Урад Украіны ўзмацніў кантроль за пастаўкамі вайсковай прадукцыі, якія ажыцьцяўляюцца ў межах міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасьці.
Цяпер усе кантракты павінна ўзгадняць ня толькі Дзяржаўная служба экспартнага кантролю Ўкраіны, але і Міністэрства абароны, Служба бясьпекі, Служба зьнешняй выведкі ды Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны. Як тлумачаць ва ўрадзе, дадатковы кантроль «будзе спрыяць прадухіленьню рээкспарту такіх тавараў зь Беларусі ў трэція краіны».
Беларусь і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасьці ў 2001 годзе. Дакумэнт дзейнічае на працягу трох гадоў і аўтаматычна падаўжаецца на наступны пэрыяд. У выпадку ж, калі дзеяньне пагадненьня будзе спынена, ягоныя палажэньні працягваюць дзейнічаць у дачыненьні да кантрактаў, заключаных раней суб’ектамі гаспадараньня.
Беларускую прадукцыю рээкспартавалі ў Конга
Вядома, што праваахоўныя органы Ўкраіны вось ужо пяць гадоў расьсьледуюць справу аб незаконных пастаўках зброі ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў 2004-м. Тады ў дачыненьні да гэтай краіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі. Але, нягледзячы на забарону, украінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Укроборонсервіс» падпісала кантракт на пастаўку «вайсковай маёмасьці» кангалескаму Міністэрству нацыянальнай абароны, дэмабілізацыі і вэтэранаў вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лідэрах бяз дэмпінгу. Чаму ва Ўкраіне аддаюць перавагу беларускай аўтатэхніцыДля выкананьня кантракту «Укроборонсервіс» набываў прадукцыю на сямі ўкраінскіх абаронных прадпрыемствах і адным беларускім — «Белспэцзьнештэхніка».
Паводле праваахоўных органаў, гаворка аб продажы
- 6 тысяч 125-мілімэтровых набояў да танкаў Т-72,
- 3 тысяч 122-мілімэтровых набояў для гармат Д-30,
- 20 тысяч набояў УОФ7 і ОФЗ ЗП-23,
- 25 тысяч набояў ВОГ-17М да АГС-17,
- 8 тысяч мін ВОФ-843Б да мінамётаў,
- 500 рэактыўных снарадаў 9М28Ф да БМ-21,
- 100 гранатамётаў СПГ-9М,
- 100 кулямётаў ПКМ,
- 26 мінамётаў і 130 гранатамётаў АГС-17,
- 100 танкаў Т-55.
Якая прадукцыя з гэтага пераліку мела беларускае паходжаньне, не ўдакладняецца. Адначасова сьледчыя правяралі верагоднасьць экспарту ў Конга тых боепрыпасаў, якія падлягалі ўтылізацыі ў межах міжнародных абавязаньняў Украіны.
Не абышлося без скандалу
У ліпені 2005 году, праз год пасьля рэалізацыі кантракту з урадавай структурай Конга, брытанскае выданьне Sunday Times на падставе справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International абвінаваціла Ўкраіну ў гандлі зброяй у абыход рэзалюцый ААН. Паводле выданьня, гаворка ішла ўжо аб продажы вайсковай прадукцыі не Міністэрству абароны, а паўстанцам Конга. Тады ж у «чорны сьпіс» нелегальных пастаўшчыкоў трапілі Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Харватыя, Чэхія, Ізраіль, Расея, ПАР, Вялікая Брытанія і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пацьвердзілі дастаўку супрацьтанкавых комплексаў «Джэвэлін» ва ЎкраінуТагачасныя афіцыйныя ўлады Ўкраіны зьняпраўджвалі гэтую інфармацыю. Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін заявіў, што ва Ўкраіне «вельмі шмат змагароў за справядлівасьць, якія зацікаўленыя ў тым, каб відавочны і надуманы бруд вынесьці за межы Ўкраіны».
Цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які ў той час узначальваў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны, назваў гэтыя абвінавачаньні «неабгрунтаванымі і бяздоказнымі», спробай дыскрэдытаваць Украіну ў вачах сусьветнай грамадзкасьці. Украінскае МЗС таксама пацьвердзіла, што Ўкраіна «няўхільна прытрымліваецца сваіх міжнародных абавязаньняў у сфэры кантролю за гандлем зброяй».
Шэраг украінскіх экспэртаў выказвалі тады меркаваньні, што Ўкраіну такім чынам спрабуюць выціснуць зь міжнароднага рынку ўзбраеньняў.
Але праз 8 гадоў пасьля скандалу пастаўкамі зброі ў Конга ўсё ж зацікавіліся праваахоўныя органы. Крымінальная справа адкрыта паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб прысваеньні і растраце маёмасьці, а таксама за парушэньні парадку міжнароднай перадачы тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму экспартнаму кантролю.
На мінулым тыдні сьледчыя атрымалі ў судзе допуск да дакумэнтаў Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны, якая дае дазволы на права ажыцьцяўленьня экспарту тавараў вайсковага і падвойнага прызначэньня. Цяпер сьледзтва вывучыць яшчэ і адпаведныя дакумэнты, якія выдаваліся «Укроборонсервісу» ў 2014–2016 гадах.