У Беларускай праваслаўнай царкве заявілі, што не патрабавалі забараніць пастаноўку опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі.
А толькі прапанавалі перанесьці прэм’еру, якая павінна была адбыцца 9–10 верасьня, на іншыя дні.
Скандал вакол опэры ў Менску распачаўся пасьля таго, як некаторыя праваслаўныя парталы разьмясьцілі ліст вернікаў супраць «Салямэі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікі тэатар Беларусі перанёс прэм’еру опэры «Салямэя». Прычына — ліст праваслаўных вернікаўСтаршыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ліст вернікаў, якія патрабуюць забараніць опэрны спэктакль «Салямэя» і распачаць крымінальную справу супраць рэжысэра Міхаіла Панджавідзэ, паступіў і ў Менскую эпархіяльную ўправу. І на гэты зварот вернікаў, якія пазначылі свае кантакты, кіраўніцтва БПЦ павінна было рэагаваць.
«Да гэтага ліста мы ня маем ніякага дачыненьня. І выказаную там пазыцыю не падтрымліваем. Наагул, тут і ня можа быць афіцыйнай пазыцыі БПЦ, бо гаворка не ідзе пра прадмет веравызнаньня ці маральнасьці. Гаворка ідзе пра пэўную сацыяльна-культурную зьяву, якая выклікала супярэчлівыя эмоцыі сярод некаторых хрысьціян», — сказаў прадстаўнік БПЦ.
Ваяўнічы ліст вернікаў прыйшоў таксама ў Міністэрства культуры, Генпракуратуру, МУС і яшчэ шмат у якія інстанцыі.
Мы пачыталі лібрэта, паглядзелі прагон і заявілі, што там няма ніякага экстрэмізму, зьдзеку зь вернікаў і парнаграфіі
«Гэта не ананімкі. Выказаныя ў лісьце абвінавачаньні вельмі цяжкія — і нацыянальная, рэлігійная варожасьць, і абраза рэлігійных пачуцьцяў вернікаў, і гэтак далей. Згодна з законам аб зваротах грамадзян і мы, і ўлады павінны былі рэагаваць. Улады стварылі дзьве камісіі і запрасілі на іх пасяджэньне прадстаўнікоў БПЦ. Мы пачыталі лібрэта, паглядзелі прагон і заявілі, што там няма ніякага экстрэмізму, зьдзеку зь вернікаў і парнаграфіі. Дзякуй Богу, падазрэньні, якія выказвала пэўная частка нашага грамадзтва, не пацьвердзіліся», — сказаў протаярэй Сергій Лепін.
Аднак прадстаўнікі БПЦ канстатавалі, што эвангельская гісторыя ў спэктаклі «Салямэя» падаецца неадэкватна, маюць месца «фрывольныя інтэрпрэтацыі адносін Салямэі да Яна».
Міністэрства культуры адгукнулася і перанесла прэм’еру
«Паколькі некаторых вернікаў абурала і тое, што прэм’ера павінна была адбыцца напярэдадні сьвята Сьцяцьця галавы Яна Прадвесьніка, то мы проста параілі Міністэрству культуры, калі ёсьць такая магчымасьць, перанесьці прэм’еру. Яны адгукнуліся і перанесьлі прэм’еру», — сказаў прадстаўнік БПЦ.
Ліст ад вернікаў паступіў з ананімнага email
Галоўны рэдактар праваслаўна-патрыятычнага парталу odigitria.by Цімафей Салаўёў сказаў карэспандэнту Свабоды, што да іх ліст супраць «Салямэі» паступіў з ананімнай электроннай пошты.
«Мы яго апублікавалі, ніякіх адносінаў да яго аўтараў ня маем. Хто даслаў ліст, мы ня ведаем. Але мы ня першыя апублікавалі гэты ліст. Як я адсачыў, першым надрукаваў расейскі патрыятычны сайт «Москва — Третий Рим», — сказаў Цімафей Салаўёў.
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да аднаго з падпісантаў ліста, аднак той адмовіўся ад камэнтароў.
Вакол «Салямэі» і раней былі скандалы
Перад прэм’ерай «Салямэі» ў 1905 годзе аўтар опэры Рыхард Штраўс патрабаваў ад салісткі Мары Ваціх высокай вакальнай тэхнікі і настойваў, каб быў падкрэсьлены эратычны аспэкт ролі. Салістка заявіла, што кіне ролю, бо яна прыстойная жанчына і замужам. Аркестар запэўніваў, што музыку немагчыма выканаць.
Опэру забаранілі да выкананьня ў Вене і Бэрліне. Штраўс мусіў супакойваць, што сюжэт опэры запазычаны зь Бібліі. Толькі праз год «Салямэя» зьявілася на сцэне ў Дрэздэне.