«У прыбіральню дагэтуль з кроўю хаджу». Абвінавачаныя ў справе Коржыча расказалі пра допыты ў КДБ

Падсудныя сяржанты падчас суду ў справе аб гібелі салдата Коржыча. Менск, 8 жніўня 2018 году

Падчас дачы паказаньняў у судзе былыя сяржанты адмовіліся ад явак з павіннай і заявілі пра фізычны і маральны ціск з боку супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч пачалі даваць паказаньні празь месяц пасьля пачатку працэсу. Перад імі суд апытаў пацярпелых і сьведак, таксама амаль цалкам былі агучаныя матэрыялы справы.

З допыту абвінавачаных у сьмерці Коржыча сяржантаў стала вядома, што Яўгена Бараноўскага і Ягора Скуратовіча супрацоўнікі Сьледчага камітэту (СК) затрымалі на гаўптвахце. Абодва сяржанты былі прамымі начальнікамі Коржыча, рашэньне аб іх зьмяшчэньні за краты прымала кіраўніцтва часткі. Антон Вяжэвіч быў затрыманы ў ноч з 17 на 18 кастрычніка супрацоўнікамі КДБ. Усе трое нейкі час (больш за тыдзень) утрымліваліся ў СІЗА КДБ. Пасьля таго, як справу перадалі СК, Бараноўскага, Вяжэвіча і Скуратовіча перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, дзе яны знаходзяцца дагэтуль.

«Можна, я ня буду расказваць?»

Першым аб ціску з боку супрацоўнікаў КДБ на працэсе расказаў непасрэдны начальнік абвінавачаных, былы камандзір роты Коржыча старшы лейтэнант Павал Сукавенка. Яго затрымалі ў кастрычніку 2017 году, празь некалькі тыдняў пасьля сьмерці салдата. Некалькі месяцаў Сукавенка быў адзіным афіцэрам, затрыманым у справе Коржыча. Ужо за кратамі Сукавенка напісаў заяву аб звальненьні з войска. Яна была задаволеная, жонку Сукавенкі выселілі з вайсковага інтэрнату ў Барысаве.

На працэсе Коржыча Павал Сукавенка быў апытаны ў якасьці сьведкі. Яго даставілі ў залю ў кайданках пад канвоем, паказаньні былы афіцэр даваў з клеткі.

«Я ня згодны са сваімі паказаньнямі, дадзенымі супрацоўнікам КДБ, — паведаміў на судзе Сукавенка. — Яны не адпавядаюць рэчаіснасьці».

На пытаньне судзьдзі аб тым, ці рабілі супрацоўнікі спэцслужбаў фізычны ціск на лейтэнанта падчас допытаў, Сукавенка адказаў коратка: «Можна, я ня буду расказваць?».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы афіцэр Коржыча заявіў пра ціск з боку КДБ

«Усе яўкі з павіннай пісаў пад дыктоўку»

Суд па справе Аляксандра Коржыча. Салдаты з часткі Коржыча прыйшлі на працэс. 8 жніўня 2018 году

​Першым з абвінавачаных на судзе загаварыў сяржант Яўген Бараноўскі. Яго допыт працягваўся каля трох гадзін, яшчэ столькі ж часу заняло абвяшчэньне матэрыялаў допытаў Бараноўскага, зробленых падчас папярэдняга сьледзтва супрацоўнікамі КДБ і СК. Пракурор вырашыў зачытаць пратаколы допытаў і яўкі з павіннай, таму што яны зьмяшчалі «істотныя рознагалосьсі» з тым, што Бараноўскі гаварыў у залі суду. У прыватнасьці, з матэрыялаў ранейшых допытаў вынікала, што Бараноўскі дзяліў атрыманыя ад салдат грошы з другім абвінавачаным сяржантам — Скуратовічам. Падчас допыту ў залі суду абвінавачаны Бараноўскі расказаў, што ў КДБ даваў паказаньні пад фізычным ціскам, яго білі і прымушалі апісваць падзеі службы пад дыктоўку.

«На самой справе я Скуратовічу не перадаваў грошай, — патлумачыў разыходжаньне ў паказаньнях Бараноўскі. — Падчас сьледзтва на мяне ціснулі. Гэта рабілі супрацоўнікі КДБ. Я дагэтуль у прыбіральню хаджу з кроўю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінавачаны па справе Коржыча сяржант расказаў пра зьбіцьцё супрацоўнікамі КДБ

Больш падрабязна пра сваё знаходжаньне ў «амэрыканцы» Бараноўскі расказаў празь дзень, адказваючы на пытаньні судзьдзі. Па словах сяржанта, за ўвесь час знаходжаньня ў СІЗА КДБ ён ні разу не сустракаўся са сваім адвакатам. Упершыню ўбачыў яго толькі пасьля пераводу ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

Яўген Бараноўскі

«Я абураўся, але яны адразу затыкалі мне рот, — расказаў Бараноўскі. — Сказалі пісаць яўку з павіннай так, як яны дыктуюць. Ніхто нічога не тлумачыў. Усе яўкі з павіннай я напісаў пад дыктоўку. Супрацоўнікі КДБ паведамлялі мне факты ў дачыненьні да афіцэраў. Я гаварыў ім, што нічога такога ня ведаю, мне адказвалі: „Ідзі падумай“. Адпраўлялі зноў у камэру. Я пайшоў і напісаў усё, што яны хацелі. Згадкі пра насвай запісваў са словаў супрацоўнікаў КДБ (у матэрыялах справы ёсьць паказаньні Бараноўскага, згодна зь якімі афіцэры роты ўжывалі на тэрыторыі часткі наркатычнае рэчыва насвай. — РС)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсё аддавалі камандаваньню», — абвінавачаны ў справе аб сьмерці Коржыча

У залі суду Бараноўскі таксама адмовіўся ад сваіх паказаньняў, згодна зь якімі дзеяньні Вяжэвіча маглі стаць прычынай самагубства Аляксандра Коржыча. Сяржант расказаў, што падчас допытаў яго білі супрацоўнікі КДБ, прозьвішчаў якіх ён ня ведае. Допыты праводзіліся «вельмі часта», адначасова іх праводзілі 3-4 чалавекі, якія мяняліся.

«Выклікалі вельмі часта, маглі забраць на допыт позна ўвечары, — расказваў Бараноўскі. — Гаварылі даваць менавіта такія паказаньні, якія ім былі патрэбны. Дапытвалі пад прымусам, пагражалі. Казалі, што калі я не напішу тое, што ім трэба, то „Ты сам ведаеш, што будзе“. Свае паказаньні я пачаў мяняць у СІЗА № 1 на Валадарскага. Яны адпавядаюць рэчаіснасьці».

«Лысы, у гарнітуры, ружовая кашуля»

Малодшага сяржанта Ягора Скуратовіча дапытвалі пасьля Яўгена Бараноўскага. Яго паказаньні, дадзеныя ў «амэрыканцы», таксама моцна адрозьніваліся ад сказанага ў залі суду. Скуратовіч прызнаўся, што фізычна супрацоўнікі КДБ на яго ня ціснулі, прымушалі даваць паказаньні іншымі спосабамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд па справе Коржыча: яшчэ адзін абвінавачаны сяржант заявіў, што «ўсё ішло камандзірам»

«Фізычнага ціску на мяне не аказвалі, — расказаў Скуратовіч. — Але маглі раніцай пасадзіць у кабінэце, даць ручку і паперу. Сказаць, каб усё ўспомніў і запісаў, і пайсьці. Трымаць так мяне да абеду, потым да вечара. Бязь ежы і вады. Пасьля маглі падказаць, як мне лепш напісаць у сваіх паказаньнях. Там не мае словы. Допытаў было шмат. Тых, хто дапытваў, таксама. Прозьвішчаў я не ведаю, запомніў толькі аднаго — 1 мэтар90 ростам, лысы, вялікі нос, быў у гарнітуры, ружовай кашулі».

Як і Бараноўскі, Скуратовіч заявіў, што даваў праўдзівыя паказаньні пасьля пераводу ў СІЗА № 1 на Валадарскага і ў залі суду.

«Не хачу, каб мае паказаньні чулі журналісты»

Антон Вяжэвіч

​Паказаньні, дадзеныя Антонам Вяжэвічам падчас сьледзтва ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 на Валадарскага, пачалі агучваць 17 верасьня. На самым пачатку Вяжэвіч выступіў з хадайніцтвам аб правядзеньні гэтага паседжаньня ў закрытым рэжыме, без удзелу журналістаў.

«У матэрыялах допытаў ёсьць зьвесткі, дадзеныя мной падчас допытаў у СІЗА КДБ, я не хачу, каб у залі прысутнічалі журналісты, — заявіў судзьдзі Вяжэвіч. — Я баюся якіх-небудзь дзеяньняў КДБ да мяне альбо да маіх родных. Падчас дачы мной паказаньняў у КДБ прымянялася фізычнае ўзьдзеяньне з боку супрацоўнікаў КДБ. Ужо былі такія факты незаконнага ўзьдзеяньня. На допытах прымянялася фізычнае ўзьдзеяньне, а таксама псыхалягічны і маральны ціск. Я не хачу, каб СМІ сказілі мае паказаньні, перадалі іх недакладна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З суду ў справе Коржыча зноў выдалілі журналістаў

Хадайніцтва Вяжэвіча падтрымаў яго адвакат. Супраць выступілі пракурор і Сьвятлана Коржыч. Судзьдзя прыняў рашэньне ўзяць 10-хвілінны перапынак, пасьля чаго задаволіў хадайніцтва Вяжэвіча. Адкрытыя паседжаньні адновяцца пасьля таго, як на працэсе агучаць паказаньні Вяжэвіча.

Атрымаць камэнтар КДБ наконт паказаньняў абвінавачаных у справе Аляксандра Коржыча не ўдалося.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей