Скандальная «Салямэя» і сквапны Штраўс

Аўстрыйскі кампазытар Рыхард Штраўс, 1904. Фота: Edward Steichen

Сёньня я хачу напісаць некалькі абзацаў пра опэру «Салямэя» і яе аўтара Рыхарда Штраўса. Зьвесткі, якія ніжэй выкладу, неабавязкова ўсе знойдзеце ў «электронных энцыкляпэдыях» — частку зь іх я пачарпнуў зь «іншых крыніц».

Мэдыяльная «дзьвіжуха» ў Беларусі ў сувязі зь пераносам прэм’еры «Салямэі» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры ў Менску схіліла мяне пакорпацца ў розных даведачных выданьнях, каб дазнацца, а як жа публіка рэагавала на самыя першыя паказы гэтай опэры ў пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Непрыстойны» танец

Аказваецца, ня толькі «праваслаўных вернікаў» абурала трактоўка біблейскага сюжэту зь Янам Хрысьціцелем у п’есе Оскара Ўайлда «Salomé» (1891), якая паслужыла асновай для аднайменнай опэры Рыхарда Штраўса (1905).

Штраўс напісаў ня толькі музыку, але і лібрэта опэры, абапіраючыся на нямецкамоўны пераклад п’есы Ўайлда, зроблены паэткай і перакладчыцай Гедвіг Ляхман (1893). Якраз гэтая нямецкамоўная вэрсія опэрнай «Салямэі» стала славутай і ўзнаўляецца ў рэпэртуары шматлікіх тэатраў сьвету па сёньняшні дзень. Сёньня ўжо мала хто ведае, што ў 1907 годзе Штраўс падрыхтаваў і францускамоўную вэрсію опэры, грунтуючыся на арыгінальным тэксьце Уайлда, але яна амаль зусім забылася.

Прэм’ера опэры прайшла 9 сьнежня 1905 у Дрэздэне, выклікаючы сэнсацыю і энтузіязм сярод гледачоў (крытыкі, праўда, былі менш захопленыя). Аднак сьпявачка Марыя Вітых, якая выступала ў ролі Салямэі, наадрэз адмовілася выконваць ключавы нумар опэры — «Танец сямі заслонаў» — у якім Салямэя танцуе перад Ірадам, атрымаўшы ягонае абяцаньне, што ён дасьць ёй за танец усё, чаго яна толькі пажадае. Салямэя танцуе, паступова скідаючы зь сябе сем заслонаў і агаляючыся, і даводзіць уладара Юдэі да экстазу, а потым просіць у яго галавы зьняволенага ім Яна Хрысьціцела. «Я ня буду танчыць гэта. Я прыстойная жанчына», — гісторыя занатавала словы Марыі Вітых, якія яна сказала Рыхарду Штраўсу падчас рэпэтыцыі.

Тут — адна з «падсучасьненых» вэрсій «Танца сямі заслонаў». Ролю Салямэі выконвае швэдзкая сьпявачка Малін Быстрэм:

«Агідная» гісторыя

Пагудка аб тым, што опэра ўключае ў сабе «маральна рызыкоўныя» элемэнты, пайшла ў сьвет, і «Салямэю» паставілі ў 50 музычных тэатрах сьвету ўсяго на працягу наступных двух гадоў. Але ня ўсюды было гладка і энтузіястычна.

У Бэрлінскай імпэратарскай опэры, дзе Рыхард Штраўс выступаў як дырыжор аркестру, імпэратар Вільгельм ІІ дазволіў спэктакль толькі пасьля таго, як над сцэнай павесілі Бэтлеемскую зорку, каб падкрэсьліць хрысьціянскі характар опэры, у якім некаторыя сумняваліся. Гісторыя занатавала словы кайзэра Вільгельма ІІ з гэтай нагоды: «Я люблю гэтага Штраўса, але „Салямэя“ наробіць яму шмат шкоды». На што Штраўс, шмат гадоў пазьней, адказаў: «Гэтая шкода дазволіла мне пабудаваць дом у Гармішы». Пра заробкі кампазытара я напішу пару словаў пад канец.

У Нью-Ёрку прэм’ера «Салямэі» мела месца ў Мэтраполітан-опэры 22 студзеня 1907-га — адбыўся толькі адзін спэктакль, пасьля якога «багатыя мэцэнаты» тэатру, пад уплывам гучнага крыку абурэньня з боку як «грамадзкасьці», так і крытыкаў, зьнялі опэру з рэпэртуару. Агульны настрой можна падсумаваць высновай аднаго з тагачасных рэцэнзэнтаў: «Гэтая гісторыя агідная для англасаксонскага розуму». Наступная пастаноўка опэры ў Нью-Ёрку адбылася толькі ў 1934 годзе.

Гітлер сярод мэляманаў

У Аўстрыі, айчыне Рыхарда Штраўса, прэм’ера «Салямэі» адбылася ў Грацы ў 1906-м. Сярод гледачоў былі топ-славутасьці тагачаснага музычнага сьвету: Арнольд Шонбэрг, Джакома Пучыні, Альбан Бэрг, Густаў Малер. І нікому тады невядомы Адольф Гітлер.

Густаў Малер, які быў дырэктарам Імпэратарскай опэры ў Вене і лічыў «Салямэю» «адным з найвялікшых шэдэўраў нашага часу», пастанавіў пакінуць сваю пасаду, калі цэнзар забараніў яму паставіць гэтую опэру ў Вене. Штраўс ледзь намовіў Малера застацца.

У царскай Расеі «Салямэі» не спрабавалі ставіць — яе першы расейскі паказ адбыўся ў Ленінградзе ў 1924 годзе.

Тут фінальная сцэна «Салямэі» ў лёнданскай пастаноўцы 1991 году. Ролю Салямэі выконвае амэрыканская сьпявачка Марыя Юінг:

Каго насамрэч баяўся Рыхард Штраўс?

Амэрыканскі музычны крытык Гаральд Шонбэрг у сваёй сёньня ўжо клясычнай кнізе «The Lives of the Great Composers» (1970) адзначае, што сучасьнікаў Рыхарда Штраўса моцна зьбівала з панталыку несупадзеньне мадэрнісцкага (нярэдка скандальнага) наватарства кампазытара ў музыцы зь ягоным характарам тыповага нямецкага мешчаніна свайго часу, у прыватным жыцьці якога не было ні сьледу якога-небудзь скандалу ці незвычайнасьці. І несупадзеньне вобразу сусьветна вядомага кампазытара зь ягоным характарам сквапнага чалавека, які адной рукой пісаў геніяльныя ноты, а другой лічыў кожны грош.

«Штраўс баяўся сваёй жонкі, Паўліны. Не было на сьвеце другога такога мужа, які б сядзеў пад жончыным туфлем цішэй, чым ён» — піша Шонбэрг у сваёй смакавітай кнізе, якую я пры гэтай нагодзе рэкамэндую пачытаць кожнаму мэляману.

А вось фрагмэнт пра сквапнасьць Штраўса:

«Журналістаў і рэдактараў прыводзіў у стан вялікай узрушанасьці і факт, што на музыцы можна зарабіць такія казачныя грошы. Калі Штраўс наведаў у 1904 годзе Амэрыку, кліўлэндзкі Plain Dealer апублікаваў доўгі артыкул пра ганарары Штраўса і прыйшоў да высновы, што ягоны гадавы заробак быў ня меншы за 60 тысяч даляраў, а цягам пяці наступных гадоў пабольшыцца ўдвая. (На той час сям’я амэрыканскага рабочага была вельмі задаволеная, калі яе карміцель зарабляў 500 даляраў за год.) (...) Было вядома, што Штраўс заўсёды вёў цьвёрдыя перамовы наконт сваіх ганарараў і любіў шорах банкнотаў ня менш, чым гук скрыпак. Альма Малер была сьведкам рэпэтыцыі ягонай опэры „Feuersnot“ у 1901 годзе, пасьля якой запісала ў сваім дзёньніку: „Штраўс ня думае ні пра што іншае, акрамя грошай. Ён увесь час трымаў аловак у руцэ і падлічваў прыбытак да самага апошняга талера“».

Па-мойму, усё нармальна. Чаму мастаку нельга быць эканомным ці нават сквапным, калі справа датычыць ягоных уласных заробкаў? І ці сапраўды мастаку нельга слухацца жонкі ў сямейным жыцьці? Важна, хутчэй, тое, каб ён нікога ня слухаўся ў сваёй творчасьці. Нават голасу «абуранай грамадзкасьці»...

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.