«Дзяўчаты часта не ўяўляюць, што іх можа чакаць наперадзе. Толькі калі трапляюць на чужыну, разумеюць, наколькі складана жыць у рэлігійным асяродзьдзі. Таму варта ўзважваць загадзя: за каго выходзіш і куды едзеш». Мянчанка — пра адметнасьці жыцьця на Блізкім Усходзе.
«Муж сказаў: займайся дзецьмі, каб ані ў чым ня мелі патрэбы»
Вольга Хабр (у дзявоцтве Грыдзіна) апошнія 15 гадоў жыве ў Лібане. З будучым мужам Алексам пазнаёміліся ў Італіі: яна студэнтка, ён ужо тады пасьпяховы прадпрымальнік, займаўся вытворчасьцю прадукцыі з каменнай крошкі — стальніцы, ракавіны, падлогі для жылых дамоў, гатэляў, офісаў. Сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Сёньня беларуска-лібанская пара гадуе дзьвюх дачок: Сафіі 13 гадоў, Сашы — 10.
«Калі выйшла замуж, інстытут паступова закінула, — расказвае Вольга. — Шчыра скажу: адпала жаданьне „імітаваць працэс“. Я вучылася на юрыста, а ў арабскім сьвеце, як пераканалася, зусім іншыя правілы. Дый юрыспрудэнцыя, мякка кажучы, крыху адрозная ад нашай. Паколькі ведала, што выходжу замуж раз і назаўсёды, падумала: ну які сэнс той „корачкі“? У Лібане з такім дыплёмам працаўладкавацца папросту нерэальна».
Я вучылася на юрыста, а ў арабскім сьвеце зусім іншыя правілы
Інтэрнацыянальная сям’я жыве ў гарах недалёка ад курортнага гораду Джуні. Мтайлеб — невялікае хрысьціянскае паселішча, трапіць у якое можна праз шлягбаўм з ваенізаванай аховай. Тут месьціцца квартал з рэзыдэнцыямі замежных дыпляматаў, да абраньня прэзыдэнтам жыў Мішэль Наім Аун. Вялікія апартамэнты, дзьве машыны, прыслуга — усё як у лепшых дамах Парыжу. На вытанчаны стыль арыентуюцца тут многія. І ня дзіва: два дзясяткі гадоў, да сярэдзіны 1940-х, краіна была пад францускім пратэктаратам.
«Я не працую. Муж сказаў: займайся дзецьмі, сачы, каб яны ані ў чым ня мелі патрэбы. Ну, я доўга і не супраціўлялася, — сьмяецца беларуска. — Некуды ісьці — значыць, усё кінуць. Каб была патрэба — гэта адно. Дзякуй богу, такой неабходнасьці няма, Алекс усім забясьпечвае. Дый, шчыра кажучы, што я там напрацую? Без адукацыі, без дасканалага веданьня мовы. Таму вучу зь дзяўчатамі заданьні, ваджу іх на гурткі. Вось вырастуць — тады і буду глядзець, чым сябе заняць».
Муж сказаў: займайся дзецьмі, сачы, каб яны ані ў чым ня мелі патрэбы
Алекс Хабр — спраўны, салідны, інтэлігентны. Розьніца ва ўзросьце не перашкаджае захоўваць з жонкай пяшчотныя адносіны і мець роўна важкі голас у сямейных пытаньнях.
Бацькі і дзеці размаўляюць паміж сабой адразу на некалькіх мовах: арабскай, ангельскай, францускай. Алекс за прамінулы час падцягнуў расейскую, але пачэснага месца «вялікай і магутнай» не адведзена. Не асабліва прыжылася яна і ў дзяцей.
«Сафія і Саша вучацца ў каталіцкай школе Ісуса і Марыі з паглыбленай ангельскай мовай, — кажа іх мама. — Тое, што выкладаюць хрысьціянскія асновы, лічу вельмі важным. Усё ж павінны быць пэўныя рамкі — свабодай людзі не заўсёды правільна распараджаюцца. Прадметы на трох мовах: арабская, ангельская, француская. Складана, але вольна гавораць на ўсіх. Падчас хатніх заданьняў заадно вучаць мяне арабскай: я не чытаю, не пішу, у мяне толькі размоўная. Хоць клясычны варыянт адрозны ад дыялектаў у розных краінах, але пасядзець у кампаніі — узроўню хапае».
«Жывуць у расейскамоўным асяродзьдзі, кучкуюцца паміж сабой»
Як і іншыя краіны Блізкага Ўсходу, Лібан стаў другой радзімай для тысяч выхадцаў з колішніх савецкіх рэспублік, не спынілася міграцыя і сёньня. Перадусім гаворка пра жанчын, якія павыходзілі замуж за студэнтаў-замежнікаў. Маладыя лібанцы разьбівалі сэрцы зь першага стрэлу: яны нязьменна ўзначальваюць разнастайныя рэйтынгі самых прывабных мужчын сьвету.
Лібан — сьвецкая дзяржава з прасунутым, адкрытым ладам
«Шмат славянскіх жанчын замужам, гадуюць дзяцей, — пагаджаецца Вольга. — Ня толькі зь Беларусі, а і з Расеі, Украіны. Многія так і жывуць у расейскамоўным асяродзьдзі, кучкуюцца паміж сабой. У мяне такой мэты ніколі не было, наадварот, цікава сярод мясцовых. Я не выбіраю паводле нейкай прыкметы, гляджу толькі на чалавека. Калі ён мне імпануе, то знайду спосаб і патрэбную мову, каб закантактаваць. Лібан — сьвецкая дзяржава з прасунутым, адкрытым ладам. Прынамсі хто прыяжджае з Эўропы — як правіла, ім тут падабаецца».
У раёнах з хрысьціянскай большасьцю ход жыцьця сапраўды мала чым адрозьніваецца ад любога эўрапейскага гораду. Прамэнад па Бібласе або Джуні, Сайдзе або Тыры сьведчыць, што і тут ёсьць свае тусовачныя месцы а-ля менская Зыбіцкая, дзе маладыя людзі адцягваюцца на дыскатэках і посьцяць сэлфі ў Інстаграме. З той хіба розьніцай, што замест алькагольных кактэйляў — кальян. Самая «гульлівая» ў гэтым шэрагу — бэйруцкая Хамра-стрыт зь безьліччу кавярняў, гатэляў, бутыкаў.
Нават традыцыйныя мусульманскія кварталы не настолькі кансэрватыўныя, як у тым жа Іране, дзе дрэс-код канечны нават для іншаземцаў. Вось толькі шукаць піва ў тамтэйшых крамах будзе марна, ня кажучы пра нешта мацнейшае.
Каб завяршыць шлюбную тэму, цікаўлюся ў Вольгі Хабр: ці сустракала яна зямлячак, якія пашкадавалі пра рашэньне зьмяніць «стабільную» радзіму на «непрадказальны» Ўсход? Можа, ведае прыклады, калі жанчыны станавіліся закладніцамі ў новым доме? Дарэчы, з адной віцяблянкай, таксама Вольгай, пазнаёміліся ў старажытным Баальбэку. Тут яна жыве апошнія 8 гадоў, працуе ў сувэнірнай краме. Запэўніла, што задаволеная «на ўсе сто».
У Беларусі таксама можна стаць закладніцай ва ўласным доме
«Сытуацыі розныя, — парыруе мінчанка. — У Беларусі таксама можна стаць закладніцай ва ўласным доме. Дзяўчаты, асабліва калі бяруцца шлюбам з мусульманамі, часта не ўяўляюць, што іх чакае. Ня ведаюць ні пра веру, ні пра побыт. Толькі калі прыяжджаюць на месца, разумеюць, наколькі складана жыць у рэлігійных сем’ях. Таму трэба загадзя думаць, за каго выходзіш і куды едзеш. Можа быць добры чалавек, але ў пытаньнях звычак, традыцый ён будзе слухацца родных. Значыць, ёсьць рызыка трапіць у жорсткія рамкі, калі мужава атачэньне пачне тэрарызаваць «чужынку».
«Байцы „Хэзбалы“ першымі ўстаюць на ахову дзяржаўных межаў»
Лібан мае ўнікальную «біяграфію», якая вымяраецца тысячамі гадоў разьвіцьця цывілізацыі. Фінікійцы, якія ў Бібласе ўпершыню сыстэматызавалі альфабэт, асырыйцы, грэкі, рымляне, бізантыйцы, крыжакі, туркі-атаманы — кожная культура пакінула свой адбітак у гісторыі края.
Тут і да сёньня суіснуюць амаль два дзясяткі веравызнаньняў, суперніцтва паміж некаторымі пачалося яшчэ 1500 гадоў таму, з узьнікненьнем ісламу. Канстытуцыя краіны афіцыйна прызнае 18 рэлігійных грамадаў, якія ўплываюць на самыя розныя сфэры. На канфэсіяналізьме грунтуецца нават палітычны лад. Гэта адзіная арабская дзяржава, прэзыдэнтам якой згодна з Нацыянальным пактам абіраецца хрысьціянін-мараніт, прэм’ер-міністрам — мусульманін-суніт, сьпікерам парлямэнту — мусульманін-шыіт.
Непазьбежныя трэньні ва ўладным трыкутніку маюць агульнанацыянальныя наступствы. Так, па кандыдатуры прэзыдэнта не маглі вызначыцца больш за 2 гады, пакуль не знайшлі зручную фігуру — 80-гадовага Мішэля Ауна.
«Абезгалоўленасьць» уладнай піраміды спрыяла ўмацаваньню пазыцый у парлямэнце шыіцкага радыкальнага руху «Хэзбала». Суніты, у сваю чаргу, прасоўваюць кланавасьць: на чале ўраду стаў Саад Харыры, сын забітага ў 2005 годзе прэм’ер-міністра Рафіка Харыры. У чым апанэнты зьяднаныя, дык гэта шчырай адданасьцю галоўнаму сымбалю — кедру на дзяржаўным сьцягу. Дзеля справядлівасьці, у рэальнасьці ён куды больш велічны.
Кулюарныя гульні палітыкаў ня надта адбіваюцца на звыклым жыцьці шараговых лібанцаў. Нават даліна Бэкаа з цэнтрам у Баальбэку на памежжы з Сырыяй, якую кантралюе ваенізаванае крыло партыі «Хэзбала», ня робіць уражаньня зоны надзвычайнай напружанасьці.
«Яны на сваёй тэрыторыі, нікому не замінаюць, — кажа суразмоўніца. — Нічога не кажу пра статус „тэрарыстычнай арганізацыі“, але сытуацыю бачу так: яны сапраўды абараняюць краіну. Лібанская армія сама па сабе вельмі слабая, практычна была зьнішчаная падчас 30-гадовай сырыйскай акупацыі. І першыя, хто ўстае на ахову межаў, гэта байцы „Хэзбалы“. Ваявалі ў тым ліку супраць тэрарыстаў, каб не пусьціць іх з боку Сырыі. З Ізраілем адносіны больш складаныя, гэта ўжо палітыка іншага парадку».
На пытаньне пра ўзаемадачыненьні «Хэзбалы» з хрысьціянскім насельніцтвам Вольга адказвае коратка — «нармальныя». Прыблізна тое самае ў Баальбэку казала і яе віцебская цёзка: актыўнасьць калі і назіраецца, дык у часе традыцыйных маршаў ці на пахаваньнях паплечнікаў, што загінулі ў Сырыі. У астатнія дні ў поле зроку яны не трапляюць.
У сытуацыі шматканфэсійнасьці даводзіцца суіснаваць паводле простага прынцыпу: вы нас не чапаеце, а мы вас
«У сытуацыі шматканфэсійнасьці даводзіцца суіснаваць паводле простага прынцыпу: вы нас не чапаеце, а мы вас, — кажа Вольга. — Ніхто адзін аднаму ў душу ня ўлазіць, асабліва памятаючы наступствы грамадзянскай вайны. Так, ёсьць месцы кампактнага пражываньня шыітаў, сунітаў, маранітаў — горад хрысьціянскі, горад мусульманскі. Але ўжываюцца пад адным дахам, да такога суседзтва ўжо спакойна ставяцца. Той жа Бэйрут заселены ў прапорцыі 50×50. У Трыпалі нават візуальна больш вернікаў ісламу, а Джуні цалкам эўрапеізаваная».
Асобныя рэгіёны дагэтуль асацыююць сябе з нашчадкамі францускіх калянізатараў. Яскравы прыклад — высакагорны гарадок Бшары, які чапляецца за стромкія схілы цясьніны Кадыша. Гэта цэнтар мараніцкага адгалінаваньня хрысьціянства. Яго гісторыя бярэ пачатак ад IV стагодзьдзя, калі група вучняў сабралася вакол сьвятога Марона, пустэльніка і прапаведніка. Апрача францускіх школаў, тут нават на побытавым узроўні гучыць — банжур, мэрсі, пардон, арэвуар, бон апэці.
«Як у Эўропе не схаваесься ад тэрактаў, так і тут нешта здараецца»
Больш за сем гадоў Лібан застаецца прыфрантавой зонай — толькі цяпер Сырыя спрабуе станавіцца на мірныя рэйкі. А значыць, гэта адзін з найбуйнейшых прытулкаў для ўцекачоў з зоны канфлікту. Нават паводле афіцыйных дадзеных, на двух жыхароў 4-мільённай краіны прыпадае адзін сырыец, што адбіваецца на ўсім ладзе жыцьця.
«З уцекачамі складана, — пагаджаецца Вольга. — Пішуць, што іх тут пад 2 мільёны, а неафіцыйна яшчэ больш. Зашмат для такой малой краіны. З працоўнымі месцамі і без таго праблемы, таму лібанцы толькі і чакаюць, калі тыя ўжо павяртаюцца дадому. Пакуль урад неяк трымае сытуацыю — нападаў, гвалту няма. Можа, недзе ў прыватным парадку, але каб быў парушаны спакой, не прыгадаю. Цяпер у Эўропе ад тэрарыстаў ужо не схаваесься, так і ў Лібане часам нешта здараецца. Тады стараемся лішні раз з дому не выходзіць. Хоць рвануць можа ў любы час і дзе заўгодна».
Не здымаецца з парадку дня і пэўная напружанасьць вакол 400 тысяч палестынцаў — гэта нашчадкі ўцекачоў, якія знайшлі прытулак у Лібане пасьля абвяшчэньня 70 гадоў таму Дзяржавы Ізраіль. Многія дагэтуль жывуць у лягерах Сабра і Шаціла, адкуль іх у 1982-м выбівала ізраільская армія, іншыя існуюць зямляцкімі грамадамі. Разам з сырыйцамі гэта найбяднейшая частка соцыюму з абмежаваньнем на ўласнасьць і працаўладкаваньне.
Наагул Бэйрут даўно лічыцца адной зь нефармальных «шпіёнскіх сталіцаў», тут таемна зьбіраюцца перамоўнікі з усіх частак сьвету. Калі высьвятленьне адносінаў заходзіць у тупік, у ход ідуць сілавыя аргумэнты. Зрэшты, ня ўсё гладка і паміж унутранымі сіламі. Калі ў Баальбэку зьвярнуў увагу на мячэт, брама якога ўмацаваная масіўнай чыгуначнай рэйкай, а на пэрымэтры выстаўленыя супрацьтанкавыя рагачы, — патлумачылі: на знак пратэсту супраць падтрымкі «Хэзбалой» сырыйскага рэжыму Башара Асада шыіцкую сьвятыню расстраляў вернік-суніт.
Як ацэньваюць свае пэрспэктывы лібанцы, асабліва маладая генэрацыя? Бачаць сябе ў сваёй краіне ці робяцца складовай часткай глябальных працэсаў? Трэба адзначыць, што ўзровень адукацыі тут вельмі высокі: працуюць амаль паўсотні ВНУ, сярод якіх міжнародныя Амэрыканскі, Брытанскі, Канадзкі, Францускі ўнівэрсытэты, ня кажучы пра профільныя нацыянальныя ўстановы.
«Значная колькасьць моладзі эмігруе, гэта ўжо тэндэнцыя, — гаворыць Вольга Хабр. — Перадусім гэта адукаваныя выпускнікі, якія ведаюць некалькі моваў, маюць запатрабаваныя дыплёмы. Ну, і плюс тыя, хто выпраўляецца на заробкі ў Эўропу, у Эміраты. Сем’і, як правіла, застаюцца ў Лібане, але калі дазваляюць магчымасьці, выяжджаюць разам. Многія назад не вяртаюцца. Як ужо казала, з працай складана, у тым ліку празь вялікую колькасьць уцекачоў. Дый чаго чакаць ад эканомікі, калі няма стабільнасьці ў палітыцы? Адно з адным пераплецена».
«Няма істотнай розьніцы паміж маладымі беларусамі і лібанцамі»
Вольга разам з дочкамі і мужам рэгулярна наведваецца ў Беларусь. У Менску жыве мама — бабуля Сафіі і Сашы, у яе і спыняюцца падчас беларускіх вакацыяў. Бацька даўно ў Канадзе, часта бачыцца не ўдаецца — канадзкія ўлады ўпарта адмаўляюць дачцэ ў візе. Летась упершыню за 6 гадоў яны сустрэлася на нэўтральнай тэрыторыі, у ЗША.
Сёлета прыяжджала на радзіму зь незвычайнай місіяй. Настойвае, што сам Бог паспрыяў, каб яна перадала беларускім вернікам мошчы сьвятога Шарбэля, якога шануе каталіцкая царква. Манастыр Аная, дзе служыў і пахаваны мараніцкі манах-лекар, месьціцца ў гарах недалёка ад легендарнага Бібласу, заснаванага яшчэ за 4 тысячы гадоў да нашай эры. Да канца верасьня ў прысутнасьці мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца ўрачыстае ўнясеньне мошчаў у менскі Чырвоны касьцёл.
«24 ліпеня, у дзень літургічнай памяці сьвятога Шарбэля, прынялі ў прыватным парадку, цяпер будзе афіцыйна, — кажа яна. — Мошчы таксама ёсьць ва Ўкраіне, за год да таго нашы герархі нават прасілі падзяліцца, ды ня склалася. І калі мама на маю просьбу спытала, ці прымуць яны дар наўпрост зь Лібану, ксёндз Уладыслаў, мякка кажучы, зьдзівіўся. Канечне! Паўстала нямала складанасьцяў, але з Божай дапамогай справіліся. Праўда, прасіла, каб рэліквію суправаджаў сьвятар, а мы аплацім дарогу. Адказалі: мошчы дадзім, сьвятара — не. Або адправім поштай. Ну як гэта поштай? Тады вызвалася сама...»
Шчырай верніцай беларуска стала ўжо ў Лібане: зь Беларусі ад’яджала, як кажа сама, зь «лёгкім налётам праваслаўя». Усё кардынальна зьмянілася, калі ўбачыла ў манастырскай царкве ікону сьвятога Шарбэля, адчула яго цеплыню і любоў. Цяпер яе вера непарушная.
Пры канцы размовы запытваю ў Вольгі Хабр: ці заўважныя хоць якія зьмены ў Беларусі за тыя 15 гадоў, што яна сюды прыяжджае?
Калі зьяжджала, быў посткамуністычны дэпрэсіўны горад працягу 1990-х — шэры, безаблічны, са страчанымі людзьмі
«Зьмены істотныя, — дзеліцца яна назіраньнямі. — Калі зьяжджала, быў посткамуністычны дэпрэсіўны горад працягу 1990-х — шэры, безаблічны, са страчанымі людзьмі. Цяжкае відовішча. Цяпер менчукі нашмат больш разьняволеныя, мэтанакіраваныя. Можа, старэйшае пакаленьне і дагэтуль „страчанае“, але новая генэрацыя ўжо іншая: самі паезьдзілі па сьвеце, віртуальная прастора неабмежаваная. У людзкім патэнцыяле краіна прагрэсуе. Прынамсі, асаблівай розьніцы паміж „клясычнымі“ эўрапейцамі, беларусамі ці лібанцамі ня бачу. Досыць арганічна разьвіваецца».
У Лібане самая вялікая доля хрысьціянскага насельніцтва ва ўсім арабскім сьвеце, што дазваляе яму заставацца сьвецкай дзяржавай — адрозна ад рэгіянальных суседзяў. Тым ня меней нават афіцыйную статыстыку трэба ўспрымаць крытычна. Апошні афіцыйны перапіс насельніцтва праводзіўся ажно ў 1932 годзе, таму кожная грамада зацікаўленая ў завышэньні колькасьці сваіх прыхільнікаў. Ад новага маніторынгу рэлігійнай прыналежнасьці ўлады ўстрымліваюцца, каб не справакаваць міжканфэсійных канфліктаў.