«Каб так было ў нас, то фальсыфікавалі б яшчэ больш». Беларусы назіралі за выбарамі ў Швэцыі

Тацьцяна Караткевіч, Вольга Кавалькова, Ганна Каанапцкая, Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Ягорава, Аляксандар Сілкоў

Датэрміновае галасаваньне, яўка 85% і назіральнікі АБСЭ. У Швэцыі завяршыліся парлямэнцкія выбары. Сьвет прызнаў іх вынікі, а швэды ў чарговы раз пацьвердзілі свой імідж як як адной з самых празрыстых сыстэмаў у сьвеце. За фіналам галасаваньня сачылі беларускія палітыкі.

Выбары ў Швэцыі мясцовыя камэнтатары называлі «самымі драматычнымі ў пасьляваеннай гісторыі». Усё праз імавернасьць вельмі добрага выніку папулісцкай і эўраскептычнай партыі «Швэдзкія дэмакраты». Правая партыя і сапраўды палепшыла свой папярэднік вынік, але заняла ў гонцы трэцяе месца зь меншай падтрымкай, чым чакалася — 17,6%.

Нядзельныя выбары ў нечым і сапраўды былі гістарычнымі. Упершыню за імі сачылі назіральнікі АБСЭ. Гэта быў адказ на абвінавачваньні Ўладзімера Пуціна, які заявіў, што Захад сочыць за выбарамі ў Расеі, а пры гэтым ня хоча паглядзець, што адбываецца ва ўласным двары. Угаворваць швэдаў не давялося.

Сярод назіральнікаў за выбарамі былі і беларускія апазыцыянэры. Яны распавялі Свабодзе пра ўражаньні ад выбараў, якія зьбіраюць самую высокую ў сьвеце добраахвотную яўку.

Агітацыя

​Сустаршыню руху «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева ўразіла цывілізаванасьць выбарчага працэсу ўжо на ўзроўні агітацыі.

«Плякатамі з выявамі кандыдатаў заклееныя літаральны ўсе ліхтары ў горадзе. І цікава, што людзей гэта не раздражняе. У самым цэнтры сталіцы выдзеленае месца для кожнай партыі, дзе кожны можа паставіць намёты і агітаваць. Ёсьць і агульная сцэна, дзе можна выступаць, загадзя замовіўшы час. Адна партыя выступае за другой. Усё вельмі цывілізавана», — распавядае Дзьмітрыеў.

Палітык быў пад уражаньнем ад выбарчых дэбатаў. Гэта не размова кандыдата зь вядучым, а эмацыйная дыскусія паміж удзельнікамі кампаніі. І ўсё адбываецца ў наўпроставым эфіры, каб ніхто ня змог абвінаваціць ані журналістаў, ані ўдзельнікаў у маніпуляцыі.

Дарэчы, выбарчая агітацыя ў Швэцыі дазволеная і ў дзень асноўнага галасаваньня. Але плякаты кандыдатаў, напрыклад, павінны быць не бліжэй за 15 мэтраў ад выбарчага ўчастку.

Датэрміновае галасаваньне

У Швэцыі, як і Беларусі, існуе датэрміновае галасаваньне. Але швэды, як распавядае Вольга Кавалькова зь Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, пайшлі значна далей, у іх галасаваць перад асноўным днём выбараў можна цягам двух тыдняў.

Каляровыя бюлетэні для трохузроўневых выбараў

«Гэтым разам яўка падчас датэрміновага галасаваньня моцна адрозьнівалася ад папярэдніх выбараў. Раней яна была ў раёне 25%, а гэтым разам 40%. Дарэчы, прагаласаваць датэрмінова можна і ў іншым рэгіёне, без аніякіх талёнаў. Твой голас потым і так дасылаюць у твой рэгіён», — распавядае Кавалькова.

Яна дадае, што сёлета ў Швэцыі пачалі ўпершыню ўжываць пераносныя скрыні, таму галасаваць можна было і з дому. У Швэцыі таксама дазволенае і галасаваньне па давернасьці.

Гучыць неверагодна, але швэдам падчас датэрміновага галасаваньня дазволена аддаваць свой голас нават некалькі разоў.

«Бюлетэнь кладзецца ў капэрту, падпісваецца і дасылаецца ў камісію. Але ты можаш зьмяніць думку па нейкіх прычынах і ў асноўны дзень прагаласаваць інакш. Лічыцца тваё апошняе галасаваньне», — тлумачыць Андрэй Дзьмітрыеў.

Чэргі

​Швэды абсалютныя лідэры ў сьвеце па добраахвотнай яўцы. Яна сягае нават 90%. Гэтым разам на ўчасткі прыйшло 85% грамадзян каралеўства.

«У Швэцыі сапраўды на ўчастках стаяць чэргі. У нас пры такой жа яўцы ў дакумэнтах участкі проста пустыя. Людзі паводзяць сябе на ўчастках вельмі вольна. Могуць выйсьці, падумаць, вярнуцца, перадумаць і зноў вярнуцца», — распавядае Дзьмітрыеў.

Галасаваньне

Бюлетэнь для галасаваньня ў Швэцыі даюць не прадстаўнікі выбарчай камісіі, а прадстаўнікі партыяў, якія ўдзельнічаюць у галасаваньні.

«Кожная партыя стаіць перад выбарчым участкам, мае сваю стужку, каб прасьцей было адрозьніць, і раздае свае бюлетэні. Гэты бюлетэнь не кідаецца ў скрыню, а ўкладаецца ў спэцыяльную капэрту. Туды кладзецца бюлетэнь той партыі, за якую ты аддаеш голас. Бюлетэні рознакаляровыя, бо разам з выбарамі ў парлямэнт адбываюцца і выбары ў іншыя ўзроўні ўлады. І толькі потым сябра камісіі кідае бюлетэнь у скрыню», — кажа Вольга Кавалькова.

Цікава, што ў Швэцыі можна прагаласаваць і без пашпарту. Андрэй Дзьмітрыеў распавядае, што калі ёсьць праблема з дакумэнтам, які пацьвярджае асобу, то справу можа вырашыць іншы чалавек, які ў стане яе пацьвердзіць

«Калі маеш праблемы з дакумэнтам, скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарту, напрыклад, то прыводзіш сябра. Калі ён пацьвярджае, што гэта ты, то галасуй, калі ласка», — кажа сустаршыня «Гавары праўду».

Камісіі, дарэчы, лічаць толькі тыя бюлетэні, якія знаходзяцца ў скрыні. Сапсаваных бюлетэняў ніхто ня лічыць. Для назіральнікаў няма ніякіх чырвоных рысаў, за якія нельга заходзіць, кажа Дзьмітрыеў. А назіраць можна нават без пасьведчаньняў.

Гарадзенскі сябра БХД Аляксандар Абуховіч ня толькі здолеў зьняць працэс падліку галасоў на ўчастку ў Стакольме. Паводле яго, прадстаўнікі камісіі нават узрадаваліся, калі ён сказаў, што будзе фатаграфаваць падлік. Гэты працэс ён назваў самым празрыстых з тых, якія калі-небудзь бачыў.

Паплечніца Дзьмітрыева, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацьцяна Караткевіч гаворыць Свабодзе, што гарантыя цывілізаванасьці выбараў у Швэцыі — гэта давер грамадзянаў да палітыкаў і наадварот.

«Зьдзівіла яўка — 85 адсоткаў і вельмі актыўныя дыскусіі. Як нам распавядалі самі швэды, у гэтай кампаніі быў вельмі высокі ўзровень папулізму і пераход на асабістую крытыку. Але, тым ня менш, адчуваецца, што ў швэдаў ёсьць давер да інстытуту выбараў і выбарчага заканадаўства», — гаворыць Караткевіч.

Зь ёю згодны і старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч. Паводле яго, ключавы фактар справядлівасьці швэдзкіх выбараў — давер.

«Назіральнік просіць інфармацыю і яму яе без праблемаў даюць. Поўны давер і празрыстасьць», — гаворыць Губарэвіч

Дадатковым мэханізмам праверкі ён называе правядзеньне экзіт-полаў. Іх вынікі абвяшчаюцца адразу пасьля закрыцьця ўчасткаў.

Юры Губарэвіч і лідэрка швэдзкіх хрысьціянскіх дэмакратаў Эба Буш

«Дадзеныя, якія атрымліваюць камісіі істотна не адрозьніваюцца ад апытаньняў. Гэта яшчэ раз даказвае, што камісіі працуюць сумленна. У беларускіх умовах усё гэта прывяло б да яшчэ большых фальсыфікацый. Але ў Швэцыі прынята давяраць адзін аднаму. Тут нават няма думкі, што нехта можа сфальсыфікаваць выбары».

***

Як і належыць дэмакратычнай краіне, у Швэцыі інтрыга выбараў захоўвалася да апошняга моманту. Па выніках падліку галасоў, амаль пароўну галасы паміж сабой падзялілі Альянс правацэнтрысцкіх партый (40,3 %) і кіроўны чырвона-зялёны блёк, у які ўваходзяць сацыял-дэмакраты, Партыя зялёных і Левая партыя (40,6 %).

Правая партыя «Швэдзкія дэмакраты» набрала больш за 17,6% галасоў выбарнікаў. Гэта найлепшы вынік у гісторыі партыі. Яна вядомая сваёй антыэўрапейскай пазыцыяй, выступае за ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.

Посьпех «Швэдзкіх дэмакратаў» сур’ёзна абцяжарвае фармаваньне ўраду, паколькі ані левацэнтрысцкая кааліцыя на чале з сацыял-дэмакратамі, ані правацэнтрысты ня будуць мець у парлямэнце абсалютнай большасьці, а ўступаць у кааліцыю з правымі папулістамі ніхто ня хоча.