Уцяпленьне дамоў будуць як мінімум напалову аплачваць жыхары

Фота ©Shutterstock

На грамадзкае абмеркаваньне вынесены праект указу «Аб павышэньні энэргаэфэктыўнасьці шматкватэрнага жыльлёвага фонду». Паводле дакумэнту, цеплавая мадэрнізацыя жылых дамоў будзе праводзіцца «з удзелам фінансавых сродкаў грамадзян».

Уласьнікі кватэр павінны будуць выплачваць ня менш за палову кошту ўцяпленьня дому.

У камэнтары да ўказу Дэпартамэнт па энэргаэфэктыўнасьці адзначае, што аплату будуць спаганяць не адразу, а ў растэрміноўку — кожны месяц роўнымі долямі цягам 10 гадоў. Называецца і прыблізная сума штомесячнага плацяжу — адна базавая велічыня для двухпакаёвай кватэры.

Каб пачаць цеплавую мадэрнізацыю дому, павінна быць згода больш як дзьвюх трацін уласьнікаў. Плаціць за яе пасьля правядзеньня будуць усе ўласьнікі кватэр.

Паводле зьвестак БелаПАН, указ плянуецца падпісаць сёлета да канца году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адважацца ўлады Беларусі на рэформы ў мясцовым самакіраваньні, якое самі і ліквідавалі?