Беларуская фэдэрацыя футбола (АБФФ) выступіла са зваротам да актыўных заўзятараў «па сьлядах інцыдэнтаў падчас верасьнёўскіх матчаў Лігі нацый УЭФА».
У звароце выказваецца падзяка за падтрымку нацыянальнай каманды на матчах Лігі нацый супраць камандаў Сан-Марына і Малдовы, аднак «з жалем канстатуецца», што праз «супрацьпраўныя дзеяньні» заўзятараў, якія дэлегат УЭФА зафіксаваў падчас матчу 8 верасьня на стадыёне «Дынама» і ў ходзе выязной гульні ў Кішынёве 11 верасьня, «зь вялікай доляй верагоднасьці па выніках пасяджэньня дысцыплінарных органаў УЭФА на АБФФ будуць накладзеныя санкцыі».
Паколькі 2 і 15 кастрычніка на стадыёне «Дынама» зборная Беларусі мае правесьці матчы супраць Люксэмбургу і Малдовы, Беларуская фэдэрацыя футболу заклікае заўзятараў адмовіцца ад выкарыстаньня піратэхнікі і «воклічаў палітычнага кшталту» на футбольных матчах любога рангу ўнутры краіны, а таксама за яе межамі, бо «з улікам інцыдэнтаў паўторныя запісы ў справаздачах дэлегатаў могуць прывесьці да больш жорсткіх санкцыяў з боку УЭФА».
Таксама ў заяве нагадваецца пра «недапушчальнасьць распальваньня нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, прапаганды выключнасьці, перавагі альбо непаўнавартаснасьці грамадзянаў па прыкмеце іх нацыянальнай прыналежнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на футболе адбыліся затрыманьні за бел-чырвона-белы сьцяг. ФОТАНа стартавы матч новага эўрапейскага каманднага турніру Лігі нацый паміж зборнымі Беларусі і Сан-Марына 8 верасьня некаторыя заўзятары прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і падчас матчу некаторы час скандавалі «Хто ня скача, той маскаль!», а бліжэй да канца матчу запалілі піратэхніку. Пасьля таго, як байцы АМАПу затрымалі і вывелі з трыбунаў менскага стадыёну некалькі чалавек, фанацкая трыбуна выканала песьню Сяргея Міхалка «Воіны сьвета».
У Беларусі чатыры Youtube-відэазапісы з Дня Волі ў 2015 годзе са скокамі пад крыкі «Хто ня скача, той маскаль» унесеныя ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра ўключэньне іншых матэрыялаў (у тым ліку відэа з таго дня) з гэтай фармулёўкай у сьпіс «экстрэмісцкіх» не паведамлялася.