Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 7 верасьня апублікавала вынікі сацыялягічнага апытаньня наконт эфэктыўнасьці працы міліцыі. Апытаньне праводзіў інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук.
Каго пыталі?
У дасьледаваньні ўзялі ўдзел:
- мужчыны – 46% рэспандэнтаў;
- жанчыны – 54%;
- моладзь да 30 гадоў – амаль 26%;
- гараджане – 74%;
- вяскоўцы – 26%.
Што адказвалі?
Паводле МУС, кожны трэці апытаны лічыць, што цяперашняя антынаркатычная палітыка неэфэктыўная. Рэспандэнты прапануюць:
- 12,7% — захаваць усё як было;
- «кожны другі галасуе за ўзмацненьне антынаркатычнай палітыкі»;
- 4,6% — зьмякчыць антынаркатычную палітыку.
Якія менавіта пытаньні задавалі рэспандэнтам і па якім прынцыпе падводзілі вынікі апытаньня, не канкрэтызуецца.
19 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ягонае ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.
27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 2 траўня ў Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні па «наркатычным» артыкуле 328.
Сярод паправак у Крымінальны кодэкс разглядаюць і зьмены ў «наркатычных артыкулах». 29 чэрвеня гэтыя зьмены ў першым чытаньні ўхваліла Палата прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за нарказлачынствы асуджаныя 15 украінцаў. Яны хочуць адбываць пакараньне на радзіме