Прадстаўнік Акадэміі навук: Мы ня бачым доказаў таго, што чалавек паходзіць ад малпы

Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётр Віцязь не выключае, што людзі, які жывуць на Зямлі, зьяўляюцца нашчадкамі перасяленцаў з космасу. Сваім меркаваньнем аб паходжаньні жыцьця на плянэце навуковец падзяліўся 10 верасьня ў Менску падчас XXXI Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі удзельнікаў касьмічных палётаў, паведамляе БелаПАН.

«Адкуль зьявіўся чалавек на Зямлі? Шмат кажуць пра тое, што мы перасяленцы, што чалавек зьявіўся з космасу. Я веру ў тое, што сёньня, якой бы ні была сэлекцыя, як бы ні выяўлялася эвалюцыя, мы ня бачым доказаў таго, што чалавек паходзіць ад малпы», — сказаў ён.

«Паглядзіце на старажытныя наскальныя малюнкі, — зьвярнуў увагу Віцязь. — На многіх зь іх намаляваныя ракеты, касманаўты. Адкуль яны ўзяліся? А тое, што знаходзяць сёньня археолягі [сьляды] чалавека зусім іншых памераў? Адкуль гэта ўзялося? Таму нешта ёсьць. Мы ня маем доказаў, але такая гіпотэза ёсьць, гэта магчыма».

Кіраўнік апарату НАНБ выказаў надзею, што калі-небудзь гіпотэза аб незямным паходжаньні чалавека будзе даказаная. На яго думку, яе пацьвярджэньню можа паспрыяць высадка чалавека на іншай плянэце і яе засваеньне.

Ідэю паходжаньня чалавека ад малпы звычайна прыпісваюць Чарльзу Дарвіну, хаця яна выказвалася і да яго.

На падставе параўнальна-анатамічных, эмбрыялягічных дадзеных, якія ўказваюць на велізарнае падабенства чалавека і чалавекападобных малпаў, Чарльз Дарвін абгрунтаваў у 19 стагодзьдзі ідэю іх сваяцтва, а такім чынам, і агульнасьці іх паходжаньня ад старажытнага зыходнага продка. Так нарадзілася сіміяльная (малпавая) тэорыя антрапагенэзу. Праца Дарвіна «Паходжаньне чалавека і полавы адбор» выйшла ў у 1871 годзе праз 12 гадоў пасьля «Паходжаньня відаў».

Чарльз Дарвін. Каляж

На думку гісторыкаў, вядомы выраз «чалавек паходзіць ад малпы» належыць у першую чаргу ня Дарвіну, а ягоным пасьлядоўнікам Томасу Гекслі, Карлу Фохту і Эрнсту Гекелю Ён зьявіўся высновай, якую пасьлядоўнікі Дарвіна зрабілі зь ягонай тэорыі відаўтварэньня праз тры-чатыры гады пасьля выхаду кнігі Дарвіна.

Прамым доказам сваяцтва чалавека і малпаў сталі парэшткі выкапняў істот — як агульных продкаў чалавека і чалавекападобных малпаў, так і прамежкавых формаў паміж малпавым продкам і сучасным чалавекам.

***

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў праходзіць 9-15 верасьня ў Менску. У ім бяруць удзел больш за 80 касманаўтаў і астранаўтаў з амаль 20 краін. Праца кангрэсу пабудаваная ў рамках чатырох тэхнічных сэсій, якія прысьвечаныя новым навуковым праграмам касьмічных дасьледаваньняў, справаздачам аб апошніх палётах на Міжнародную касьмічную станцыю і іншым пытаньням.

Асацыяцыя удзельнікаў касьмічных палётаў — міжнародная некамэрцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае каля 400 касманаўтаў і астранаўтаў з многіх краін. Была створаная ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілятуемых касьмічных палётаў.