Дырэктар «Мальмё» пра зьніклыя ручнікі: «Можа, беларусам сапраўды патрэбныя гэтыя рэчы?»

Ілюстрацыйнае фота. Беларускі хакейны клюб «Юнацтва»

Генэральны дырэктар швэдзкага хакейнага клюбу «Мальмё» Патрык Сыльвэгард заявіў, што клюб ня мае ніякіх прэтэнзіяў да беларускага «Юнацтва» адносна зьнікненьня рэчаў з гасьцявой распранальні стадыёну, паведамляе «Прессбол».

Паводле Сыльвэгарда, ён папрасіў мэнэджара па экіпіроўцы Андзі Фагерстрэма выдаліць фота, якія той зьмясьціў у сацсетках пасьля таго, як выявіў, што з распранальні зьніклі ручнікі, шампуні, чайнік, перавязачны матэрыял.

«Прадстаўнікі „Юнацтва“ паступілі нядобра, узяўшы ўсё гэта. Гэта ненармальна. Але не скажу, што для нас гэта сур’ёзная праблема. Ніякіх крыўдаў і прэтэнзій да менскага клюбу няма. Проста швэдзкія клюбы так ніколі ня робяць», — сказаў гендырэктар «Мальмё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкі хакейны клюб абвінаваціў менскае «Юнацтва» ў крадзяжы ручнікоў, чайніка і шампуню

Ён ня хоча разьдзімаць з таго, што здарылася, скандал, бо гэта ўсё ж «дробнае здарэньне».

«Арганізатары Лігі чэмпіёнаў у курсе таго, што здарылася — бо іх прадстаўнікі былі на матчы і ўсё бачылі. Але я не хачу, каб „Юнацтва“ была неяк пакарана. Можа, беларускаму клюбу сапраўды патрэбныя ўсе гэтыя рэчы?» — сказаў Сыльвэгард.

Клюбы ня маюць прэтэнзіяў адзін да аднаго

Пазьней на афіцыйным сайце беларускага хакейнага клюбу «Юнацтва» зьявілася паведамленьне, што за дзьве гадзіны да чарговага матчу Лігі чэмпіёнаў паміж камандамі «Юнацтва» і «Мальмё» адбылася сустрэча гендырэктара швэдзкага клюбу Патрыка Сыльвэгарда з выконваючым абавязкі старшыні «Юнацтва» Аляксеем Торбіным.

Па выніках сустрэчы «клюбы прыйшлі да высновы, што апошнія ўкіды ў СМІ не адпавядаюць рэчаіснасьці, як пра гэта раней заяўляў старшыня хакейнага клюбу „Юнацтва-Мінск“ — Аляксей Торбін, чые словы і пацьвердзіліся на сустрэчы», гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні. Было вырашана, што клюбы ня маюць прэтэнзіяў адзін да аднаго.

На сустрэчы таксама прысутнічалі гендырэктар хакейной Лігі чэмпіёнаў Марцін Баўман і прадстаўнікі Фэдэрацыі хакея Беларусі.

Пасьля матчу Лігі чэмпіёнаў зь беларускім клюбам «Юнацтва» мэнэджар хакейнага клюбу «Мальмё» Андзі Фагерстрэм зьмясьціў у закрытым твітэр-акаўнце фатаграфіі гасьцявой распранальні і напісаў, што выявіў прапажу ручнікоў, шампуню і чайніка.

Патрык Сыльвэгард у інтэрвію найбуйнейшай газэце Швэцыі Aftonbladet таксама паскардзіўся на крадзеж рэчаў з распранальні і дадаў, што гульцы «Юнацтва» паводзілі сябе непрымальна і ў гатэлі.

Выконваючы абавязкі старшыні беларускага клюбу «Юнацтва» Аляксей Торбін абверг гэтую інфармацыю, назваўшы яе фэйкам, і заявіў, што менскі клюб будзе патрабаваць ад «Мальмё» афіцыйных прабачэньняў.