Барацьба за Курапаты працягваецца, заявіў БелаПАН сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, які 15 верасьня выйшаў на волю пасьля 10-дзённага арышту.
6 верасьня Севярынец быў прызнаны вінаватым у «паўторным парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Суд палічыў правапарушэньнем той факт, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у не дазволенай уладамі акцыі 9 верасьня ў Курапатах.
Пасьля вызваленьня Севярынец ужо пасьпеў наведаць Курапаты.
«У панядзелак у нас пройдзе нарада, што рабіць далей у абароне Курапатаў, у сераду буду ўдзельнічаць у вахце, якую праводзіць БХД каля рэстарану „Поедем поедим“. Так што барацьба за Курапаты працягваецца», — сказаў ён.