Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай дзяржавай, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы і не падпісала Эўрапейскую Хартыю мясцовага самакіраваньня.
У Менск прыехала старшыня Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Гудрун Мосьлер-Тэрнстрэм. Яна ўжо сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам, а 12 верасьня возьме ўдзел у круглым стале па актуальных пытаньнях мясцовага самакіраваньня.
Ці падштурхне візыт уплывовай эўрапейскай чыноўніцы Беларусь да рэформаў у галіне мясцовага самакіраваньня?
Лукашэнка дэкляруе жаданьне пазнаёміцца з эўрапейскім досьведам мясцовага самакіраваньня
Круглы стол арганізуе Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі. На ім выступяць высокія беларускія ўрадоўцы, чыноўнікі, юрысты, навукоўцы. У дыскусіі будуць удзельнічаць прадстаўнікі мясцовых уладаў з Францыі, Італіі, Нідэрляндаў, Грэцыі, Румыніі.
Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся са старшынёй Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы, заявіў, што Беларусі цікавы эўрапейскі досьвед у сфэры мясцовага самакіраваньня.
«Мясцовае самакіраваньне, кіраваньне рэгіёнамі — гэта вельмі важная ў сучасным сьвеце тэма, — сказаў ён. — І тое, што Рада Эўропы аддае гэтаму вялікую ўвагу, дорага каштуе. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым досьведам, таму шчыльна супрацоўнічаем з кангрэсам».
«Самакіраваньне — нязручная форма для гэтай улады»
Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў да такіх заяваў Лукашэнкі ставіцца скептычна.
«Ну, пачалі размаўляць. Лукашэнка кажа цяпер тое, што эўрапейцы хочуць пачуць, але за гэтымі словамі звычайна не стаяць ніякія справы», — кажа палітоляг.
На яго думку, ліквідацыя мясцовага самакіраваньня была наўмысным крокам адміністрацыі Лукашэнкі, калі ягоная каманда вырашала задачу «вэртыкалізацыі» выканаўчай улады ў Беларусі.
«Ніякага самакіраваньня нават у тых слабых формах, якія існавалі да ліквідацыі самастойнасьці саветаў, у Беларусі няма, — перакананы Ягораў. — Самакіраваньне — нязручная форма для гэтай улады, для сыстэмы кіраваньня. Таму гэта палітычная лёгіка, якая працягваецца да сёньняшняга часу, і таму ў Беларусі няма ніякага рэальнага самакіраваньня.
Зразумела, што на радыкальныя рэформы ўлады ня пойдуць. Аднак не праходзяць і касмэтычныя рэформы — павышэньне самастойнасьці саветаў, стварэньне асацыяцый саветаў, дзе яны маглі б мець статус юрыдычнай асобы, стварэньне бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу, якімі маглі б апэраваць саветы. Хоць маглі б прыняць».
На яго думку, Беларусь магла б падпісаць Эўрапейскую хартыю мясцовага самакіраваньня, таму што дакумэнт прыняты шмат якімі краінамі, дзе таксама ёсьць праблемы з самакіраваньнем. Але прыняцьце гэтай Хартыі дало б пэўную пэрспэктыву для разьвіцьця Беларусі.
«У Беларусі і органы самакіраваньня, і органы кіраваньня — гэта ўсё дзяржаўныя органы»
На круглым стале з дакладам «Рэалізацыя асобных палажэньняў Эўрапейскай Хартыі мясцовага самакіраваньня ў заканадаўстве Беларусі, прымяненьне іх на практыцы» выступіць старшыня праўленьня фонду Льва Сапегі Міраслаў Кобаса. Фонд Сапегі займаецца гэтай праблемай больш за 25 гадоў.
Міраслаў Кобаса сказаў, што ў 2010 годзе, калі прымалася апошняя рэдакцыя Закону аб кіраваньні і мясцовым самакіраваньні, экспэрты Фонду падалі 38 прапаноў, а ў новую рэдакцыю ўвайшлі толькі дзьве.
На думку экспэрта, самая вялікая праблема ў тым, што ў Беларусі няма падзелу органаў. І органы самакіраваньня, і органы кіраваньня — гэта ўсё дзяржаўныя органы.
«То бок у нас сыстэма самакіраваньня, саветы, уваходзіць у сыстэму дзяржаўных органаў, — кажа Кобаса. — А гэта ўступае ў супярэчнасьць з Эўрапейскай Хартыяй і наагул з разуменьнем самакіраваньня.
У нас на першым месцы ў самакіраваньні інтарэсы дзяржавы, агульнадзяржаўныя інтарэсы, а потым толькі інтарэсы грамадзян. А самакіраваньне — гэта ў першую чаргу інтарэсы грамадзян. Зразумела, што нельга супрацьпастаўляць адно аднаму, але гэта павінна быць у спалучэньні. Эўрапейская Хартыя дае магчымасьць спалучаць гэта ўсё на мясцовым узроўні, узаемадзейнічаць дзеля таго, каб і інтарэсы дзяржавы, і інтарэсы грамадзян спалучаліся»
Паводле яго, само паняцьце «самакіраваньне» азначае ў нас форму арганізацыі дзейнасьці, а паводле Эўрапейскай Хартыі — гэта права і рэальныя здольнасьці. «Адчуваеце розьніцу?»
Галоўнае — палітычная воля дзяржавы
У мясцовых саветаў фактычна няма фінансаў, таму што гэта ўсё дзяржаўныя фінансы, няма камунальнай уласнасьці, бо яна таксама дзяржаўная — пералічвае некаторыя базавыя рэчы Міраслаў Кобаса. Ён разумее, што ва ўлады ёсьць і страх, прычым абгрунтаваны — яна баіцца, каб ня страціць кіраваньня, каб не ператварыць усё ў хаос.
Прафэсар Ежы Рэгульскі, які рыхтаваў рэформу самакіраваньня ў Польшчы, казаў, што для пасьпяховага правядзеньня рэформаў неабходныя чатыры ўмовы:
- палітычная воля дзяржавы;
- спэцыялісты, якія могуць падрыхтаваць рэформы;
- ухваленьне і падтрымка людзей, у крайнім выпадку — згода людзей на правядзеньне рэформаў;
- людзі на месцах, якія здольныя гэтыя рэформы рэалізаваць.
У Беларусі ж пакуль, на думку старшыні праўленьня фонду Льва Сапегі, самая галоўная праблема — адсутнасьць палітычнай волі кіраўніцтва праводзіць рэформы самакіраваньня, далучыцца да Эўрапейскай Хартыі.