Калі павінна скончыцца эпапея з адключэньнем гарачай вады ў міжацяпляльны пэрыяд, агенцтву «Минск-Новости» распавёў дырэктар УП «Мінсккамунцепласетка» Ўладзімер Аляксандраў.
Паводле Аляксандрава, пасьля поўнай замены старых цепласетак на сучасныя папярэдне ізаляваныя (ПІ) трубаправоды камунальнікі змогуць наогул адмовіцца ад летніх адключэньняў гарачай вады, акрамя хіба што асобных участкаў на дзень-два. ПІ-трубы могуць праслужыць 30 і больш гадоў і ня маюць патрэбы ў выпрабаваньнях: іхны стан у рэжыме рэальнага часу адсочваецца на маніторы кампутара.
На цяперашні момант праклалі ўжо 40% такіх трубаправодаў ад агульнай колькасьці.
У Менску адмовіцца ад адключэньня гарачай вады ўлетку мяркуюць празь 7-10 гадоў, пасьля поўнай замены трубаправодаў на сучасныя.
На думку дырэктара «Менсккамунцепласеткі», паколькі ў Беларусі будуецца АЭС, варта разгледзець і варыянт з ужываньнем электранагрэву для атрыманьня гарачай вады нават на пэрыяд рамонту кацельняў і ЦТП.
«Чаму ў Нямеччыне амаль няма адключэньняў? Працуюць газавыя і электракатлы. Мы ўжо рэалізуем праект на кацельні на вуліцы Прылуцкай па ўкараненьні гібрыднай схемы нагрэву вады: для выпрацоўкі цяпла цягам сутак будуць выкарыстоўваць і газ, і электраэнэргію. Мяркую, аднойчы такія схемы будуць прымяняць больш шырока», — сказаў Уладзімер Аляксандраў.