Дональд Трамп дасьць тлумачэньні ў справе аб дамаганьнях

Дональд Трамп

Дональд Трамп выступіць пад прысягай з пісьмовымі заявамі з нагоды абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях падчас здымак у сваім тэлешоў «Вучань». Прэзыдэнт ЗША павінен зьявіцца ў судзе да канца верасьня.

Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на адвакатаў.

Адна з удзельніц шоў, Самэр Зэрвас, у 2017 годзе падала на Трампа скаргу. Паводле яе, у 2007 годзе ён дамагаўся яе, а таксама выступаў з паклёпніцкімі заявамі. Прэзыдэнт сваёй віны не прызнае.

У канцы 2016 году газэта The Washington Post апублікавала відэазапіс з 2005 году, на якім чуваць сэксісцкія выказваньні Трампа. Пасьля публікацыі некалькі жанчын абвінавацілі Трампа ў дамаганьнях. Тады прэзыдэнт папрасіў прабачэньня за свае словы, але адзначыў, што на запісе зафіксаваная прыватная размова.

Тэлешоў «Вучань» (The Apprentice) пачало выходзіць у 2004 годзе на тэлеканале NBC. Яго ўдзельнікі выконвалі розныя бізнэс-заданьні. Вядучымі ў розны час выступалі сам Дональд Трамп і актор Арнольд Шварцэнэгер, які пакінуў шоў у 2017 годзе.