Амэрыканская юрыдычная кампанія «Miller & Chevalier» абнародавала сваё першае «Дасьледаваньне карупцыі ў рэгіёне Эўропы, Каўказу і Азіі (ЭКА)».
Дасьледаваньне праводзілася ў 10 краінах: у Азэрбайджан, Беларусі, Грузіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Малдове, Расеі, Украіне і Эстоніі.
У траўні і чэрвені 2018 году кампанія «Miller & Chevalier» і 10 яе фірмаў-партнэраў апыталі ў гэтых краінах агулам больш за 300 кіраўнікоў камэрцыйных структур, штатных юрысконсультаў, а таксама іншых адмыслоўцаў з кампаніяў у розных галінах.
Радыё Свабода папрасіла распавесьці пра вынікі дасьледаваньня супрацоўніцу «Miller & Chevalier» Марыну Кавалеўскую і віцэ-прэзыдэнта міжнароднага аддзелу фірмы Джэймса Тылена.
— Сярод 10 краін, у якіх Miller & Chevalier праводзіла дасьледаваньне карупцыі – якое месца займае Беларусь? У дасьледаваньні адзначаны лідэры, краіны адносна пасьпяховыя – Літва і Эстонія, краіны, дзе сытуацыя трохі горай – Латвія і Грузія, і астатнія 6. Сярод гэтых шасьці – якое месца Беларусі?
— Зыходзячы з вынікаў апытаньня, Беларусь уваходзіць у катэгорыю краін, дзе карупцыя зьяўляецца сур'ёзным выклікам для бізнэсу разам з Азэрбайджанам, Казахстанам, Малдовай, Расеяй і Ўкраінай. Амаль палова (44%) рэспандэнтаў лічаць, што карупцыя ў Беларусі зьяўляецца сурʼёзнай перашкодай для вядзеньня бізнэсу. Для параўнаньня, 65-67% удзельнікаў апытаньня так бачаць сытуацыю ў Расеі і Азэрбайджане, у Казахстане – 83%, ва Ўкраіне і ў Малдове – больш за 90%.
44% рэспандэнтаў лічаць існае антыкарупцыйнае заканадаўства Беларусі эфэктыўным
Пры гэтым 44% рэспандэнтаў лічаць існае антыкарупцыйнае заканадаўства Беларусі эфэктыўным. Малдова, Азэрбайджан і Расея на другім месцы — 22-25%. Замыкаюць гэты сьпіс Украіна (5%) і Казахстан, дзе ніхто з апытаных ня лічыць антыкарупцыйнае заканадаўства сваёй краіны эфэктыўным.
Што тычыцца ступені карумпаванасьці сэктараў дзяржаўнага кіраваньня, у адрозьненьне ад іншых краін гэтай шасьцёркі, рэспандэнты ў Беларусі адзначылі толькі два сэктары, у якіх ёсьць значны ўзровень карупцыі — гэта дзяржаўныя прадпрыемствы і службоўцы органаў кіраваньня мясцовага ўзроўню.
У сваю чаргу, рэспандэнты ў астатніх 5 краінах гэтай катэгорыі адзначылі як моцна карумпаваныя 6-9 сэктараў з 10 прапанаваных.
Гэта ўсяго толькі некалькі прыкладаў з дасьледаваньня. Відавочна, што вынікі адлюстроўваюць неадназначную карціну распаўсюджваньня і ўспрыманьня карупцыі нават унутры адной катэгорыі краінаў, ня кажучы ўжо пра сытуацыю ў рэгіёне ў цэлым.
— Ці ўплываў на вынікі дасьледаваньня фактар страху? Ці часта дасьледчыкі сутыкаліся з нежаданьнем рэспандэнтаў адказваць, зь іх асьцярогамі, што прызнаньне шырокага распаўсюду карупцыі можа ім пашкодзіць?
— Нашым прыярытэтам было забясьпечыць поўную ананімнасьць рэспандэнтаў і бясьпеку дадзеных (адказы падаваліся з дапамогай онлайн-плятформы).
Характэрна, што нам не ўдалося сабраць і, адпаведна, прааналізаваць статыстычна значную колькасьць адказаў пра сытуацыю ў некаторых краінах рэгіёну. Улічваючы адчувальны характар тэмы карупцыі, адсутнасьць дастатковай колькасьці адказаў можа адлюстроўваць перасьцярогі мясцовых спэцыялістаў адносна ўдзелу ў дадзеным апытаньні, якое магло быць успрынята як выказваньне імі палітычнай пазыцыі.
Акрамя таго, мяркуючы па значных разыходжаньнях у адказах на некаторыя пытаньні, мы прыйшлі да высновы, што ў пэўных краінах рэспандэнты, верагодна, не хацелі даваць сумленныя адказы аб іх непасрэдным вопыце сутыкненьня з хабарніцтвам (напрыклад, сумняваючыся ў ананімнасьці апытаньня), аднак былі гатовыя абмяркоўваць праблему карупцыі ў цэлым больш адкрыта.
— Асобна ў дасьледаваньні вылучаюцца краіны Балтыі – у іх сытуацыя лепш, чым ва ўсіх астатніх. Гэта краіны кансалідаванай дэмакратыі, яны чальцы NATO і ЭЗ. Вы ў дасьледаваньні не аналізавалі палітычныя рэжымы ў краінах, якія вывучаюцца. Але ці назіраецца ў сямёрцы астатніх краін нейкая карэляцыя паміж агульнавядомай ступеньню іх дэмакратычнасьці і ўзроўнем карупцыі? Малдова і Ўкраіна відавочна больш дэмакратычныя, чым Азэрбайджан і Беларусь. Першыя дзьве краіны менш карумпаваныя?
— Нашай галоўнай мэтай было ацаніць маштабы карупцыі ў рэгіёне ЭКА і прадставіць комплексны аналіз сытуацыі ў асобных краінах, каб дапамагчы бізнэсам вызначыць існыя рызыкі і распрацаваць дзейсныя мэтады па іх мінімізацыі.
Вынікі апытаньня кажуць пра тое, што карупцыя – праблема, характэрная для ўсіх краін рэгіёну
Мы не ацэньвалі ўзровень дэмакратычнасьці краін у кантэксьце гэтага дасьледаваньня. Вынікі апытаньня кажуць пра тое, што карупцыя – праблема, характэрная для ўсіх краін рэгіёну. Толькі ў выпадку Эстоніі і Літвы мы можам казаць пра меншую колькасьць праблем, зьвязаных з карупцыяй. Адказы рэспандэнтаў аб сытуацыі ў Грузіі і Латвіі таксама даюць падставы для аптымізму.
— Як зьвязаныя ўзровень карупцыі і інтэнсіўнасьць барацьбы з карупцыяй? У Беларусі антыкарупцыйныя крымінальныя справы ідуць каскадам, можна прыгадаць нядаўнюю гучную «справу мэдыкаў». Чым больш барацьбы, чым больш пасадак – тым менш карупцыя? Ці ёсьць такая залежнасьць?
— Барацьба з карупцыяй у краінах, у якіх ёсьць сурʼёзныя праблемы ў галіне незалежнасьці суду і органаў сьледзтва, наўрад ці можа быць эфэктыўнай.
Барацьба з карупцыяй у краінах, у якіх ёсьць сурʼёзныя праблемы ў галіне незалежнасьці суду і органаў сьледзтва, наўрад ці можа быць эфэктыўнай
У кожнай з краін рэгіёну існуюць антыкарупцыйныя законы, аднак толькі 84% рэспандэнтаў пацьвердзілі, што яны ведаюць пра іх існаваньне, і толькі 57% рэспандэнтаў лічыць, што той, хто дае і бярэ хабар, могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці.
78% рэспандэнтаў адзначаюць, што найбольш эфэктыўны мэтад зьніжэньня ўзроўню карупцыі – гэта незалежная судовая сыстэма. Важнасьць празрыстасьці ў дзяржаўным сэктары адзначалі 73%, і 65% рэспандэнтаў лічаць важным абʼектыўнасьць сьледзтва ў кантэксьце карупцыйных злачынстваў.
У цэлым, дадзеныя вынікі, безумоўна, адлюстроўваюць нізкую ступень даверу да судовых органаў і дзяржаве ў пытаньнях барацьбы з карупцыяй. Мы плянуем прасачыць дынаміку ў гэтай сфэры ў краінах рэгіёну ў бліжэйшыя гады, што дасьць магчымасьць больш абʼектыўна ацаніць эфэктыўнасьць мер, якія прымаюцца зараз.
На наступнае пытаньне адказаў Джэймс Тылен, віцэ-прэзыдэнт міжнароднага аддзелу фірмы «Miller & Chevalier»
— Кампанія «Miller & Chevalier» на працягу некалькіх гадоў праводзіла дасьледаваньні карупцыі ў краінах Лацінскай Амэрыкі. Што паказвае параўнаньне гэтых дасьледаваньняў з апошнім, праведзеным у 10 постсавецкіх краінах? У сярэднім карупцыя ў Лацінскай Амэрыцы вышэй або ніжэй, чым рэгіёне Эўропы, Каўказу і Азіі, які вы вывучалі сёлета?
— Як паказалі вынікі нашых дасьледаваньняў, карупцыя можа істотна варʼіравацца паміж рэгіёнамі, унутры пэўнага рэгіёну і нават сярод розных дзяржаўных установаў унутры кожнай з краін. Рэспандэнты ў абодвух рэгіёнах вельмі пэсымістычныя адносна сытуацыі з карупцыяй.
Больш за тры чвэрці (77%) рэспандэнтаў у Лацінскай Амэрыцы перакананыя ў неэфэктыўнасьці іх антыкарупцыйнага заканадаўства ў параўнаньні з 71% рэспандэнтаў у рэгіёне ЭКА. Каля паловы (48%) рэспандэнтаў у Лацінскай Амэрыцы ўспрымаюць карупцыю, як значную перашкоду для бізнэсу, тады як у рэгіёне ЭКА гэты паказчык 62%. Больш за палову (52%) удзельнікаў апытаньня аб карупцыі ў Лацінскай Амэрыцы лічаць, што яны саступілі бізнэс канкурэнтам, якія плацілі хабар. У краінах рэгіёну ЭКА гэты паказчык складае 35%.
Істотныя адрозьненьні назіраюцца ў ступені дасьведчанасьці рэспандэнтаў аб Законе ЗША аб супрацьдзеяньні карупцыі за мяжой («FCPA»), юрысдыкцыя якога выходзіць за межы ЗША. Магчыма, з прычыны іх геаграфічнай блізкасьці, 72% рэспандэнтаў у Лацінскай Амэрыцы адказалі, што ведаюць пра гэты закон, у той час як у краінах рэгіёну ЭКА гэты паказчык толькі 52%.
Кампаніі ў абодвух рэгіёнах укараняюць ўнутраныя праграмы па барацьбе з карупцыяй, але ў Лацінскай Амэрыцы гэтаму пытаньню надаецца большае ўвагі, што пацьвярджае 82% рэспандэнтаў. Для краін рэгіёну ЭКА гэты паказчык складае 63%.
«Miller & Chevalier» – юрыдычная фірма, заснаваная ў 1920 годзе, знаходзіцца ў Вашынгтоне (акруга Калюмбія). Фірма вядзе справы ў галіне міжнароднага права, падаткаабкладаньня, працоўнага права, абароны асобаў, якія абвінавачваюцца ў эканамічных злачынствах, а таксама ў галіне ўзаемадзеяньня з дзяржаўнымі структурамі. За апошнія тры гады юрысты кампаніі прадстаўлялі інтарэсы больш за 40% кампаній рэйтынгу Fortune 100, чвэрці кампаній рэйтынгу Fortune 500 і прыкладна 30 % кампаній рэйтынгу Global 100.