Сяржант Яўген Бараноўскі ў залі суда адмовіўся ад часткі паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва.
11 верасьня на працэсе па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачаўся допыт абвінавачаных сяржантаў. Першым у судзе выступіў сяржант Яўген Бараноўскі, які камандаваў аддзяленьнем Коржыча. Яго допыт працягваўся больш за чатыры гадзіны, пасьля чаго пракурор у сувязі са значнымі рознагалосьсямі пачаў агучваць паказаньні Бараноўскага, дадзеныя ў першыя дні сьледзтва.
Бараноўскі амаль адразу пасьля гэтага паведаміў, што дадзеныя падчас сьледзтва паказаньні ня цалкам адпавядаюць рэчаіснасьці. Прычынай гэтага Бараноўскі назваў ціск з боку супрацоўнікаў КДБ.
«Мяне білі, пагражалі, — расказаў Бараноўскі ў залі суда. — Я дагэтуль хаджу ў прыбіральню з кроўю. Гэта ўсё адбывалася ў КДБ, я ня памятаю прозьвішчы супрацоўнікаў. Білі, аказвалі псыхалягічны ціск. Мяне прымушалі даць паказаньні, часткова непраўдзівыя. У прыватнасьці пра тое, што я дзяліўся грашыма зь іншымі сяржантамі. Я не рабіў гэтага. Ціск скончыўся пасьля пераводу на Валадарскага».
Бараноўскі таксама дадаў, што яўку з павіннай напісаў пад дыктоўку супрацоўнікаў КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсё аддавалі камандаваньню», — абвінавачаны ў справе аб сьмерці КоржычаСяржант Яўген Бараноўскі знаходзіцца за кратамі з пачатку кастрычніка 2017 году. Першапачаткова яго справай займаліся супрацоўнікі КДБ, пазьней яе матэрыялы былі перададзеныя ў Сьледчы камітэт.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.