Парашэнка ўвёў у дзеяньне рашэньне спыніць дамову аб дружбе паміж Украінай і Расеяй

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ «Аб рашэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ад 6 верасьня 2018 году Аб Дамове аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй».

Як паведамляецца ў панядзелак на сайце прэзыдэнта Ўкраіны, згаданае рашэньне РНБА, якое было ўведзенае ў дзеяньне ўказам П. Парашэнкі, падтрымала прапановы Міністэрства замежных справаў Украіны адносна спыненьня Украінай дзеяньня Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй, падпісанай 31 траўня 1997 году.

МЗС Украіны павінна заявіць Расеі аб жаданьні краіны спыніць дзеяньне дамовы пра дружбу з РФ у адпаведнасьці з артыкулам 40 гэтай дамовы і ўнесьці ва ўстаноўленым парадку на разгляд украінскаму прэзыдэнту праект закону аб спыненьні дзеяньня Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж дзьвюма краінамі.