У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка Данута Бічэль.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
«Беларусалім» Паўла Севярынца, 2018; «Незабудкі» Ірыны Жарнасек, 2018; «Перакажыце гэта далей» Яна Твардоўскага, 2018.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
«Новы Запавет», 2017, Менск, «Про Хрысто», пераклад з арыгінальнай мовы.
«Адвячорак» Хрысьціны Лялько.
«Дзёньнік» сьвятой сястры Фаўстыны Кавальскай, 2014.
«Галерея чуття», Киів, 2017. Вершы сучасных украінскіх паэтаў з малюнкамі Сяргея Грыневіча.
«Ветровое стекло» Стаса Ільіна.
«Зачараванае каханьне» Алены Афанасьевай (перакладаю па разьдзелах на мову).
«Маміна дрэва» Сьвятланы Варонік.
«Жыві, дзе ўдосталь ветру» Аляксея Белага.
«Гісторыя Сапегаў», выданьне Міхася Скоблы.
«Сэрцу горкая далячынь» Яна Скрыгана.
«Дакрануцца да крыніцы» Ігара Жука, 2016.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Магія. Вось я чытаю Джона Кейджа (John Cage), і прозу, і філязофію і паэзію, а чым ён мяне прыцягвае — сама ня ведаю. І калі пачую, што кніга такая зьявілася, — няма спакою, пакуль яе не трымаю ў руках. Так было з кнігай вэрсэтаў Валянціны Аксак «Завінены рай», так я шукала, пакуль не знайшла, Томаса Мэртана…
Мясцовых аўтараў чытаю па іх просьбе — сказаць ім сваю думку… Абавязкова чытаю тыя кнігі, якія мне дораць, прысылаюць па пошце, запрашаюць на прэзэнтацыю, запрашаюць прыняць удзел у іх стварэньні, шмат іншых прычын. На выбар кнігі, якую я чытаю, уплывае і партрэт аўтара. Прыгожы цёплы выгляд аўтара, як гэтыя лацінаамэрыканскія пісьменьнікі, паэты… На іх глянеш — і ўсьміхнесься, і пачнеш любіць, не чытаючы. Як чыліец Вісэнтэ Гарсія Ўідобра. Ці той жа наш Максім Танк.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
Паўтарыла тое, што ведала, а чаго і ня ведала, перачытала і перадумала гісторыю Вялікага Княства Літоўскага з кнігай «Гісторыя Сапегаў», якую выдаў Міхась Скобла. З гэтай кнігі я даведалася, што Стэфан Баторы і Леў Сапега былі сябрамі. Мяне гэта чамусьці надта ўзрушыла.
А яшчэ такое зьдзіўленьне я перажыла, чытаючы Алеся Чобата ў кнізе
«Плянэта», што «вёскі Скідаль на правым беразе Нёмана, а Адэльск — на левым беразе, паходзяць ад праславянскага „скудаль“, што азначае
скаталюдамагільнік, бо некалі курганы насыпалі толькі над князямі, а ў
ямах каменных са спальваньнем і без спальваньня клалі толькі баяраў, а
ўсе другія стральцы, рацічы, мазанаўцы, пузавічы выляталі ў балота, у
скудаль глыбіні нямернай…»
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Мост на рацэ Дрыне» Івы Андрыча, пераклад з сэрбахарвацкай, Нобэлеўская прэмія 1961. Там столькі гісторыі, філязофіі і паэзіі адначасна, добрая мова перакладу. Дробныя бытавыя дэталі, што ўразаюцца ў памяць. Мост як шматслойны філязофскі вобраз… Мару прачытаць гэтую кнігу яшчэ раз.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Усіх цаню і паважаю. Валодзя Дамашэвіч любіў казаць: усё, што напісана чалавекам, гэта літаратура. Той, каго я ня ведаю, заўтра напіша добры твор, і я пацешуся разам зь ім і зь яго чытачамі.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Кніга апавяданьняў Валодзі Васько «Лясная рапсодыя», Ліда, 2013.
Усе кнігі Алеся Зайкі: «Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны», Менск, «Тэхналёгія», 2016; «Чысты чацьвер» Берасьце, «Альтэрнатыва», 2015; «Фразэалягічны слоўнік Косаўшчыны», 2014. «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата.
Мех бульбы за верш. 10 фактаў пра Дануту Бічэль
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
І плакала, і плачу, калі перачытваю «Яна і Я» Янкі Купалы, вершы Максіма Багдановіча… Плачу над вершамі Ларысы Геніюш і Натальлі Арсеньневай… Плачу, калі перачытваю свае ўспаміны, напрыклад, «Яська і Марылька, я вас люблю»… Увогуле плачу, калі пішу і перачытваю свае вершы.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Гэта кнігі, у якіх аўтар разважае пра Бога, а сам ня верыць. Апошняя такая кніга — Николай Беспамятных, «Максимы/пределы. Экзистенциалистские этюды и ремейки», пасьмяротна выдадзеная вучнямі, 2018. Кніга мяне захапіла моўнай эквілібрыстыкай, я ноч яе чытала, пакуль не дайшла да таго месца, дзе аўтар разважае са зьдзекам пра Бога, веру і малітву, пра пахаваньне і могілкі. Тут нешта нядобрае пачало адбывацца са мной, нехта, ня Той, мной завалодаў. У такіх выпадках выходжу з пакоя, вандрую па навакольлі, стараючыся не аддаляцца ад дому.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Не чытаю д’ябальскай літаратуры. Але калі мясцовы аўтар зьвяртаецца, каб пачытала, то куды падзецца. Апошнім часам прыходзіцца чытаць расейскамоўных мясцовых аўтараў.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Як прыйдзецца, зручней на паперы. Калі маю час і здароўе, калі добрае сьвятло. Найлепей на досьвітку, ранкам. Бывае, ноччу. Некаторых аўтараў чытаю доўга, вяртаюся да іх, некаторыя кнігі ляжаць пад рукой на стале ўсё жыцьцё, часьцей, гэта паэзія.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Стаўлю патрэбную мне кнігу на відным месцы, пасьля яна застаўляецца іншымі кнігамі. Калі кніга завалілася, а мне яна спатрэбілася, я зьвяртаюся за дапамогай да св. Антонія — трэба папрасіць або зірнуць на абразок і ўздыхнуць.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Мае знаёмыя, гэта «кампанія з сацыяльных службаў з праверкай», які-небудзь лейтэнант міліцыі Бялко… бо я ў такіх гадах, што мяне трэба ім правяраць, і ўвогуле я ім не падабаюся… Калі яны могуць уварвацца самі, бо кватэра ранкам не замкнёна на ключ, то яны без майго дазволу разыходзяцца па ўсіх закутках і задаюць пытаньні: Почему? Зачем? І лепш іх не злаваць. На кнігі яны глядзяць, як на сьмецьце ў кватэры, якога не павінна быць….
На маіх паліцах ёсьць кнігі, якіх, магчыма, няма ў менскіх аматараў, гэта
мала вядомыя ў сталіцы аўтары: «Маўклівыя сумныя птушкі» і «Дзён маіх лепшыя дні» Венанцы Бутрыма (выдала жонка Інэса пасьля сьмерці аўтара); «А музыка гучала» Веры Вайцюль; вершы і ўспаміны Аляксея Белага, асаблівая цаню яго кнігу «Ад Грыўды да Гендвіка», 2014; «Ліпічанская пастка» Францішка Канановіча, 2017; «Кароткая гісторыя Беларусі, паэзія»; «На дзікай прэрыі між Котрай, Гаўяй і Шчарай», «Плянэта» (вершы і гістарычныя эсэ) Алеся Чобата. Кнігі горадзенскіх паэтаў, якія загінулі, памерлі: Андрэя Пяткевіча «Шчасьлівым сканаць», 2018; Эдзіка Мазько «Займеньнікі», 2012; Юрася Гуменюка «Вуліца тыгровых архідэяў» і «Назавіце мяне геніем»; «Пыл саркафагаў» Яна Збажыны; «Судьба» Рудольфа Пастухова…
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
«Выбраныя творы» з сэрыі «Беларускі кнігазбор» пад парадкавым нумарам 88, выд. «Беларуская навука», 2016. Гэта падарунак ад Кастуся Цьвіркі, які не забыў пра мяне, ацаніў маю працу. Ад выдавецтва «Про Хрысто» атрымала «Новы Запавет», пераклад з арыгінальнай мовы, 2018, а да 80-годзьдзя яны выдалі невялікім накладам мае вершы «Дайсьці да Каложы».
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Не магу назваць аднаго героя ці антыгероя. Усе дзяўчаты, жанчыны нашых дарагіх мне клясыкаў — Бандароўна, Паўлінка, Ядвіся, Вераніка, Дзяўчынка з паэмкі «У вёсцы», Ганна Чарнушка, гераіні Брылёвай лірычнай прозы, Карпюкова Данута… яны ўсе мае ўлюбёныя.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Я мала чытала і ў дзяцінстве, і ў маладосьці, і на працягу ўсяго жыцьця. З дзяцінства гэта былі віленскія часопісы лацінкай, якія аднекуль прыносілі тата і сястра Рэня. Я адтуль на слых запамінала вершы. У зімовыя вечары пры лучыне тата чытаў уголас трылёгію Сянкевіча «Агнём і мячом», «Патоп», «Пан Валадыёўскі», «Гражына» і «Конрад Валенрод» Адама Міцкевіча, я іх ведала. На беларускай мове я чытала і ведала напамяць вершы з тых каляндарыкаў, якія абрываліся кожны дзень. Першая кніга, якая мяне ўразіла да глыбіні, урасла ў маю душу і цела — гэта томік Янкі Купалы, які настаўнік Урбановіч перадаў сястры Рэні. Я не хадзіла ў школу, але ўмела чытаць. Паэму «Бандароўна», гэтае месца «Бегла поле і другое, узьбегла і на трэцьце…», якраз я і бегла з вёскі па сьцежцы праз жыта, і прыняла гэты Купалаў знак як «прывітаньне спакою».
Каралева правінцыі сьвятога Францішка
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Не хачу нікога прымушаць чытаць!
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Рэальна на вечарыну я запрашу Марыю Новік, Сьвятлану Варонік, Алёшу Белага, са сталіцы — Хрысьціну Лялько, Аліну Новікаву, Ліду Камінскую. І яны прыедуць.
Я жыву ў такіх умовах, што цешуся ўсімі, хто да мяне прыходзіць ці прыяжджае. У мінулым жыцьці запрашала, або яны мяне запрашалі, Ларысу Геніюш, Васіля Быкава і Аляксея Карпюка. І прыяжджалі. Я шчасьлівая, што слухала і працавала сумесна з Валодзем Караткевічам, Янкам Брылём і Ўладзімерам Калесьнікам, Мацеем Юзафам Канановічам. І цяпер я іх запрашаю містычна на свае начное сумоўе.
І прыяжджалі ў Горадню Данчык, Сяржук Сокалаў-Воюш, Кастусь Тарасаў.
Калі б зноў сабраць вялікую залю, я запрасіла б Янку Купалу, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Запрасіла б я і сьвятога Францішка з Асізі з яго братамі меншымі сьвятым Антоніем і Дамінікам, з сяброўкай Яго сьвятой Кларай.
Нядаўна сьвятар Павал Касьпяровіч запрашаў Алеся Разанава, я слухала яго і пачытала некалькі вершаў сваіх… І Павал Севярынец прэзэнтаваў у Горадні свой раман, таксама мяне запрашаў.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Пра маю творчасьць пішуць Хрысьціна Лялько, Лідзія Камінская, Анатоль Брусевіч і Марыя Новік. Удзячная ім.
У мінулым стагодзьдзі пісалі Тамара Чабан, Варлен Бечык, Іван Рубін, Рыгор Бярозкін, Уладзімер Калесьнік… За іх душы малюся.
Што вы перачытваеце?
Усё жыцьцё перачытваю «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, перачытваю Чэслава Мілаша, Яна Паўла ІІ, Яна Твардоўскага. Перачытваю «Кветачкі сьвятога Францішка» ў перакладзе на польскую мову Леапольда Стаффа, 1978. Кнігу Войцеха Вішнеўскага «Размовы з Тамашам Занам. Астатні з роду. Кніга-дыялёг…» Польскіх паэтак Марыю Канапніцку, Казімеру Ілаковіч, Віславу Шымборску, Анку Кавальску. Эўгеніюша Кабаца, польскага пісьменьніка родам з Ваўкавыска.
Усё жыцьцё чытаю Ўолтэра Мэя… Люблю чытаць Кастуся Тарасава.
Перачытваю кнігу Вячаслава Ракіцкага «Сто адрасоў свабоды». Перачытвала «Вершалін» Уладзімера Паўлючука, пакуль кніга ня зьнікла. Перачытваю Henri J. M. Nouwen’a, маю ўсе яго кнігі, люблю яго «Перамяні маю жальбу ў танец», «Па той бок люстэрка», «Год шабасовы». Для натхненьня чытаю Томаса Мэртана, але маю яго «Семена созерцания» на расейскай мове.
Найчасьцей перачытваю для даведак кнігу «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» і «Гродназнаўства», «Гарадзенская бібліятэка», 2012.
Кожны дзень чытаю малітоўнікі. «Новы Запавет», новае выданьне. Гэта і чытаньне, і маленьне. Учора чытала «Апакаліпсіс сьвятога Яна». Усё думаю над гэтымі лікамі, ня ведаю, дзе пра многіх прачытаць… Люблю перачытваць лісты апостала Паўла. Чытаю «Біблію» у перакладах айца Ўладзіслава Чарняўскага. Чытаю і перачытваю беларускую клясыку. Перачытваю вершы Ўладзімера Някляева, асабліва яго «Лісты да Волі»…
Ёсьць у маім зборы часопіс «Літаратура на сьвеце» на польскай мове, некаторыя яго нумары перачытваю зноў і зноў, і калі трапляецца, стараюся набыць і новыя. Чытаю ўважліва і перачытваю часопісы «Наша вера», «Ave Maria», «W drodze».
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Увогуле, ня маю ніякіх плянаў. Буду чытаць. І ведаю, што мае сябры прышлюць створанае імі, і мой унук мяне пацешыць новымі творамі.