Дэтэктывы Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны паведамілі міністру інфраструктуры Ўладзіміру Амяляну аб падазрэньні ў незаконным узбагачэньні і дэкляраваньні недакладнай інфармацыі.
14 верасьня Саломенскі раённы суд Кіеву мае разгледзець меру стрыманьня міністру.
Паводле антыкарупцыйнага бюро, у 2015 годзе Амялян атрымаў актывы, кошт якіх значна перавышае яго афіцыйныя даходы: пазадарожнік BMW X5 2015 году выпуску, 90 тысяч даляраў і 25 тысяч эўра.
Акрамя таго, паводле бюро, у 2015 годзе кошт незадэкляраваных міністрам актываў, якія знаходзяцца ў ягонай уласнасьці або карыстаньні, а таксама выдаткаў складаў больш за тры мільёны грыўняў, а ў 2016-м — больш за восем.
Сам Амялян зьвязвае сытуацыю з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ва Ўкраіне ў сакавіку 2019 году.
Уладзімір Амялян кіруе Міністэрствам інфраструктуры Ўкраіны ад красавіка 2016 году.