14 верасьня 60-гадовы юбілей адзначае Іван Кірчук — музыка, фальклярыст, пэдагог. Само сабой, стваральнік і нязьменны лідэр этна-гурту «Троіца», дзе ягонымі калегамі два Юры — Дзьмітрыеў і Паўлоўскі.
У адказ на віншаваньні Свабоды Іван Іванавіч прызнаецца, што да круглай даты падышоў з цэлым комам праблемаў: ад так і ня выдадзенага альбома, які ўжо год чакае запісу, да чарговым разам страчанай рэпэтыцыйнай пляцоўкі.
Дацэнта не даюць, студыя падводзіць з тэрмінамі
Амаль два дзесяцігодзьдзі Іван Кірчук аддаў Дзяржаўнаму пэдагагічнаму ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, пад дахам якога сабраў калекцыю рарытэтных экспанатаў. Там на пасадзе дацэнта катэдры этналёгіі і фальклярыстыкі выкладаў шэраг прадметаў: беларускія музычныя інструмэнты, этнамузыказнаўства, народны тэатар (батлейка), апрацоўка народнага твору, пастаноўка голасу, практыкум па фальклёры са сцэнарамі сьвятаў; на практычным досьведзе кожныя 4 гады рыхтаваў новыя праграмы для студэнтаў. Але замест падвышэньня па службе ўрэшце атрымаў 0,25 стаўкі.
Працаўладкавацца дапамаглі неабыякавыя людзі ў Інстытуце культуры Беларусі. У адным з пакояў навучальнай установы арганізаваў унікальную этнічную лябараторыю: стэляжы з рэдкімі музычнымі інструмэнтамі адлюстроўваюць эвалюцыю музычнага разьвіцьця народаў сьвету — ад Беларусі да аддаленых куткоў Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі. У вольны ад працы час запісвае музыку, экспэрымэнтуе з сольнымі праектамі.
— Іван Іванавіч, так разумею, ваш статус за апошнія гады ня моцна зьмяніўся: выкладаеце і творыце, так?
— Так, цяпер гэта структура Ўнівэрсытэту культуры, усярэдзіне якой знаходзіцца Інстытут падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у нашай сфэры. Працую на катэдры культуралёгіі, старшы выкладчык. Большага пакуль не даюць — ні дацэнта, ні прафэсара. Яшчэ не заслужыў, значыць. Ці, можа, чакаюць наступнага юбілею (сьмяецца).
— З працай збольшага зразумела. Што з творчым працэсам? За прамінулы год «Троіца» так і не парадавала абяцаным альбомам...
— На жаль, вялікія складанасьці са студыяй, самі вельмі з гэтай прычыны перажываем. Яшчэ год таму былі запісаныя ўсе трэкі, тады і павінен быў выйсьці альбом. Але ўсё зацягнулася, як калісьці з дыскам «Жар-жар». Праўда, той завіс ажно на тры гады, спадзяюся, гэтым разам будзе меней. То з самой студыяй нешта было не ў парадку, то гукарэжысэр на гастролях, працуе зь «Лепрыконсамі». Таму пакуль чакаем. Калі ня будзем пасьпяваць, выкінем прынамсі ў інтэрнэт, хоць такі варыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Троіца» запісала кліп да стагодзьдзя БНРПляцоўкі няма, на інструмэнты квапяцца канкурэнты
— Чым скончылася эпапэя з рэпэтыцыйнай пляцоўкай? Пасьля некалькіх гадоў абабіваньня парогаў «Троіцу» прытуліў клюб вёскі Шчомысьліца за кальцавой дарогай. Там дагэтуль?
— Няма ўжо і таго пункту, ад пачатку году. Зноў шукаем. Калі нехта прапануе варыянты — будзем удзячныя. Запрасіў Сяргей Міхалок (лідэр гуртоў Brutto і «Ляпіс-98». — РС), але гэта пункт, дзе памяшканьне арандуецца на гадзіну-дзьве. У выніку нехта ўжо і на барабанах Паўлоўскага ляпаў, і на дарагой гітары Дзьмітрыева за 3 тысячы эўра практыкаваўся. Мае гусьлі не бяруць, бо ня ведаюць, як граць. Таму рэпэтыцыі ладзім, але ўсе інструмэнты цяпер у мяне на працы. Прынамсі я тут сам сабе гаспадар. На жаль, пытаньне так і ня можа вырашыцца, ужо ня ведаем, куды і зьвяртацца.
Нам патрэбна, каб было як у Шчомысьліцы — інструмэнты павінны стаяць стацыянарна. У прыватнасьці, вельмі складана раскласьці пэркусію Паўлоўскага. Цяпер мы яе кожны раз зьбіраем, Юра ўжо злы ходзіць: толькі склаў — зноў зьбіраць; частку вязе ў Чыжоўку. Таму праблема застаецца — рэпэтыцыйны пункт.
— І колькі слоў пра вашу этналябараторыю. Ёсьць наведнікі? Як рэагуюць на музычную калекцыю?
— Так, лябараторыя дзейнічае, наведнікаў, слухачоў шмат, водгукі вельмі добрыя. Практычна кожную групу, якая бывае на лекцыях, я туды прыводжу, расказваю, граю на музычных інструмэнтах. Большая частка шчыра зьдзіўленая, бо нічога падобнага ня бачыла і ня чула. У адзін з апошніх прыходаў нехта нават пакінуў такі запіс: «Проста сарвала дах, трэба перагледзець адносіны да продкаў»...
Юбілей без кампаній, акцэнт на сямейныя каштоўнасьці
— Яшчэ пазалетась «Троіца» «замкнула» кругасьветку: з Партугаліі праз Малайзію — да другога паўшарʼя, у Чылі. Больш за 100 фэстываляў вакол глёбуса — для беларускага гурту зьява беспрэцэдэнтная.
— Сёлета працягвалі вандраваць — можа, ня так актыўна, але наведалі буйныя імпрэзы. Зноў жа ў Партугаліі, а таксама ў Нямеччыне і Польшчы. Усе тры надзвычай моцна падрыхтаваныя, шмат удзельнікаў. Проста сьвята для душы. Вядома, нельга і пра нашы фэсты забывацца — «Камяніца» выдатна прайшла, пад Белай Царквой на «Справе» ў Чашніцкім раёне гралі. 27 верасьня будзе канцэрт у філярмоніі, а перад гэтым у мяне яшчэ заплянаваны монаспэктакль «Дарожка мая...» на тэатральным фэстывалі «Тэарт». Так што ў каго будзе магчымасьць — прыходзьце...
— Іван Іванавіч, нягледзячы на вобраз «дзеда», вы малады бацька. Хто ня ведае, раскрыю сакрэт: жонка Кацярына — ваша былая вучаніца, асьпірантка, стваральніца батлеек. Ці далучаеце ўжо дзетак да творчасьці?
— Стэфану 4 гады, Агнешцы толькі 2, зусім маленькая. Але ўжо цягаем па розных сэкцыях, бо хочам, каб навучыліся нечаму іншаму. Аддаваць у музыку пакуль рана, дык хай пазаймаюцца спортам, дзіцячым дызайнам. Зразумела, бяз музыкі ў нашай сям’і ніяк. Бачаць і чуюць розныя інструмэнты, з задавальненьнем цягаюць па хаце, калі ўхопяць. А ўжо як трапляюць у лябараторыю, то не адарваць. Тут жа ўсё даступна, можна памацаць — ня ў шафах ці ў валізках. Жонка прывозіла дзяцей на «Камяніцу», праўда, блізка да сцэны не падыходзілі, занадта гучна. Хоць Стэфан потым сказаў, што «каза» вельмі спадабалася — маецца на ўвазе наша песьня «Ды казала козка: воўка не баюся».
— Ну і нарэшце, як плянуеце адзначаць юбілей — шырэй за сямейнае кола?
— Усё досыць сьціпла. Спачатку служба ў Чырвоным касьцёле, сястра замовіла, а потым зь сям’ёй. Ведаеце, надыходзіць час, калі ўжо няма патрэбы ў надта вялікіх кампаніях. Хочацца пабыць з жонкай, зь дзеткамі. Бацькоў маіх, бабулі, на жаль, ужо няма. А ўспаміны менавіта такія, што калі зьбіралася сям’я, гэта і было самае сапраўднае і шчырае сьвята. Таму хачу, каб і мае дзеткі гэтыя моманты таксама зафіксавалі ў памяці. А ўвагі і без таго хапае: хлопцы з «Троіцы» падчас рэпэтыцыі віншавалі, і на працы таксама не забыліся. І вам дзякуй... Усё ж прыходзіш да таго, што кола паступова сьціскаецца, хочацца найперш бачыць самых блізкіх людзей. Вось так...
Іван Кірчук нарадзіўся 14 верасьня 1958 году ў Лідзе. У родным горадзе скончыў музычную вучэльню, а пасьля Менскі інстытут культуры і асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі.
Ад 1984 да 1995 гадоў кіраваў фальклёрнымі калектывамі «Прадвесьне», «Бліскавіцы», «Дабрадзеі», «Агняцьвет», «Дзіва». У 1995-м арганізаваў гурт «Троіца», зь якім станавіўся ўладальнікам шматлікіх узнагародаў па ўсім сьвеце, запісаў дзясятак альбомаў.
Аўтар дакумэнтальна-біяграфічных кніг «Аўтабаны і мэнэстрэлі» і «Гарыць сьвяча ля алтара...», а таксама монаспэктакля пад назвай «Дарожка мая...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне няма дыктату, бо я не расьпісваю партытуру, як Фінбэрг», — Іван Кірчук пра ролю асобы ў музычнай гісторыі