Вайскоўцы ЗША на поўдні Сырыі пачалі раптоўныя вучэньні ў сувязі з пагрозамі з боку Расеі. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на амэрыканскага вайсковага чыноўніка. Паводле яго, манэўры сталі прамым адказам на заявы Міністэрства абароны Расеі, якое двойчы за тыдзень папярэджвала ЗША аб гатоўнасьці нанесьці ўдары па тых раёнах Сырыі, дзе могуць разьмяшчацца амэрыканскія вайскоўцы.
Мэта манэўраў — прадэманстраваць Маскве магчымасьці ЗША ў Сырыі, заявіў капітан Уільям Эрбан, галоўны прадстаўнік Цэнтральнага камандаваньня кааліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчальнікі ЗША перахапілі расейскія Ту-95 каля берагоў АляскіВойскі адпрацуюць здольнасьць хутка разгортвацца, праводзіць інтэграваную атаку паветранымі і наземнымі сіламі, а таксама рабіць хуткія пранікненьні на варожыя пазыцыі. У апэрацыі задзейнічаныя у тым ліку ударныя верталёты. Вучэньні праходзяць у правінцыі Хомс — побач з амэрыканскай вайсковай базай Эт-Танф.
Прэсавы прадстаўнік Пэнтагону Шон Робэртсан падкрэсьліў, што ЗША не шукаюць канфрантацыі з Масквой, аднак без ваганьняў абароняць амэрыканскія войскі і іх саюзьнікаў, як гэта адбывалася ў мінулым. Тэлеканал прыводзіць заяву неназванага амэрыканскага чыноўніка, які сказаў, што амэрыканскі бок параіў Маскве «трымацца далей ад Эт-Танф», бо ў Пэнтагоне, паводле яго слоў, гатовыя «даць адказ».
Адзначаецца, што асаблівую занепакоенасьць у Пэнтагону выклікала учорашняя заява Мінабароны Расеі аб верагодным удары крылатымі ракетамі па месцах разьмяшчэньня амэрыканцаў. Масква сьцьвярджае, што на гэтых тэрыторыях знаходзяцца узброеныя ісламісты.