Расея захоча ўмяшацца ў рэфэрэндум аб назьве Македоніі, — міністар абароны ЗША

Сьцяг Македоніі, ілюстрацыйнае фота

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс паведаміў 11 верасьня, што ён наведае Македонію напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны, які адбудзецца 30 верасьня. Мэтыс выказаў асьцярогу наконт магчымага ўмяшаньня Масквы ў ход галасаваньня ў Македоніі.

У чэрвені ўрад Македоніі дамовіўся з уладамі Грэцыі аб зьмене назвы рэспублікі на Паўночную Македонію. У гэтым выпадку Грэцыя ня будзе выступаць супраць уваходжаньня суседняй краіны ў склад NATO і Эўрапейскага зьвязу.

Джым Мэтыс, архіўнае фота

«Я занепакоены гэтым. Тыя дзеяньні, якія Расея ўжо практыкавала ў шмат якіх краінах, ад Эстоніі да Злучаных Штатаў, ад Украіны і цяпер да Македоніі — у кожнай асобнай сытуацыі яна адаптавала сваю тактыку і заўсёды рабіла гэта па-за ўсялякімі маральнымі прынцыпамі», — сказаў Мэтыс журналістам.

Візыт міністра абароны ЗША ў балканскую рэспубліку заплянаваны на канец гэтага тыдня. Мэтыс падкрэсьліў, што ЗША падтрымліваюць жыхароў Македоніі. NATO запрасіла Скоп'е пачаць перамовы аб уваходжаньні ў альянс, аднак перш, чым гэта здарыцца, у канстытуцыю краіны павінны быць унесеныя зьмяненьні аб зьмене назвы.

У Эўразьвязе таксама запэўнілі, што перамовы аб уключэньні краіны ў склад Эўрапейскай супольнасьці пачнуцца ў залежнасьці ад выніку рэфэрэндуму аб перайменаваньні рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Расейскі мільярдэр фінансаваў пратэсты супраць перайменаваньня Македоніі

Амбасадар Расеі ў Македоніі раскрытыкаваў плян рэспублікі аб уваходжаньні ў NATO, заявіўшы, што краіна стане адной з «законных мэтаў для нанясеньня ўдару» ў выпадку далейшага пагаршэньня стасункаў паміж Расеяй і заходнім вайсковым альянсам.

Супраць перайменаваньня краіны таксама выступаюць македонскія нацыяналісты, уключаючы прэзыдэнта Македоніі Георге Іванова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэцыя — Расеі: мы ня будзем цярпець спробы падкупіць нашых службоўцаў

У ліпені ўлады Грэцыі выслалі з краіны дваіх расейскіх дыпляматаў і забаранілі двум іншым супрацоўнікам дыпмісіі ўезд у краіну. Іх абвінавацілі ў падбухторваньні насельніцтва да хваляваньняў і подкупе неназваных чыноўнікаў для таго, каб перашкодзіць заключэньню пагадненьня з Македоніяй. У Маскве гэтыя абвінавачаньні абверглі і ў адказ выслалі з Расеі дваіх супрацоўнікаў грэцкай амбасады.