Былы расейскі выведнік і двайны агент Сяргей Скрыпаль, які ў сакавіку 2018 году быў атручаны «Навічком», у апошнія гады працаваў з гішпанскай выведкай, паведамляе New York Times.
Дэталі працы Скрыпаля у Гішпаніі распавёў газэце высокапастаўлены гішпанскі чыноўнік. Паводле яго слоў, Скрыпаль працаваў у Мадрыдзе яшчэ ў 90-я гады, калі быў вайсковым аташэ пры расейскай амбасадзе (насамрэч ён быў супрацоўнікам ГРУ) і добра ведаў мясцовую абстаноўку.
Згодна з матэрыяламі расейскай крымінальнай справы супраць Скрыпаля, менавіта ў Гішпаніі ён быў завэрбаваны брытанскай выведкай.
Што менавіта Скрыпаль мог расказаць?
Пасьля распаду Савецкага Саюзу Гішпанія стала адной з улюбёных краін для расейскіх крымінальных аўтарытэтаў і карумпаваных чыноўнікаў: яны скуплялі нерухомасьць і адмывалі праз гішпанскія кампаніі грошы. Адзін з супрацоўнікаў гішпанскай паліцыі пацьвердзіў, што Скрыпаль быў выключна карысны ў барацьбе з расейскай арганізаванай злачыннасьцю:
«У нас з самага пачатку былі вялікія праблемы (з расейскай арганізаванай злачыннасьцю ў Гішпаніі), — сказаў ён. — Але мы ня ведалі, як яны працуюць».
Расьсьледаваньне справы «расейскай мафіі» ўлады Гішпаніі вялі амаль 10 гадоў. Першы арышт па гэтай справе адбыўся ў 2008 годзе Тады на Маёрцы арыштавалі Генадзя Пятрова: яго сьледзтва лічыць лідэрам «Тамбоўскай» ( «малышаўскай») групоўкі. Гішпанская паліцыя лічыць, што група, якой кіруе Пятроў, з 1996 году займалася ў Гішпаніі легалізацыяй сродкаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасьці. У тым ліку — ад гандлю какаінам, які ім пастаўлялі калюмбійскія наркакартэлі з Калі і Мэдэльіна.
Канчатковыя высновы сьледзтва па справе «расейскай мафіі» зрабіла ў лютым 2018 году, калі запрасіла пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі для дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Ўладзіслава Рэзьніка. Яго і яго жонку Дыяну абвінавацілі ў адмываньні сродкаў на тэрыторыі Гішпаніі. Празь месяц пасьля таго, як гэта было зроблена, Скрыпаль быў атручаны ў сваім доме ў Солсбэры, Вялікабрытанія.
Сярод людзей, зь якімі цесна кантактаваў Пятроў і іншыя члены групоўкі, паліцыя называла ня толькі Рэзьніка, але і шматлікіх паплечнікаў Уладзіміра Пуціна: былога міністра абароны Анатоля Сердзюкова, цесьця Сердзюкова, былога прэм’ер-міністра Расеі Віктара Зубкова, віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Козака, былога міністра сувязі Леаніда Рэймана, намесьнік кіраўніка ФСКН Мікалая Аулава, кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна і былога намесьніка кіраўніка Сьледчага камітэту пры пракуратуры Ігара Сабалеўскага. Але ім абвінавачаньні ў Гішпаніі так і не былі выстаўленыя.
***
Раней было вядома, што Скрыпаль, ужо атрымаўшы прытулак у Вялікабрытаніі, як мінімум адзін раз прыяжджаў у Чэхію, дзе праводзіў брыфінг для выведнікаў. Кіраўнік МЗС Чэхіі Марцін Стропніцкі пацьвердзіў, што паездка Скрыпаля адбылася ў 2012 годзе і «была карыснай для мясцовых спэцслужбаў»:
Чэскія выданьні лічаць, што Скрыпаль мог дапамагчы ў раскрыцьці «расейскай агентурнай сеткі» ў Чэхіі: празь некаторы час пасьля яго прыезду чэскія спэцслужбы абвясьцілі аб высылцы з Прагі трох супрацоўнікаў амбасады РФ, абвінаваціўшы іх у агентурнай дзейнасьці на карысьць расейскіх спэцслужбаў.
Аналягічныя кантакты ў Скрыпаля былі ў 2016 годзе і з выведкай Эстоніі, якая ў апошнія гады выслала з краіны некалькі расейцаў, абвінаваціўшы іх у шпіянажы.
***
Скрыпаль доўгі час служыў у ГРУ, але ў 1999 годзе пайшоў у адстаўку ў званьні палкоўніка. Да 2003 году працаваў ва ўсправе справамі МЗС Расеі. У сьнежні 2004 году ФСБ арыштавала яго і абвінаваціла ў дзяржаўнай здрадзе і супрацоўніцтве з ангельскай разьведкай. Скрыпаль прызнаў сябе вінаватым і ў 2006 годзе атрымаў 13 гадоў турмы.
9 ліпеня 2010 году тагачасны прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў памілаваў Скрыпаля, які да таго часу адседзеў 5,5 года. Пасьля гэтага яго і яшчэ траіх грамадзян Расеі, асуджаных за шпіянаж на карысьць ЗША і Вялікабрытаніі, абмянялі на дзесяць агентаў расейскіх спэцслужбаў, якія былі затрыманыя ў ЗША ў чэрвені 2010 году, у тым ліку Анну Чапман.
Акрамя Скрыпаля, тады Масква памілавала і выдала Ігара Суцягіна, Генадзя Васіленку і Аляксандра Запароскага. У Маскву з ЗША даставілі Аанну Чапман, Міхаіла Семянко, Міхаіла Куцыка, Натальлю Пераверзеву, Вікі Пэлаес, Міхаіла Васенку, Уладзіміра і Лідзію Гурыевых, Андрэя Бязрукава і Алену Вавілаву. Большасьць зь іх жылі ў ЗША пад выдуманымі імёнамі, але прызналі віну ў шпіянажы ў судзе Нью-Ёрку.
Пасьля гэтага Скрыпаль атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі і з тых часоў жыў на тэрыторыі Злучанага Каралеўства.