Меркаваныя агенты расейскай вайсковай выведкі ГРУ, якіх Вялікабрытанія падазрае ў замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў, прадставіліся бізнэсоўцамі пры атрыманьні ангельскіх віз. Пра гэта паведамляе Daily Telegraph са спасылкай на спэцслужбы.
Паводле брытанскай выведкі, двое мужчын паказалі афіцыйныя расейскія пашпарты з фальшывымі імёнамі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Абодва паведамілі, што працуюць нібыта ў сфэры міжнароднага гандлю. Яны прадставілі нумары банкаўскіх рахункаў, на якіх ляжалі тысячы фунтаў стэрлінгаў.
Суразмоўца выданьня Daily Mirror паведаміў, што інструмэнт замаху — яд «Навічок» — прывезьлі праз дыпляматычную пошту, паколькі яна не падлягае дагляду. Паводле яго, нэрвова-паралітычнае рэчыва трапіла ў Брытанію за некалькі тыдняў да злачынства. У далейшым, адзначыў ён, супрацоўнікі ГРУ забралі кантэйнэр ў прызначаным месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Брытаніі: замах на Скрыпаля арганізавала расейская дзяржаваАгульная колькасьць удзельнікаў апэрацыі складала каля 10 чалавек. Брытанскія спэцслужбы ўпэўненыя, што расейскія агенты праслухоўвалі тэлефон Юліі Скрыпаль задоўга да замаху, таму ведалі пра яе пляны і маглі прасачыць за ёй ад пасадкі на самалёт у Расеі і да самага дому Скрыпаля ў Брытаніі.
Былы двайны агент Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі знойдзены ў ангельскім горадзе Солсбэры 4 сакавіка з прыкметамі атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». У сераду, 6 верасьня, брытанская пракуратура апублікавала фатаграфіі падазраваных у злачынстве.