Замест турмы звольнены міністар прамысловасьці аказаўся ў прэзыдэнцкіх памочніках 

Аляксандар Лукашэнка ў Воршы

Аляксандр Лукашэнка прызначыў сваім памочнікам-інспэктарам па Віцебскай вобласьці Віталя Воўка — нядаўна ён быў звольнены з пасады міністра прамысловасьці. Пра гэта паведамляе БелТА .

Аляксандар Лукашэнка пры прызначэньні Віталя Ваўка памочнікам прэзыдэнта-інспэктарам па Віцебскай вобласьці патлумачыў прычыны такога кадравага рашэньня, бо, маўляў, «размоваў будзе куча» — «нямала ў народзе людзей, якія рукі паціраюць: чыноўніку галаву адсячы б, павесіць каго-небудзь…»

«Усе будуць задавацца пытаньнем, чаму Воўк, — мне проста шкада Ваўка як кіраўніка прадпрыемства. Добры ж быў у цябе завод (зь верасьня 2011 па сьнежань 2014 году Віталь Воўк узначальваў Менскі завод колавых цягачоў. — рэд.). Люба дорага паглядзець. Ніякіх пытаньняў не было. Я ж бываў тады там. Пісьменны чалавек. Але трэба з цябе выціснуць для Беларусі па максымуму. Для мяне гэта найважнейшае пытаньне», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле яго, наконт гэтага прызначэньня будзе шмат размоваў, магчыма, некаторыя будуць першапачаткова глядзець на Віталя Ваўка з той пазыцыі, што гэта экс-міністар, «зранены чалавек: галаву апусьціць і будзе хадзіць па Віцебскай вобласьці».

«Каб гэтага не было, — папярэдзіў Лукашэнка. — Зь сёньняшняга дня пасьля прызначэньня ты павінен праводзіць там лінію прэзыдэнта жалезабэтонна і выконваць свае функцыянальныя абавязкі, нягледзячы ні на каго», — сказаў Лукашэнка і асабліва падкрэсьліў, што пасада памочніка прыраўнаваная да міністра, а паўнамоцтвы інспэктара — яшчэ вышэй, бо тычацца кадравых пытаньняў. Ён даручыў Ваўку ўзяць на кантроль выкананьне ўсіх даручэньняў, якія датычацца Віцебскай вобласьці і дадаў, што Аршанскі раён застаецца ягонай «зонай адказнасьці».

Лукашэнка адзначыў, што «касякі і недахопы», дапушчаныя Віталём Ваўком на пасадзе міністра, у нейкай ступені не залежалі ад кіраўніка галіны. «Думаю, табе гэта быў урок. І на гэтай пасадзе (можа, гэта не апошняя твая пасада), думаю, што ты карысьць для краіны прынясеш», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альбо турма, альбо на завод — Лукашэнка прыгразіў міністру прамысловасьці

13 жніўня на нарадзе аб ходзе выкананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў працу органаў улады і кіраўніцтва Аршанскага інструмэнтальнага заводу, адправіў у адстаўку двух міністраў, а таксама запатрабаваў унесьці прапановы па замене «ўсяго кіраўніцтва ўраду».

«Ваўка, Чорнага неадкладна накіраваць у адстаўку», — загадаў Лукашэнка на нарадзе ў Воршы. Да таго ён пагражаў Ваўку турмой або накіраваньнем на завод.

Па выніках прэзыдэнцкай нарады Анатоль Чорны і Віталь Воўк былі зьнятыя з пасадаў міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасьці адпаведна. Строгая вымова абвешчаная старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалаю Шарсьнёву.

Дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алег Дзьвігалёў папярэджаныя аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.

Акрамя таго, указам афіцыйна звольнены старшыня Аршанскага райвыканкаму Аляксандар Пазьняк. На гэтую пасаду прызначаны Ігар Ісачэнка.