19 верасьня ў «Арт-сядзібе» (Машэрава,18) стартуе праект «Беларускамоўныя». Яго ўдзельнікі штотыдзень будуць расказваць, як быць беларускамоўнымі.
Сёньня адбудзецца сустрэча зь лідэрам гурту Znich Алесем Таболічам і студэнткай гістарычнага факультэту БДУ Марынай Дубатоўкай.
Кіраўнік «Арт-сядзібы» Алесь Сьнег сказаў карэспандэнту Свабоды, што праект будзе доўгатэрміновым.
«Мы будзем запрашаць па двое гасьцей, у тым ліку зорак, якія размаўляюць па-беларуску. Яны раскажуць пра свой досьвед быць беларускамоўнымі. Калі і чаму чалавек перайшоў на родную мову? Ці шмат людзей павёў за сабой? Якія праблемы былі, каго натхнілі? Апроч таго, ёсьць шмат беларускамоўных сем’яў — у такім разе будзем запрашаць усю сям’ю. Можна паслухаць і задаць пытаньні», — сказаў Алесь Сьнег.
Паводле кіраўніка «Арт-сядзібы», праект «Беларускамоўныя» прымеркаваны да чарговага перапісу насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТБМ заклікала падчас перапісу называць роднай мовай беларускую«Мы стараемся натхніць, каб тыя, хто прыйдуць на сустрэчу, зрабілі наступны крок — пайшлі на курсы беларускай мовы. Праект павінен навучыць не баяцца і пачаць размаўляць па-беларуску. Каб людзі прыходзілі і бачылі, што гэта ня так складана, як можа здавацца», — сказаў Алесь Сьнег.