У інтэрнэце апублікаваны праект Палажэньня аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Дакумэнт тлумачыць, як чытачы сайтаў змогуць пакідаць камэнтары ў інтэрнэце.
Адзіны спосаб ідэнтыфікацыі карыстальнікаў на сайтах, указаны ў дакумэнце, — праз абанэнцкія нумары. Такім чынам, зарэгістравацца праз сацыяльныя сеткі ці электронную пошту будзе нельга.
Уласьнікі інтэрнэт-рэсурсаў змогуць зьбіраць наступныя пэрсанальныя дадзеныя карыстальнікаў:
- імя і прозьвішча,
- пол,
- дату і месца нараджэньня,
- адрас электроннай пошты.
Таксама будуць запісвацца дата і час разьмяшчэньня паведамленьняў/камэнтароў на сайце, МАС-адрас прылады і IP-адрас.
У выпадку калі ўласьнік інтэрнэт-рэсурсу высьветліць, што прадстаўленая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці або супярэчыць патрабаваньням беларускага заканадаўства, парушае правы і законныя інтарэсы трэціх асобаў, ён мае права прыпыніць аказаньне паслуг ці ануляваць уліковы запіс.
Таксама ў дакумэнце адзначаецца, што ўласьнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць даваць інфармацыю пра карыстальнікаў на патрабаваньне органаў, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, органаў пракуратуры і папярэдняга сьледзтва, органаў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрства інфармацыі, падатковых органаў, судоў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Паводле дакумэнту, новаўвядзеньні набудуць моц з 1 сьнежня 2018 году.
Праваабаронца Андрэй Сушко напісаў у сваім Фэйсбуку, што адным з наступстваў новаўвядзеньня стане сыход абмеркаваньняў на небеларускія плятформы ў сеціве.
Праект палажэньня прынялі 5 верасьня. Прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных СМІ на сустрэчу не запрасілі.
Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ
Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.
Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:
- пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
- абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
- абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.
Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.
Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.