ўпершыню пабачыў паэтку на пачатку 1990-х: «...мяне ўразілі ясны, халодны розум Арсеньневай, яе стрыманасьць і пэўная дыпляматычнасьць у ацэнках, што, на першы погляд, ня надта паядноўвалася зь яе маляўнічымі, настраёвымі вершамі» (Генадзь Бураўкін. Спадарыня Натальля // Крыніца. 1996, № 26).
2. Пачала складаць вершы з пачуцьця зайздрасьці
«Памятаю, як сёньня, што я вельмі зайздросьціла маім сяброўкам, якія зьмяшчалі ў нашым вучнёўскім часопісе свае вершы. Ці раз, застаўшыся адна ў хаце, я марнавала гадзіны, сілячыся выліць на паперу хоць пару радкоў, — нічога неяк не ўдавалася. Аж раптам, зусім нечакана, удалося! Памятаю, што быў гэта верш пра неба й аблокі, якія так лена плылі ў той дзень над яблынямі саду, куды выходзілі вокны нашага пакоя, ды што пачынаўся ён словамі: „Па сініх нябёсах аблокі плывуць, бліскучыя, белыя горы...“ /.../ радасьці маёй і ганарлівасьці не было межаў» (Натальля Арсеньнева. «Я не палітык, ніколі ім не была...» // Роднае слова 1993, № 1).
3. У гімназічныя гады лічыла вершы Ахматавай непрыстойнымі
«Бальманта я ня надта любіла, ён выдаваўся мне нейкім няшчырым, штучным. Ахматаву, наадварот, я ў душы лічыла бясстыднай і не любіла таксама. Але Гумілёў мне падабаўся» (Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999).
4. Вельмі шкадавала, калі падчас рэвалюцыі бальшавікі скінулі двухгаловага арла
«Мы зь сястрой Галяй ішлі з гімназіі і ўбачылі, як нейкія людзі ў вайсковым зьбіваюць з хаты выяву вялізнага арла — сымбаль царскай імпэрыі. Адна лапа птушкі ўпала паблізу мяне. Было такое ўражаньне, што раструшчылі жывую птушку. А я так любіла, ды і цяпер люблю розную жывёлу. З таго часу слова „рэвалюцыя“ выклікае ў мяне асацыяцыі з разбурэньнем, з насільлем» (Тацьцяна Антонава. У гасьцях у Натальлі Арсеньневай / У землякоў за акіянам. 1991).
5. Максім Гарэцкі быў першы мужчына, які ёй падабаўся
«На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў /.../ Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!)» (Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999).
«Гэта быў выдатны чалавек ва ўсіх адносінах. Ён, можна сказаць, вызначыў маю паэтычную дарогу. Яго лічу сваім настаўнікам... А ўзаемаадносіны... Мы абодва маладыя, рамантычныя. Ён мне падабаўся. А я яму? Ня ведаю. Я была занадта маладая і наіўная, каб асьмеліцца на нешта большае, чым павага і сымпатыя. Ды і хлопцаў каля мяне круцілася многа...» (Генадзь Бураўкін. Спадарыня Натальля // Крыніца. 1996, № 26).
6. Лічыла, што з прычыны вялікай строгасьці Гарэцкага яна ўсё жыцьцё мела нізкую самаацэнку
«Максім Гарэцкі ніколі не хваліў мяне, хіба за вочы, што б я ні напісала. Але ганіў часта. За русіцызмы ў мове, за памылкі ў правапісе. Аглядаючыся назад, я думаю, што гэны мэтад узгадаваньня паэткі Натальлі Арсеньневай быў не зусім правільны. Хай я й заслугоўвала суровае крытыкі, ня можна нікога адно ганіць, не падбадзёрваючы час ад часу хай сабе маленькаю пахвалой. Я, прыкладам, адчувала вынікі гэтага мэтаду на сабе ўсё пасьлейшае жыцьцё, адчуваю нават і цяпер, бо „строгасьць“ Гарэцкага ўзгадавала ў мяне сумлеў, нават у свае сілы, сваю вартасьць» (Натальля Арсеньнева. «Я не палітык, ніколі ім не была...» // Роднае слова 1993, № 1).
7. Яшчэ да зьяўленьня першай кнігі Арсеньневай у беларускім заходнім друку былі нараканьні, чаму яе вершы не выходзяць у сьвет асобнымі выданьнямі
«Ад 1924 г. у заходня-беларускім друку пачаліся нараканьні на тое, што вершы Натальлі Арсеньневае ня выданыя яшчэ асобнай кніжкай: у № 1 часапісу „Студэнцкая думка“ за 1924 год, у артыкуле Сьветазара „Што чытаць“, дзе ўпяршыню ў нас казалася і пра „беларускіх клясыкаў“, прычым да іх залічалася — ізноў-жа адзінай зь ейных літаратурных аднагодкаў — і Натальля Арсеньнева, аўтар пісаў /.../: „Творы гэтае выдатнае пясьняркі беларускай — як гэта ні дзіўна — дасюль яшчэ ня выдрукаваны асобнай кніжкай і бадзяюцца па рожных календарох беларускіх, газэтах ды журналах“. У 1926 г. газэта „Беларуская хата“ ў нумары ад 19 сьнежня 1926 г. таксама дакарала Беларускаму Выдавецкаму Таварыству, што яно не выдае зборніка Натальлі Арсеньневае» (Антон Адамовіч. Натальля Арсеньнева «Між берагамі». Біяграфічна-крытычны нарыс / Натальля Арсеньнева. Між берагамі. 1979).
8. За месяц да арышту і высылкі ў Казахстан пісала, што пасьля вызваленьня Заходняй Беларусі жанчыны, якія жылі «пад прыгнётам панскім», здабылі нечуваную свабоду
«І вось цяпер — як у казцы /.../ жанчына Заходняй Беларусі /.../ мае зараз усе людзкія правы. Зьніклі назаўсёды зь яе жыцьця голад, непасільная праца. Цяпер — жанчына стала раўнапраўнай грамадзянкай Савецкага Саюзу, аб ёй клапоцяцца, ёй спагадаюць. /.../ жанчыны нашай вольнай цяпер Заходняй Беларусі падзякуюць Камуністычную партыю і правадыра народаў усяго сьвету таварыша Сталіна за шчасьце і гонар быць раўнапраўнымі грамадзянкамі вялікага Савецкага Саюзу!» (Натальля Арсеньнева. Роля жанчыны ў выбарах // Сялянская газета. № 14, 5 сакавіка, 1940 г.).
9. Беларускія савецкія літаратары Максім Танк і Янка Купала хадайнічалі аб яе вызваленьні з высылкі, а пісьменьнік з Заходняй Беларусі Піліп Пестрак быў супраць
«За мяне хадайнічалі Танк і Купала. Напэўна, ім давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць пільных начальнікаў, што я ні ў чым не замешана. Дарэчы, па хадайніцтву таго ж Янкі Купалы быў вызвалены зь лягера мой муж. Разам з Купалам яны ў 1919 годзе працавалі ў Вайсковай камісіі. Інакш Францішка проста расстралялі б» (Тацьцяна Антонава. У гасьцях у Натальлі Арсеньневай / У землякоў за акіянам. 1991).
Паводле Максіма Танка: «Давялося хадайнічаць адносна Арсеньневай. /.../ Панамарэнка вельмі прыхільна аднёсься да вырашэньня гэтага пытаньня. /.../ Яна прыехала ў Беласток, мы сустрэліся. /.../ калі гутарка ідзе пра [вызваленьне Арсеньневай], то тут, па-мойму, трэба было б называць і Міхася Лынькова. Ён тады вельмі добразычліва аднёсься да гэтага. Як ні дзіўна, супраць вызваленьня быў Піліп Пестрак. Адзіны. Ён зьяўляўся тады дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. А сярод гэтых, савецкіх, пісьменьнікаў ніхто ня выступіў супраць...» (Мікола Мікуліч. Максім Танк: На скразьняках гісторыі. 1999).
Антон Адамовіч дадае: «...ёсьць весткі, што да „шчасьлівага выпадку“ спрычыніліся адпаведныя захады з боку пісьменьнікаў, найперш і найбольш Янкі Купалы, а таксама Міхася Клімковіча, Пятра Глебкі і інш...» (Антон Адамовіч. Натальля Арсеньнева «Між берагамі» Біяграфічна-крытычны нарыс / Натальля Арсеньнева. Між берагамі. 1979).
10. У часы перабудовы пісьменьнік Валянцін Тарас абвінавачваў яе ў антысэмітызьме
«Натальлю Арсеньневу я чуў і бачыў на свае вочы ў 1942 годзе ў Менску. Смуглявая, зграбная, прыгожая жанчына. На літаратурнай сустрэчы, наладжанай актывістамі так званай Беларускай народнай самапомачы, яна чытала менчукам вершы пра Бацькаўшчыну, родную прыроду, гістарычныя баляды. Але чытала яна і антысэміцкія вершы, зьдзеклівыя, прасякнутыя нянавісьцю, і вершы пра ворагаў-маскалёў...» (Валянцін Тарас. Паэзія вышэй за творцу // Літаратура і мастацтва. 6 кастрычніка 1989 г.).
На сёньняшні момант юдафобскіх вершаў ці выказваньняў у Арсеньневай ня выяўлена. У Вільні яна сябравала з Антонам Луцкевічам, чыя жонка была габрэйкай. У савецкім друку пісала: «Асабліва жудасным было жыцьцё жанчыны-яўрэйкі — дачкі яўрэйскага гарадзкога пралетарыя. /.../ Польскае грамадзтва адносілася да яе з адвечнай пагардай, кожны мог яе вылаяць, дзяцей яе штурхалі, зьневажалі. /.../ Яна не лічылася наогул чалавекам!» (Натальля Арсеньнева. Роля жанчыны ў выбарах // Сялянская газета. № 14, 5 сакавіка, 1940 г.).
А на эміграцыі з жахам успамінала пачатак вайны: «...я стала нявольным сьведкам таго, як немцы ажыцьцяўлялі акцыю зьнішчэньня яўрэяў, як жаўнеры зьдзекаваліся, як пакутавалі людзі... Гэта жах...» (Тацьцяна Антонава. У гасьцях у Натальлі Арсеньневай / У землякоў за акіянам. 1991).
11. За антываенныя вершы яе ледзьве не арыштавала гестапа
«Ледзь не паплацілася галавою за адзін са сваіх вершаў і Натальля Арсеньнева.
...Годзе!
Годзе нарэшце,
годзе
чарвякамі зьвівацца, поўзаць!
Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць,
хоць ісьці нам парой і коўзка, —
пасьмяёмся яшчэ і зь ліха!
Досыць падаць прад кожным ніцма!
Лепш на момант агнём успыхнуць,
чымся літасьцяй век давіцца!
Што далі нам калі чужыя?..
Як напятая струна, гучаў голас паэткі ў вершы „Годзе“, апублікаваным у канцы 1942 года. І гэты настрой моцна не спадабаўся нямецкім уладам. Аўтар была выклікана на допыт у палітычную паліцыю, і толькі ўдалая інтэрпрэтацыя верша перакладчыцай Юльянай Дубейкаўскай уратавала Арсеньневу ад рэпрэсіяў» (Тацьцяна Антонава. У гасьцях у Натальлі Арсеньневай / У землякоў за акіянам. 1991).
12. У Другую сусьветную вайну аддавала перавагу Менскаму тэатру, а не Бэрлінскай опэры
«Наведала я й Бэрлінскую опэру [у 1942 г.], але, дзіўная рэч, наш сьціплы Менскі тэатар, мо таму, што свой, падабаўся мне шмат больш, чым усё, што я бачыла ў Бэрліне. Тут, дарма што вайна, дэкарацыі былі сапраўдныя, галасы сьпевакоў добрыя, але ім не хапала чагосьці, каб закрануць мяне, — душы. У нас жа ў Менску, хоць і заслона і дэкарацыі былі зьнішчаныя, па-ваеннаму бедныя былі і дэкарацыі і касьцюмы, але кожная арыя, кожны дуэт даходзілі да сэрца» (Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999).
13. На эміграцыі не цуралася ніякай бруднай працы
«Хаця і ў Нямеччыне, і ў Амэрыцы жылося нялёгка, але я ніколі не кідалася ў роспач. Калі мы сюды прыехалі — ня так, як сёньняшнія эмігранты, якія адразу патрабуюць дапамогі, — мы нічога ад нікога не патрабавалі. Кожны з нас браўся за любую працу, якая яму траплялася, каб хутчэй стаць незалежным, каб нічога нікому ня быць вінаватым. Я трапіла на кансэрвавую фабрыку. Не скажу, каб праца была надта прыемная, салёная вадкасьць разьядала скуру на руках, але неяк пра гэта ня думалася. Потым перайшла я на фабрыку цукерак, ну там было ўжо крыху лягчэй. А найдаўжэй працавала я на трыкатажнай фабрыцы, дзе мы вязалі сьвітары» (Мікола Ваўранюк. «Я — самы звычайны чалавек, часьцінка майго народа...» // Ніва, 1994, 30 студзеня).
14. Перажывала, што яе муж, Францішак Кушаль, не знаходзіць агульнай мовы з унукамі
У лісьце да Яніны Каханоўскай (12.1.68) пісала: «Бацька [Кушаль] абыходзіцца зь дзецьмі зусім ня ўмее, нэрвуецца, крычыць, і падымаецца страшэнны скандал, а я мушу ўсё ўціхамірваць. Наагул, бяда із старымі людзьмі. /.../ я толькі прашу Бога, каб даў мне сілаў і цярплівасьці з усім справіцца. З Натай, праўда, клопату найменш, але Пецік вельмі раздураны, неслухмяны, а Бацька таксама, як трэйцяе дзіця, то можаце сабе ўявіць, колькі трэба сілаў і вытрыманасьці, каб усё гэта трымаць у руках. Ды й звычайнай фізычнай працы — не пераробіш: дом вялікі, дзеці, мыеш, шыеш, парадкуеш, проста дыхнуць няма калі! Але я бяру гэта ўсё без нараканьняў, бо, відаць, гэтак і трэба спакойна й цярпліва выконваць сваё прызначэньне. Аб нейкай творчай працы /.../ пакуль што й марыць няма як» (Выбраныя лісты Натальлі Арсеньневай да Яніны Каханоўскай / Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыум. 2012).
15. Жалілася, калі невылечна захварэў муж
«...гэта павольнае й паступовае адміраньне мазгавых клетак [прычына сьмерці Ф. Кушаля. — В. Дэ Эм.] /.../...розныя ненармальнасьці я заўважала ў Бацькі даўно. Ён гаварыў сам з сабой, калі летась быў хворы, дык і зусім рабіў уражаньне ненармальнага. Колькі я зь ім памучылася — летась у Нью-Ёрку, асабліва начамі, калі ён некуды ўцякаў у гарачцы, колькі ён навыкідаўся лякарстваў /.../, бо ўбіў сабе ў галаву, што яны яму шкодзяць! /.../ Ён пачаў /.../ крычаць, /.../ уцякаў цішком ад мяне, калі я казала, каб ён на двор не выходзіў, бо быў вялікі мароз, а ён быў прастуджаны! Наагул, перацярпела я вельмі шмат...» (Выбраныя лісты Натальлі Арсеньневай да Яніны Каханоўскай / Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыум. 2012).
16. Непакоілася за псыхічны стан свайго ўнука
У адным зь лістоў (4 красавіка 1977) адзначала: «Маё жыцьцё даволі цяжкое. Вядома — галоўная прычына — наш Пеця. Ён, як знайшоў псыхіятр — эмацыянальна адсталы і [звышузбуджаны]. /.../ Прыкладам, ён будзе гадзінамі ганяць па вуліцы зь дзецьмі на 5–6 год маладзейшы[мі] за сябе, а з аднагодкамі не даваць сабе рады. У клясе, дзе шмат вучняў, ня можа трымаць увагу, ня можа сядзець спакойна, наагул, ня можа вучыцца нармальна. Так што [адукацыйная рада] вырашы[ла] даць яму настаўнікаў, якія вучаць яго па-за клясай. /.../ Можа, удасца накіраваць яго па тэхнічнай лініі, бо ў яго вялікія здольнасьці да матораў і мэханізмаў». У лісьце за 2 кастрычніка 1985 чытаем: «У хаце ён быў немагчымы й шмат спрычыніў шкоды, нішчачы, што трапіла яму пад руку...» (Выбраныя лісты Натальлі Арсеньневай да Яніны Каханоўскай / Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыум. 2012).
17. Шкадавала, што беларусы-эмігранты ня маюць моцы вікінгаў, каб вызваліць сваю бацькаўшчыну ад камуністычнага панаваньня
Пра гэта пісала ў адным са сваіх вершаў 50-х гг.:
«...Каб сэрцы Вікінгаў і ў нас званамі білі,
мы б завярнулі ветразі тут, зараз, на усход.
Туды, дзе у крыві, у роспачы зацьвілай
і сьлёзы і душу ўжо выплакаў народ.
Ды мы ня Вікінгі...»
(верш «Каб сэрцы Вікінгаў мы мелі» / Між берагамі. 1979).
18. Была настолькі фізычна моцная, што акрыяла і стала на ногі пасьля таго, як на 94-м годзе жыцьця зламала бядро
«Прыйшла зіма й вясна 1997 году. Звоніць унучка Паэткі і кажа: «Благая вестка. Баба ўпала. Зламала бядро й руку. Цяпер яна ў шпіталі. /.../ Падумала я сабе: палом бядра дабра не варожыць. Вінцук [Жук-Грышкевіч] на чацьверты дзень пасьля такое прыгоды памёр. Сэрца ня вытрывала. /.../ Хутка пасьля апэрацыі звоніць ізноў унучка й кажа: „Добрая вестка. Баба ўжо магла стаць на свае ногі й зрабіла некалькі крокаў. За тыдзень, лекар казаў, пойдзе дамоў“. /.../ Вярнулася дамоў і памаленьку стала пры дапамозе апірышча хадзіць» (Раіса Жук-Грышкевіч. Мае ўспаміны пра Натальлю Арсеньневу-Кушаль // Крыніца 1997, № 37).
19. Вельмі нэрвавалася, калі затрымліваўся выхад кнігі выбранага «Між берагамі» (1979)
У лісьце да Яніны Каханоўскай (30 студзеня 1973) пісала: «...на мяне вельмі дрэнна падзейнічаў ліст ад др. Тумаша, які атрымала разам з павіншаваньнем перад самымі Калядамі (/.../ у дзень Куцьці), дзе ён піша, што Адамовіч яшчэ нічога не пачаў із маім зборнікам. Гэта быў для мяне вялікі ўдар, які атруціў мне ўсе сьвяты й пагоршыў мой стан. Ён жа абяцаў мне, што ўсё зробіць, што ніколі не адмаўляўся й г.д. А я ж яму яшчэ раз паверыла! Наагул, відаць, трэба памерці, каб зборнік выйшаў». У лісьце ад 24 траўня 1973 пісала: «Дабіла мяне й справа са зборнікам, сабатаж Адамовіча. Страшны ён чалавек у сваёй няшчырасьці й нянавісьці. Але можа, гэта жыцьцё зрабіла яго такім? Шчасьлівыя людзі благімі рэдка бываюць» (Выбраныя лісты Натальлі Арсеньневай да Яніны Каханоўскай / Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыум. 2012).
20. Да канца жыцьця марыла пісаць для тэатру, бо лічыла, што складаць вершы ня мае сэнсу
«Каб гэта залежала ад мяне, я б да канца жыцьця не хацела ніякае іншае [працы]. Тут, у тэатры, чуеш свае словы, сваю працу жывымі, зьлітымі з мэлёдыямі, так што яны й самі робяцца мэлёдыяй. А бяз гэтага каму яны, гэтыя словы, патрэбныя? Хто ўмее цаніць ці любіць вершы? Дробная жменька людзей мо й прачытае іх, мо й зразумее, і на гэтым усё. Прачытаныя, яны забываюцца, яны паміраюць. А колькі ёсьць людзей, што анічога не разумеюцца на паэзіі? Якія сваёй „мудрай“ крытыкай патрапяць давесьці нават цярплівага з натуры паэта да роспачы? Не, я сапраўды дзякую лёсу, што ён хоць коратка, а даў пачуць мне мае словы са сцэны, даў ім жыцьцё, кроў і цела. Хай жа сяньня спачываюць у супакоі!» (Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў з дня сьмерці і 20 нечаканых фактаў пра Натальлю Арсеньневу