Міністэрства абароны Беларусі 6 верасьня пацьвердзіла, што днём раней у адной з частак Слонімскага гарнізону ўчыніў самагубства шараговец А.В. Арлоў.
А. В. Арлову было 20 гадоў, яму заставалася служыць крыху больш за паўгода. Па факце самагубства Сьледчы камітэт распачаў праверку, у вайсковай частцы працуе камісія Мінабароны.
Папярэдне Мінабароны сьцьвярджае, што «прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы».
Сайт hronika.by 5 верасьня паведамляў пра самагубства вайскоўца ў частцы 33933 у Слоніме са спасылкай на відавочцаў. Сьцьвярджалася, што юнак зачыніўся і павесіўся ў памяшканьні, дзе захоўваліся інструмэнты. Прычыны не называліся.
У 2013 годзе ў гэтай часьці было падобнае здарэньне: павесіўся 20-гадовы салдат. Вэрсіяй Сьледчага камітэту быў суіцыд праз сварку салдата зь ягонай дзяўчынай, ды і сама дзяўчына казала, што ў гэта ня верыць, і бацькі салдата заяўлялі, што ня вераць у гэтую вэрсію. У канцы 2017 году журналісты «Газэты Слонімскай» давалі тлумачэньні міліцыі і перажылі праверку «наглядальнай камісіі» пасьля публікацыі аб магчымай дзедаўшчыне ў часьці.
Здарэньне адбылося на тле «справы Коржыча», падчас якой выкрыліся шматлікія факты дзедаўшчыны ў розных вайсковых часьцях Беларусі. Пры тым, што Сьледчы камітэт паведамляў, што цела салдата знайшлі «ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай», сьледзтва пазьней пастанавіла, што гэта быў суіцыд. Саслужыўцы ў гэта не паверылі.