Пагадненьне аб прыярытэтах партнэрства Беларусі і ЭЗ можа быць падпісанае сёлета.
Камісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні ЭЗ Ёганэс Ган спадзяецца, што Беларусь і Эўразьвяз падпішуць пагадненьні аб прыярытэтах партнэрства да канца сёлетняга году. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ.
«Мы можам падпісаць гэтае пагадненьне, калі пераадолеем заключны этап перамоваў, — сказаў эўракамісар. — Мне здаецца, што можам зрабіць гэта даволі хутка. Для гэтага патрэбен апошні штуршок зь беларускага боку».
Паводле Гана, у аснове гэтага пагадненьня — інвэстыцыі ў эканамічнае разьвіцьцё Беларусі, але, «натуральна, праз узаемныя інтарэсы Беларусі і Эўразьвязу». «Гэта даволі прывабны рынак, і нашаму боку важна мець моцную эканоміку па суседзтве, разумець, што ў суседзяў створаныя добрыя ўмовы для жыцьця грамадзян. У гэтым заключаецца наш інтарэс — падтрымаць нашых суседзяў», — сказаў эўракамісар.
Ён станоўча ацаніў увядзеньне Беларусьсю бязьвізавага рэжыму на 30 дзён для знаходжаньня замежных грамадзян, у тым ліку з краін ЭЗ.
«Гэта быў цікавы крок, асабліва адрасаваны дзелавым людзям, якім часта даводзіцца бываць у Беларусі. Думаю, што гэта зробіць станоўчы ўплыў на эканамічнае разьвіцьцё Беларусі і яе адносіны з ЭЗ», — сказаў Ёганэс Ган.
Акрамя таго, Ган заявіў, што менавіта ён «стаў тым палітыкам, які выступіў за паляпшэньне стасункаў між Беларусьсю і Эўразьвязам.
«Гэта вельмі лягічна: прэзыдэнт Лукашэнка мусіць наведваць эўрапейскія краіны, — разважаў ён. — Бо калі людзі размаўляюць адзін з адным, яны пазнаюць адзін аднаго лепш, яны разумеюць адзін аднаго лепш. І ўзровень стасункаў паміж дзяржавамі павінен быць такім — і таму я магу толькі падтрымліваць ўмацаваньне даверу і такога кшталту дыпляматыю».
На пытаньне аб тым, калі можа адбыцца такі візыт Лукашэнкі ў эўрапейскія краіны, Ган адказаў, што ён асабіста намагаецца ня ўмешвацца ў двухбаковыя стасункі, але «калі б гэта ні адбылася», ён будзе вітаць такі візыт.