Замежным пацыентам ня трэба чакаць у чэргах, а нізкія цэны дазваляюць акупіць дарогу і пражываньне. Беларускія санаторыі ператвараюць у гатэлі і заводзяць швэдзкі стол, каб прывабіць турыста, але плянаў па замежніках на месцах яшчэ не даводзяць. Свабода дасьледавала, як разьвіваецца мэдычны турызм пасьля ўвядзеньня «бязьвізу» ў Горадні.
За 22 месяцы «бязьвізу» ў Горадзенскі рэгіён праз пункты пропуску Горадзенскага раёну прыехалі больш як 100 тысяч бязьвізавых турыстаў. Поруч з наведваньнем крэўных або іх пахаваньняў, настальгіяй па савецкіх часах ці моладзевай цікаўнасьцю да апошняй дыктатуры Эўропы стаіць яшчэ адна прычына, каб перасекчы заходнюю мяжу Беларусі — клопат пра сваё здароўе.
Аднак «мэдычны турызм» у Горадні пакуль застаецца цудоўнымі лекамі, якія любяць абмяркоўваць фармацэўты, але якія мала хто паспытаў з пацыентаў. Падобна, аптэкары пакуль не да канца разумеюць, у якую тару яго разьліць і на якую паліцу паставіць.
Пакуль адзінкі, а не паток
Сказаць, колькі «мэдычных турыстаў» наведалі Горадню, немагчыма. Ніхто не вядзе іх агульнага ўліку, некаторыя не адсочваюць нават на месцах. Маўляў, дзеля гэтага трэба пасадзіць асобнага чалавека, які б пытаўся, ці гэта наведнік зь бязьвізавых турыстаў. Зразумела, што пакуль замежнікаў адзінкі, а ня плынь.
«Ажыятажу ў нас няма, але, тым ня менш, сталі езьдзіць. Сёлета за паўгода было 33 замежныя пацыенты, летась за такі ж пэрыяд — 16», — кажа маркетоляг Горадзенскага абласнога клінічнага шпіталя Натальля Марчанка.
«Рэзкага росту пасьля ўвядзеньня „бязьвізу“ не заўважылі», — камэнтуе галоўная мэдсястра мэдычнага цэнтру прыгажосьці і здароўя ў Горадні Алена Мяшчанская.
У санаторый «Азёрны» ў Горадзенскім раёне, які ўвайшоў у зону «бязьвізу» толькі з пачатку гэтага году, дзеля аздараўленьня пакуль прыехалі каля 15 чалавек, кажа мэнэджэр па турызьме санаторыя «Азёрны» Міхал Кажура.
Лекуюцца пераважна «суседзі» сталага веку
Пераважна прыяжджаюць з суседніх краін: найбольш літоўцаў, ёсьць палякі і латвійцы. У абласным шпіталі дадаюць да гэтага пацыентаў з Гішпаніі, Італіі, Нідэрляндаў, Аўстрыі, Бэльгіі, Ізраілю. Па-ранейшаму прыяжджае шмат расейцаў, але для іх увядзеньне «бязьвізу» ня надта што зьмяніла.
Узрост тыповага бязьвізавага пацыента — 50+. Аднак санаторнымі паслугамі пачалі карыстацца ня толькі сталыя людзі. Сёлета ў «Азёрны» агулам прыяжджала шмат (у параўнаньні зь мінулымі гадамі) сем’яў зь дзецьмі, узрост бацькоў — ад 35 гадоў.
Супрацоўнікі мэдычных установаў адзначаюць, што адмыслова «мэдычных турыстаў» небагата. Часта замежнікі лекуюцца «заадно», калі наведваюць у Горадні крэўных, едуць на экскурсію. Або гэта госьці з Афрыкі і Азіі, што паступаюць вучыцца ў ВНУ.
У мэдычным турызьме пакуль не зацікаўленыя нават замежныя турфірмы, бо гэта ня масавы прыбытак.
«Мэдычны турызм — дадатковы, а не галоўны наш кірунак. Гэта індывідуальныя працэдуры, едуць па 1–3 асобы. Для нас важнейшы кірунак, калі едзе цэлы аўтобус на экскурсію», — тлумачыць спэцыяліст польскага бюро падарожжаў «Юніёр» у Беластоку Яўген Лаўрэнюк.
Беларускія турфірмы як адна кажуць, што спрабавалі шукаць кліентаў для шпіталяў, але «не пайшло», бо лекавацца калі едуць, то наўпрост, без пасярэднікаў. У некаторых на інтэрнэт-старонках застаўся банэр «мэдычны турызм», але ён нікога не прыводзіць, кажуць супрацоўнікі мэдычных установаў.
Чаму едуць да нас?
1. Ніжэйшыя кошты
Нават выдаткі на дарогу і пражываньне ў большасьці выпадкаў не перабіваюць эканомію на апэрацыях або дыягностыцы.
2. Добрая якасьць паслуг
«У мэдыцыне вялікую ролю адыгрывае давер да якасьці паслуг. Беларускія лекары на добрым узроўні. Але нельга параўнаць, лепшыя ці горшыя яны за польскіх», — кажа Яўген Лаўрэнюк.
3. Няма чэргаў, як на радзіме
Замежнікі ў Беларусі паскараюць лекаваньне недзе на паўгода.
«Да нас яны прыяжджаюць на барыятрычную хірургію (лекаваньне атлусьценьня) цягам пяці дзён, а ў іх тэрмін аказаньня паслугі — да паўгода. Тое самае дыяфрагмальныя грыжы — у іх плянава чакаць можна па паўгода, у нас для іх цягам дня абсьледаваньне, на наступны дзень апэрацыя. Праз 4–5 дзён — выпіска», — тлумачыць Натальля Марчанка.
Маркетоляг кажа, што ў абласным шпіталі папулярная дыягностыка аднаго дня «сёньня на сёньня», калі лекар прымае пацыента ў дзень звароту.
Ейныя словы пацьвярджае і польскі турагент Лаўрэнюк, прыводзячы ў прыклад ультрагукавое дасьледаваньне, якога ў Польшчы трэба чакаць даўжэй, чым у Беларусі.
4. Няма моўнага бар’еру для суседзяў
Большасьць пацыентаў з суседніх краінаў у такім узросьце, што ў школе яшчэ абавязкова вывучалі расейскую мову. Яўген Лаўрэнюк адзначае, што на Горадзеншчыне няма праблемы, каб паразумецца і па-польску.
5. Блізка ехаць
Для суседзяў гэта асобны плюс. Прыкладам, ад польскага Беластоку да Горадні — каля 85 кілямэтраў. На мяжы грамадзяне краін Эўразьвязу маюць перавагі ў чарзе і могуць прайсьці памежны пераход хутчэй за беларусаў, што вяртаюцца з «закупаў».
Наколькі ў нас таньней?
Мэдычныя паслугі для замежнікаў у Беларусі даражэйшыя, чым для беларусаў. Нягледзячы на гэта, турыстам з-за мяжы часта выгадней лекавацца ў нас.
Плястычная, барыятрычная хірургія, ляпараскапія, па словах Натальлі Марчанкі, абыдуцца замежнікам з Заходняй Эўропы ў 2–2,5 раза таньней у горадзенскім шпіталі, чым у сябе на радзіме. Так, за барыятрычную апэрацыю яны аддадуць 2,5 тысячы эўра ў нас — 6 тысяч эўра ў іх, за мамаплястыку (апэрацыю па зьмене формы грудзей) 1,5 тысячы эўра ў нас — 3,5 тысячы эўра ў іх.
Цэны на пражываньне і харчаваньне ў горадзенскіх санаторыях блізкія да эўрапейскіх, кажа Міхал Кажура, аднак мэдычныя паслугі на 30–40% таньнейшыя.
«Для жыхароў Падмаскоўя цэны на Горадзеншчыне ў два разы ніжэйшыя, чым у іх на радзіме, але такога ўзроўню, як у нас, па іх словах, там няма», — працягвае мэнэджэр па турызьме.
Яўген Лаўрэнюк кажа, што ў сярэднім эканомія на мэдычных паслугах у Горадні для палякаў выходзіць у 20–30%.
Што папулярна?
- ультрагукавая дыягностыка
- МРТ
- лябараторныя дасьледаваньні
- кансультацыі афтальмоляга, флеболяга (займаецца, у тым ліку, вянознымі паталёгіямі), хірурга, лора
- ляпараскапічныя апэрацыі
- барыятрычная хірургія
- плястычная хірургія: блефараплястыка (карэкцыя формы павекаў), рынаплястыка (карэкцыя формы носа), павелічэньне грудзей, выдаленьне наватвораў
- мікрахірургія вока (лекаваньне катаракты, гляўкомы)
- пратэзаваньне зубоў, імплянтацыя, хірургія, лекаваньне
- лекаваньне захворваньняў хрыбетніка
- санаторныя паслугі
«Мы пачалі падстройвацца ня толькі пад запыты расейцаў»
Плянаў па замежных пацыентах пакуль яшчэ не даводзяць, сьмяецца Натальля Марчанка, — нерэальна іх ставіць. Заробкі ў лекараў таксама ня вырасьлі ад таго, што зьявіліся замежныя пацыенты.
«Мы пачалі падстройвацца пад запыты ня толькі ўсходніх турыстаў (расейцаў), але і глядзець, чаго хочуць заходнія турысты», — адказвае на пытаньне пра ўплыў «бязьвізу» Міхал Кажура.
Па-за сэзонам у санаторыі «Азёрны» ўвялі паслугі гатэля. Група замежнікаў можа спыніцца на адну ноч, увечары 80 хвілін правесьці ў аквапарку, наведаць бясплатны канцэрт, застацца на дыскатэку, а ранкам зьесьці сьняданак. Усё гэта за 19 эўра — кошт ніжэйшы за сярэдні па Горадні.
З пачатку году такой паслугай скарысталіся больш за 300 бязьвізавых турыстаў.
«Нам не зусім выгадна прымаць іх на адну ноч. Уявіце, 50 чалавек пераначавалі, трэба ўсе нумары пасьля іх прыбраць. Нам выгадней тры асобы, якія прыедуць па пуцёўцы. Але ў гэтых 50 чалавек пасьля зьяўляецца жаданьне прыехаць па пуцёўцы, зь сем’ямі. Да нас хутка прыедуць 20 чалавек з Латвіі, якія раней у нас начавалі», — кажа Міхал Кажура.
Да таго ж яны ўвялі новы варыянт харчаваньня — «швэдзкі стол». Раней было толькі заказное мэню.
Санаторый абнавіў сайт і пакуль дапрацоўвае расейскамоўны варыянт, абяцаюць зрабіць і па-ангельску.
У «Азёрным» плянуюць таксама распрацаваць праграмы адмыслова для бязьвізавых турыстаў: кароткую — на ўікэнд, доўгую — на 10 дзён для маладых сем’яў зь дзецьмі і для сталых людзей.
Як раскруціць мэдычны турызм?
У мэдычных установах кажуць, што хочуць павялічыць паток кліентаў і колькасьць паслуг, але якім чынам, амаль ніхто не тлумачыць. Шмат у каго на інтэрнэт-старонках амаль праз два гады дзеяньня «бязьвізу» яшчэ няма інфармацыі на ангельскай, польскай, літоўскай мовах. Але кажуць, што плянуецца.
«Зусім не зьвяртаюцца, — катэгарычна адказваюць у адной з прыватных горадзенскіх стаматалёгій. — Пачакайце! Але мы хочам, каб зьвярталіся. Мы спрабавалі супрацоўнічаць з турфірмай, але ў нас ня склалася. А што іншыя кажуць? Калі вы нешта нам разумнае падкажаце, то мы будзем рады іх бачыць».
Горадзенскія гандляры мэдычна-турыстычнымі паслугамі хацелі б, каб тэрмін «бязьвізу» павялічылі да 30 дзён ня толькі для турыстаў «празь Менск», але і «праз Горадню».
Тады турысты маглі б, прыкладам, скарыстацца з апэрацыі па кахлеарнай імплянтацыі, якая паляпшае слых і трывае ня менш за 10 дзён без уліку дыягностыкі. Таксама можна было б пасьля складаных апэрацый накіроўваць пацыентаў на тыднёвую рэабілітацыю ў санаторый.
У санаторыі «Азёрны» поўны курс разьлічаны на 12 дзён. Цяпер даводзіцца яго скарачаць да 10, на дадатковыя два дні ўжо ніхто не прыяжджае яшчэ раз. Павялічэньне тэрміну бязьвізавага ўезду хаця б да 15 дзён вырашыла б пытаньне.
Натальля Марчанка кажа, што яны зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з турфірмамі, але тыя не рэклямуюць мэдыцыну.
Яўген Лаўрэнюк пагаджаецца, што рэклямы недастаткова. Ён мяркуе, што беларускім мэдычным установам варта аддаваць больш сродкаў на рэкляму ў Польшчы.
«Пасьля таго як былі вялікія рэклямы ў польскіх мэдыя, мы атрымалі сотні тэлефонных званкоў», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьмянялася Горадня падчас «бязьвізу». ФОТА