Намесьнік старшыні беларускай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч адказаў на прапанову старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзіміра Жырыноўскага аб «узьяднаньні Беларусі і Расеі».
Што адбылося?
Жырыноўскі 8 верасьня ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што цяпер Лукашэнка можа «ўпісаць сябе ў гісторыю», бо кіраўнік Беларусі «можа сёньня ўзьяднаць Беларусь і Расею».
Што кажа Гайдукевіч?
«Уладзімір Вольфавіч, Вы прапануеце нам жыць у камуналцы, а мы хочам жыць у Саюзе з Расеяй, але ў асобнай двухпакаёвай кватэры. Хай у вас будзе свая прасторная чатырохпакаёвая, а ў нас — невялікая двухпакаёвая, але свая. Навошта нам быць мужыком пасьля 40, які жыве з братам ці сястрой у адным пакоі, гэта няправільна. І кватэры хай будуць на адной лесьвічнай пляцоўцы, вось гэта добра, але зноў жа асобная двухпакаёўка лепшая за вялікую камуналку!», — цытуе Гайдукевіча прэс-рэліз ЛДП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за атакамі расейскіх мэдыя на Беларусь?