Амэрыканскія астранаўты распавялі ў Менску, калі касьмічны турызм стане даступны

Каля 100 астранаўтаў з усяго сьвету прыляцелі ў Менск на Плянэтарны кангрэс ASE2018. Былы амэрыканскі астранаўт Марыё Ранка і арганізатар прыватных палётаў у космас Рычард Гарыет распавялі пра касьмічны досьвед падчас SPACE Community Day у прасторы Space.

Рычард Гарыет: «Навошта я купіў „Лунаход-2“? Цяпер я магу прэтэндаваць на кавалак зямлі на Месяцы»

Рычард Гарыет

Рычард Гарыет (Richard Garriott) роўна 10 год таму трапіў на Міжнародную касьмічную станцыю ў якасьці касьмічнага турыста. Ён стаў другім у сьвеце чалавекам у космасе, чый бацька таксама быў астранаўтам.

«Я не зусім звычайны астранаўт. У космасе ўжо было больш за 500 чалавек. Усе яны дзяржаўныя службоўцы. І толькі 7 чалавек пабывалі там за свой кошт».

«Мой бацька быў астранаўтам, усе нашыя суседзі былі астранаўтамі. Я прысьвяціў сябе таму, каб трапіць у космас».

«Маё падарожжа ў космас пачалося, калі наш сямейны лекар сказаў мне, што я мушу насіць акуляры зь дзяцінства, а таму не змагу стаць астранаўтам NASA. Мой бацька быў астранаўтам, усе нашыя суседзі былі астранаўтамі. Мяне літаральна выгналі з клюбу яшчэ да таго, як я стаў дарослым. А таму я прысьвяціў сябе таму, каб трапіць у космас, ведаючы, што давядзецца гэта рабіць прыватным чынам».

«Заробленыя грошы я пачаў укладаць у камэрцыйныя касьмічныя кампаніі»​.

«Я быў вельмі шчасьлівы, бо яшчэ ззамаладу трапіў у бізнэс кампутарных гульняў. Заробленыя грошы я пачаў укладаць у камэрцыйныя касьмічныя кампаніі. Урэшце, каля 20 гадоў таму, я знайшоў шлях і партнэраў, зь якімі змог арганізаваць прыватныя палёты ў космас».

«12 кастрычніка 2008 году пачаўся мой палёт у космас. Я правёў два дні на борце ракеты „Саюз“, а потым мы састыкаваліся зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй, якая стала маім домам на 12 дзён».

«З космасу можна пабачыць тэктанічныя пліты. Не з падручніка, а на ўласныя вочы можна пабачыць структуру кантынэнтаў. Можна пабачыць і вынікі натуральнай эрозіі, і сьляды чалавека».

«Я нават пабачыў свой дом з космасу. Ён выглядае як піксэль».

«​Раптам я падумаў, што магу абняць усю Зямлю. Зямля для мяне ператварылася ў маленькую хісткую сыстэму»​.

Выстава мадэляў беларускіх касьмічных апаратаў

«Маё ўспрыманьне памеру Зямлі моцна зьмянілася. Раптам я падумаў, што магу абняць усю Зямлю. Зямля для мяне ператварылася ў маленькую хісткую сыстэму. І хоць я і раней лічыў сябе прыхільнікам аховы прыроды, пасьля падарожжа ў космас я стаў больш клапаціцца пра плянэту, стаў цікавіцца крыніцамі пітной вады».

«Мы жывём у час, калі палёты ў космас вельмі дарагія і небясьпечныя. А таму людзі так рэдка там бываюць. Але ўсё гэта хутка зьмяняецца».

«​Мы ўваходзім у эру ракетаў, якія могуць выкарыстоўвацца наноў»​

«У звычайных відах транспарту паліва складае толькі траціну ад выдаткаў на сам самалёт, цягнік, карабель ці машыну. Але з касьмічным транспартам пакуль ня так. Ракеты альбо разбураюцца, альбо іх аднаўляюць, што складае кошт новай ракеты. Але зараз мы ўваходзім у эру ракетаў, якія могуць выкарыстоўвацца наноў».

«Дзень, калі касьмічных турыстаў стане нашмат больш, набліжаецца».

«Я думаю, гэта сур’ёзна зьнізіць кошт палёту. Я заплаціў дзясяткі мільёнаў даляраў, а зарабіў на сваім палёце ўсяго некалькі. Калі палёт будзе каштаваць для чалавека 2–4 мільёны даляраў, людзі змогуць зарабляць на гэтым. І касьмічных турыстаў стане нашмат больш. Дзень, калі так стане, набліжаецца».

«Я адзіны ў сьвеце ўласьнік аб’екта на нябесным целе».

«Навошта я купіў „Лунаход-2?“ У 1992 годзе, пасьля развалу Савецкага Саюзу, сталі даступныя многія касьмічныя артэфакты. На адным з аўкцыёнаў быў выстаўлены „Лунаход-2“. Я адразу стаў чалавекам, які яго набыў. Цяпер я магу зрабіць заяву, што я адзіны ў сьвеце ўласьнік аб’екта на нябесным целе. Таксама я цяпер магу прынамсі прэтэндаваць на тэрыторыю пад маім транспартным сродкам на Месяцы».

Марыё Ранка: «NASA не хавае іншаплянэтнікаў у сутарэньнях штату Нэвада»

Марыё Ранка

Перш чым стаць астранаўтам, Марыё Ранка (Mario Runco Jr) служыў у паліцыі. Потым трапіў у марскую пяхоту. І толькі пасьля гэтага атрымаў прафэсію, пра якую марыў у дзяцінстве. Ён тройчы быў у космасе — агулам 22 дні.

«Калі я быў дзіцем, Савецкі Саюз запусьціў „Спутнік“, пасьля чаго пачалася касьмічная гонка. Зь дзяцінства я цікавіўся навукай. Памятаю, я ўзіраўся ў начное неба з думкай, як далёка ўсе гэтыя зоркі ад нас. І ўяўленьне пераносіла мяне ў космас».

«​Памятаю, я ўзіраўся ў начное неба з думкай, як далёка ўсе гэтыя зоркі ад нас. І ўяўленьне пераносіла мяне ў космас»​.

«Калі я скончыў унівэрсытэт, я ня мог знайсьці працу. Некаторыя мае сябры былі афіцэрамі паліцыі. Я падумаў, што гэта можа быць цікавай працай. Я прайшоў адбор і стаў паліцэйскім. Гэтаксама як потым я прайшоў адбор і стаў астранаўтам».

«Падчас другога палёту я выходзіў у адкрыты космас. Як зямныя істоты мы становімся больш асьцярожнымі, калі забіраемся на вышыню. І гэтае адчуваньне мы бяром з сабой у космас. Калі глядзіш уніз першы раз, вельмі цяжка пераадолець міжвольную рэакцыю — страх вышыні».

«​Чалавеку вельмі цяжка зразумець бясконцасьць. Гэта асаблівае адчуваньне разгубленасьці ў космасе»​.

«Калі мы праляталі над цёмнай часткай Зямлі, на якую не трапляла сонечнае сьвятло, мой мозг станавіўся дэзарыентаваным. Усё, што ты бачыш навокал, — гэта бясконцая цемра. А наш розум ня любіць мець справы зь бясконцасьцю. Чалавеку гэта вельмі цяжка зразумець. Гэта асаблівае адчуваньне разгубленасьці ў космасе».

«​Мы ведаем, што жыцьцё яшчэ існуе ў некалькіх месцах»​.​

«Ці адзіныя мы ў сусьвеце? Мы ўсе задаёмся гэтым пытаньнем. Зямля — вельмі асаблівае месца, дзе змагло разьвіцца жыцьцё. Мы ведаем, што жыцьцё яшчэ існуе ў некалькіх месцах. І калі падумаць пра мільёны плянэтаў і мільёны галяктык, вельмі верагодна, што недзе яшчэ ёсьць разумнае жыцьцё».

«​Усё, што вы чулі пра НЛА, усе яны зямнога паходжаньня. Я магу вас запэўніць»​.

«Я ведаю, што многія з вас задаюцца пытаньнем, ці наведвалі Зямлю іншыя разумныя істоты. Я магу з упэўненасьцю заявіць, што не. Усё, што вы чулі пра НЛА, усе яны зямнога паходжаньня. Я магу вас запэўніць, што ў NASA няма сутарэньня ў Нэвадзе, дзе яны хаваюць іншаплянэтнікаў. Мы ўсё ж займаемся навукай, а не навуковай фантастыкай».

Прадстаўнік Акадэміі навук: ​людзі могуць быць нашчадкамі перасяленцаў з космасу