Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі пачала падрыхтоўку да дзьвюх выбарчых кампаній — прэзыдэнцкай і парлямэнцкай. Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч. Ён сказаў, што дагэтуль ніхто ня ведае, якія выбары ў краіне адбудуцца спачатку, таму партыя вырашыла стартаваць адначасова.
«Хачу балятавацца ў прэзыдэнты»
Алег Гайдукевіч, які зьяўляецца сынам старшыні партыі Сяргея Гайдукевіча, сказаў, што хоча балятавацца ў прэзыдэнты.
«Я гатовы і буду прасіць партыю вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты менавіта мяне. У нас адбыўся апошні зьезд партыі, які рэкамэндаваў вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты Алега Гайдукевіча. Але канчатковае рашэньне будзе прынятае на наступным зьезьдзе, які мы плянуем правесьці ў чэрвені альбо ліпені 2019 году».
Пры гэтым Алег Гайдукевіч сказаў, што ёсьць адзін момант, які яго крыху бянтэжыць: ён не зьяўляецца старшынём партыі, а хацелася б, каб балятаваўся ў прэзыдэнты менавіта старшыня. Таму, як лічыць Алег Гайдукевіч, на зьезьдзе будзе абноўленае кіраўніцтва партыі.
Паводле Гайдукевіча, галоўнай тэзай яго прэзыдэнцкай кампаніі будзе незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі.
«Больш за 90% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне, таму ўсялякія размовы, што наша Беларусь кудысьці ўвойдзе, трэба заканчваць. Мы мусім захаваць сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, для нас гэта галоўнае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя Гайдукевічаў назвала сябе «адзінымі правацэнтрыстамі краіны». Правацэнтрысты зьдзівіліся«Сямігадовы тэрмін пры ўмове зьмяшанай сыстэмы»
Што тычыцца самой партыі, то Алег Гайдукевіч лічыць: ЛДПБ — сыстэмная патрыятычная, канструктыўная і апазыцыйная палітычная сіла. І ўдакладніў сытуацыю з ініцыятывай павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін да 7 гадоў замест 5, а парлямэнцкі — да 5 замест 4.
«Такая ініцыятыва была, мы яе па-ранейшаму падтрымліваем. Але чамусьці шмат хто, гаворачы пра гэта, забываецца яшчэ адну вельмі важную дэталь: мы гатовыя ініцыяваць і працягваць сваю прапанову толькі ў тым выпадку, калі наступныя парлямэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць па зьмяшанай сыстэме. То бок палова дэпутатаў будзе выбірацца па аднамандатных акругах, а палова па партыйных сьпісах. Калі партыйных сьпісаў ня будзе, тады мы і ня будзем згадваць пра тую ініцыятыву».
«Безумоўна, важна, хто будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, — сказаў Алег Гайдукевіч. — У 2015 годзе ніхто з апазыцыі не сабраў 100 тысяч подпісаў. А цяпер будзе яшчэ горш з подпісамі, спадзявацца, як гэта было раней — што ўлады заплюшчаць вочы на сапраўднасьць подпісаў — ня вельмі правільна. На мой погляд, найлепшым кандыдатам ад апазыцыі была б Ганна Канапацкая. Яна ж стала дэпутатам! Дык вылучайце яе кандыдатам у прэзыдэнты. А то Правацэнтрысцкая кааліцыя шукае кандыдата — навошта яго шукаць, калі ён ужо ёсьць?»
Таксама Алег Гайдукевіч лічыць, што альтэрнатывай Канапацкай магла б стаць Алена Анісім. «Я ня ведаю, ці хоча яна балятавацца ў прэзыдэнты, але разглядаць гэтую фігуру таксама неабходна», — адзначыў ён.