Сацыяльная сетка Facebook паведаміла, што дадала 24 новыя мовы ў сваю сыстэму аўтаматычнага перакладу — сярод іх зьявілася і беларуская.
У сваім паведамленьні прадстаўнікі Facebook адзначаюць, што шмат для якіх моваў няма корпусу паралельных тэкстаў, што значна палегчыла б навучаньне сыстэмы перакладу, якая цалкам грунтуецца на нэўрасетках.
Цяпер сыстэма перакладу часта выкарыстоўвае «прамежкавыя» мовы. У выпадку зь беларускай такой прамежкавай мовай для перакладу на ангельскую будзе ўкраінская.
Як адзначаюць прадстаўнікі Facebook. у некаторых выпадках сыстэма перакладу выкарыстоўвае да чатырох моваў адначасова, і, пасьля абнаўленьня, аўтаматычны пераклад працуе ў 4,504 моўных кірунках.
Як вам пераклад Facebook зь беларускай і на беларускую? Дзяліцеся сваімі ўражаньнямі ў камэнтарах.