Блогер Сяргей Пятрухін расказаў на Facebook, што «ўпрыгожыў» дзьверы сваёй кватэры, якія 30 жніўня выбілі супрацоўнікі АМАП. «Штурм» кватэры Пятрухіна адбываўся ў межах справы аб паклёпе і абразе ўчастковага міліцыянта.
«Так. На памяць, — тлумачыць Сяргей Пятрухін «росьпіс» дзьвярэй. — Усё законна, вы не хвалюйцеся».
На дзьвярах ён разьмясьціў фота міліцыянтаў з подпісамі «Мои ребята работают чётко, поэтому я уже генерал», «Мы защитим вас от блогеров» і «Наши парни выполняют любой наш приказ». Таксама напісаў: «30 августа мы взломали эту дверь и поставили блогера на колени», «Здесь были мы!», «ОМОН – СИЛА!».
У выніку чарговага ператрусу 30 жніўня міліцыя сканфіскавала ў Пятрухіна кампутары, накіравала яго на псыхіятрычную экспэртызу. Ён зьбіраўся пайсьці на экспэртызу з адвакатам, але 3 верасьня яго затрымалі па дарозе да абаронцы.
Экспэртыза, расказаў ён Deutche Welle, прайшла «без эксцэсаў» — лекары пацікавіліся ягоным асабістым жыцьцём і крыўдамі, ён расказаў пра свае расьсьледаваньні, «непажаданыя для ўладаў».
Раней на Пятрухіна былі заведзеныя крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 188 КК (паклёп) і паводле ч. 2 арт. 189 КК (абраза) за выказваньні блогера ў ягоных трансьляцыях пра міліцыянта Сяргея Ігнацюка. У канцы ліпеня на затрыманьне Пятрухіна накіроўвалі супрацоўнікаў АМАП, узброеных аўтаматамі.
Пятрухін займаецца тэмамі карупцыі і праблемамі, зьвязанымі з будаўніцтвам акумулятарнага заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Засуджаны блогер Сяргей Пятрухін: «Я ў апазыцыі да зладзеяў і карупцыянэраў»